Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэта — рэфэрэндум


Валянцін Асташынскі, Вінцук Вячорка, Яўген Кулік, Валянцін Голубеў, Мікалай Крыжаноўскі на Сойме БНФ. 1992, фота Ўл. Сапагова
Валянцін Асташынскі, Вінцук Вячорка, Яўген Кулік, Валянцін Голубеў, Мікалай Крыжаноўскі на Сойме БНФ. 1992, фота Ўл. Сапагова

У “Бібліятэцы Свабоды. XXI стагодзьдзе” выйшла кніга Сяргея Навумчыка “Дзевяноста другі”. Прапануем фрагмэнты з кнігі.

У Беларусі палітычны 1992 год пачаўся на тры дні раней за каляндарны.

У адзін з апошніх дзён гістарычнага 1991-га, 29 сьнежня, адбылося нечарговае пасяджэньне Сойму БНФ. Я на ім не прысутнічаў — быў у Англіі і пра вынікі даведаўся пазьней з расповедаў і з паведамленьня Сакратарыяту БНФ.

У сваім выступе Зянон Пазьняк нагадаў, што Вярхоўны Савет не ідзе на стварэньне ўласнага войска, паўнавартаснай грашовай адзінкі, замаруджваюцца эканамічныя рэформы. Пазьняк паведаміў, што ў такіх умовах Апазыцыя БНФ ініцыюе рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах.

Намесьнік старшыні Сойму Юры Хадыка выказаўся за тое, каб Народны Фронт мацаваў сувязь са страйкамамі і падрыхтаваў эканамічную праграму. Паводле перакананьня Хадыкі, дэпутаты Апазыцыі БНФ ужо цяпер павінны спыніць супрацоўніцтва зь Вярхоўным Саветам. Такая прапанова, канешне, не магла быць прынятая хаця б таму, што мы ўнесьлі ў парлямэнт шэраг ключавых для дзяржаўнага будаўніцтва законапраектаў, якія (ці хаця б нейкія палажэньні зь іх) немагчыма было прыняць без удзелу дэпутатаў-фронтаўцаў у камісіях і, пазьней, на сэсіі.

Сойм прызначыў каардынатарам Ініцыятыўнай групы Ўладзімера Анцулевіча — З7-гадовага навуковага супрацоўніка Інстытуту фізыкі Акадэміі навук, кандыдата фізыка-матэматычных навук.

На Сойме выказваліся за супрацоўніцтва ў справе рэфэрэндуму зь іншымі дэмакратычнымі партыямі — кіраўнікі некаторых партыяў былі запрошаныя на пасяджэньне. Адзін зь лідэраў сацыял-дэмакратычнай Грамады і першы намесьнік старшыні Менскага гарадзкога савету Анатоль Гурыновіч выступіў з крытыкай ідэі рэфэрэндуму: ён лічыў, што Вярхоўны Савет ні пры якіх умовах не дазволіць ягонае правядзеньне. У адказ на гэта Пазьняк сказаў, што калі такое адбудзецца, Народны Фронт і дэпутацкая апазыцыя атрымаюць маральнае права фарміраваць паралельныя органы ўлады.

Пра тое, што Вярхоўны Савет можа не прызначыць рэфэрэндум, даводзілася чуць і пазьней. Цяпер, калі вядомае далейшае разьвіцьцё падзеяў, такі прагноз выглядае як найменей слушным, калі не прароцкім. Але ў пачатку 1992-га такі варыянт падаваўся нерэальным, пры ўмове, што належная колькасьць подпісаў будзе сабраная ў адпаведнасьці з законам. Больш за тое — такі варыянт уяўляўся фантастычным. Мне ён не прыходзіў у галаву. Як, напрыклад, тады, праз паўгода пасьля краху КПСС, немагчыма было ўявіць, што кіраўніком суседняй Расеі некалі будзе падпалкоўнік КДБ. Што Расея нападзе на Ўкраіну. Як ніхто не паверыў бы ў тым самым 1992 годзе, калі мы галасавалі за вывад ядзернай зброі, што гарантыі Злучаных Штатаў у адносінах да сувэрэнітэту для будучай прэзыдэнцкай адміністрацыі ЗША будуць эквівалентнымі пастаўцы сухіх пайкоў сьцякаючай крывёю Ўкраіне.

