Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчы закон БНФ: прафэсійны парлямэнт і партыйныя сьпісы


Авальная заля, фота Ул. Сапагова
Авальная заля, фота Ул. Сапагова

Пасьля абвяшчэньня ў жніўні 1991-га Незалежнасьці неабходнасьць выбараў новага найвышэйшага заканадаўчага органу ўлады зрабілася першаснай мэтай.

У «Бібліятэцы Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста другі». Прапануем фрагмэнты