Гэтаму было псыхалягічнае тлумачэньне — распалася камуністычная імпэрыя, людзі жылі надзеяй (ва ўсякім разе, эканамічныя цяжкасьці ня зьнішчылі яе ў прыхільнікаў дэмакратыі). Здавалася, што далей можа быць толькі лепей, што вяртаньне да цемрашальства — і палітычнага, і ідэйнага — немагчымае.

Праект закону аб рэфэрэндуме быў распрацаваны дэпутатамі Апазыцыі БНФ (кіраваў працай Лявон Баршчэўскі), але быў адкінуты парлямэнцкай большасьцю. Прынялі варыянт, падрыхтаваны ў апараце Вярхоўнага Савету. Нам толькі ўдалося ўнесьці некаторыя свае папраўкі.

Закон прадугледжваў, што на рэспубліканскі рэфэрэндум «могуць выносіцца найбольш важныя пытаньні, якія закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь». Адначасна артыкул 3-ці Закону адназначна забараняў выносіць на рэфэрэндум «пытаньні, якія парушаюць неад’емныя правы народу Рэспублікі Беларусь на сувэрэнную нацыянальную дзяржаўнасьць, дзяржаўныя гарантыі існаваньня беларускай нацыянальнай культуры і мовы...»

(У дужках заўважу, што у 1995 годзе і пазьней некаторыя папракалі дэпутатаў апазыцыі, што, маўляў, сабе на шкоду ініцыявалі Закон аб рэфэрэндуме: ім скарыстаўся ў антыбеларускіх мэтах Лукашэнка. Але, па-першае, такі закон быў бы прыняты і без прапановаў апазыцыі — ён стаяў у плянах працы Вярхоўнага Савету. Па-другое, Лукашэнка якраз парушыў закон (і Канстытуцыю таксама): цытаваныя вышэй палажэньні Закону наўпрост забаранялі выносіць на рэфэрэндум пытаньні аб статусе беларускай мовы (было нават адмысловае заключэньне парлямэнцкай камісіі па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны), дый пытаньне пра эканамічную інтэграцыю з Расеяй відавочна супярэчыла «неад’емным правам на сувэрэнную нацыянальную дзяржаўнасьць». Усе аргумэнты супраць антыканстытуцыйнага і антызаконнага рэфэрэндуму былі выкладзеныя дэпутатамі Апазыцыі БНФ на сэсіі Вярхоўнага Савету, больш падрабязна пра гэта я пішу ў кнізе «Дзевяноста пяты»).

Ініцыяваць рэфэрэндум мелі права грамадзяне Беларусі, Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету, Старшыня Вярхоўнага Савету і народныя дэпутаты Рэспублікі Беларусь.

Як жа рэалізоўвалася гэтае права?

Для ініцыяваньня дэпутатамі трэба было жаданьне адной траціны ад агульнай колькасьці дэпутацкага корпусу. Такая ініцыятыва магла быць выказаная альбо пайменным галасаваньнем на сэсіі (што заняло б некалькі хвілінаў), альбо зборам подпісаў дэпутатаў (у часе сэсіі, тэарэтычна, гэта можна было зрабіць за дзень). У перапынках, калі большасьць дэпутатаў не была ў Менску — на практыцы спатрэбілася б пара тыдняў. Зразумела, усё гэта — пры ўмове, што дэпутаты былі б згодныя ініцыяваць рэфэрэндум.

Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету ў гэтым, як і ва ўсіх іншых выпадках, прымаў рашэньне большасьцю галасоў ад прысутных на пасяджэньні (у склад Прэзыдыюму ўваходзілі старшыня Вярхоўнага Савету, ягоныя першы намесьнік і намесьнікі і старшыні пастаянных камісіяў Вярхоўнага Савету. У самым пачатку 1992 году колькасьць членаў Прэзыдыюму складала 23 члены (пакуль не было занятае вакантнае месца першага намесьніка старшыні).

Са старшынём парлямэнту таксама ўсё проста: дастаткова было ягонай ініцыятывы — пяць сэкундаў на подпіс.

Прапановы Прэзыдыюму, дэпутатаў і старшыні Вярхоўнага Савету павінны былі прайсьці пэўныя працэдуры — але яны мелі фармальны характар і не ўяўлялі для ініцыятараў цяжкасьцяў.

Для грамадзянаў краіны прадугледжваліся наступныя ўмовы.

Каб ініцыятыва была прынятая, яна мусіла быць падтрыманая ня менш чым 350 тысячамі грамадзянаў, якія мелі права голасу.

Мусіла быць утвораная і належным чынам аформленая Ініцыятыўная група — ня менш за 100 чалавек. Яна абірае старшыню.

Затым Ініцыятыўная група зьвяртаецца ў Цэнтральную камісію па выбарах народных дэпутатаў рэспублікі Беларусь (яна праводзіла і рэфэрэндумы; у далейшым я буду ў большасьці выпадкаў называць яе Цэнтральная камісія) для рэгістрацыі пытаньня, якое выносіцца на рэфэрэндум.

Само пытаньне, як сказана ў Законе, «павінна быць сфармулявана Ініцыятыўнай групай дакладна і ясна з тым, каб на яго быў магчымы адназначны адказ». Пры гэтым закон дазваляў удакладненьне фармулёўкі пытаньня — са згоды Ініцыятыўнай групы.

Пасьля гэтага свой вэрдыкт адносна фармулёўкі пытаньня выносіла адпаведная пастаянная камісія Вярхоўнага Савету, і тады Цэнтральная камісія выносіла рашэньне пра рэгістрацыю Ініцыятыўнай групы.

Пасьля гэтага Ініцыятыўная група прыступала да збору подпісаў. Заканадаўства вызначала форму падпіснога ліста — ён утрымліваў фармулёўку пытаньня, якое выносілася на рэфэрэндум, прозьвішча, імя і імя па бацьку асобы, якая зьбірала подпісы, нумар ягонага рэгістрацыйнага пасьведчаньня. Грамадзяне, якія ставілі подпіс, павінны былі пазначыць прозьвішча, імя, імя па бацьку, дату нараджэньня, месца жыхарства і рэквізыты пашпарта альбо дакумэнта, які яго замяняў, і дату подпісу.

Кожны падпісны ліст, паводле закону, мусіў быць завераны зборшчыкам подпісаў і старшыні Ініцыятыўнай групы. Пазначалася колькасьць подпісаў на гэтым лісьце. Нарэшце, кожны ліст мусіў быць завераны «пячаткай выканаўчага і распарадчага органу гарадзкога, раённага ў горадзе, пасялковага, сельскага Савету народных дэпутатаў».

Подпісы Ініцыятыўная група мела права зьбіраць цягам двух месяцаў з моманту яе рэгістрацыі.

Пасьля Ініцыятыўная група павінна была скласьці Заключны акт і разам з падпіснымі лістамі перадаць яго ў Цэнтральную камісію.

Калі цягам вызначаных двух месяцаў неабходную колькасьць подпісаў сабраць не ўдаецца — збор іх спыняецца, сабраныя подпісы страчваюць юрыдычную сілу. Зрэшты, ініцыятыву адносна таго самага пытаньня на рэфэрэндум можна было паўтарыць — але не раней чым праз год.

У выпадку ўдалага збору подпісаў (гэта значыць — ня менш як 350 тысячаў) — Цэнтральная камісія пачынала іх праверку. На гэта даваўся адзін месяц.

Закон прадугледжваў, што калі Цэнтральная камісія выяўляла ў падпісных лістах недакладнасьці альбо нязначны недахоп подпісаў (да 0,5% — гэта значыць, да 1750 подпісаў), яна мусіла інфармаваць пра гэта Ініцыятыўную групу і даць ёй 15 дзён «для выпраўленьня выяўленых недаглядаў».

У выпадку выяўленьня парушэньня закону («падробка подпісаў грамадзянаў альбо запісаў, якія засьведчваюць праўдзівасьць подпісаў, парушэньня прынцыпу добраахвотнасьці пры зборы подпісаў і г. д.») Цэнтральная камісія мела права адхіліць прапанову аб правядзеньні рэфэрэндуму. Ініцыятыўная група магла абскардзіць гэтае рашэньне цягам месяца ў Вярхоўным Судзе.

Калі Цэнтральная камісія не знаходзіла парушэньня закону і прызнавала сапраўднай належную колькасьць подпісаў — яна перадавала сваё заключэньне разам з заключным актам Ініцыятыўнай групы ў Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету, а ў часе сэсіі — яго Старшыні. Пры гэтым артыкул 13 Закону прадугледжваў, што «пытаньне аб правядзеньні рэфэрэндуму ўключаецца ў парадак дня чарговай сэсіі Вярхоўнага Савету».

Функцыі Вярхоўнага Савету у гэтым выпадку былі ляканічна і дакладна вызначаныя ў Законе артыкулам 14: «Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь пасьля атрыманьня аформленай у належным парадку прапановы аб правядзеньні рэфэрэндуму разглядае пытаньне аб прызначэньні даты рэфэрэндуму і мерах па яго забесьпячэньні або аб неабходнасьці прыняцьця закону ці іншага рашэньня, якое прапануецца на рэфэрэндум, безь яго правядзеньня. У выпадку парушэньня гэтага Закону ініцыятарамі рэфэрэндуму Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь мае права адхіліць прапанову аб правядзеньні рэфэрэндуму».

І гэта — усё, што мог зрабіць, паводле Закону, Вярхоўны Савет: альбо прызначыць дату рэфэрэндуму, альбо адхіліць прапанову пра яго правядзеньне. Апошняе — толькі ў тым выпадку, калі быў парушаны Закон (трэба прызнаць, што такі варыянт быў маларэальны, паколькі ў выпадку парушэньня Закону Ініцыятыўнай групай адмоўны вэрдыкт вынесла б яшчэ Цэнтральная камісія і, адпаведна, ня ўнесла б дакумэнты аб рэфэрэндуме ў Вярхоўны Савет).

Быў і трэці варыянт: прыняць рашэньне, якое адпавядала б пытаньню рэфэрэндуму. У нашым канкрэтным выпадку гэта азначала прыняць прапанаваны Апазыцыяй БНФ Закон аб выбарах і прызначыць на восень 1992 новыя парлямэнцкія выбары. Калі сыходзіць з практыкі (законы звычайна праходзілі два чытаньні), на гэта спатрэбілася б ня больш за месяц. Канешне, пры жаданьні большасьці дэпутатаў.

Наступны артыкул закону вызначаў, што павінна быць унесена ў Пастанову Вярхоўнага Савету (дата рэфэрэндуму, фармулёўка пытаньня, парадак фінансаваньня і іншыя арганізацыйныя пытаньні) — і на гэтым функцыі парлямэнту заканчваліся. Закон вызначаў таксама, што станоўчае рашэньне абавязковага рэфэрэндуму ня мае патрэбы ў зацьвярджэньні (гэта значыць — Вярхоўным Саветам або кімсьці яшчэ), яно падпісваецца старшынём Вярхоўнага Савету, зьяўляецца канчатковым і можа быць скасаванае толькі шляхам рэфэрэндуму. У выпадку, калі рашэньне абавязковага рэфэрэндуму супярэчыла рашэньню парлямэнту — дзейнічала рашэньне рэфэрэндуму (а вось рашэньне кансультатыўнага рэфэрэндуму мела рэкамэндацыйны характар).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG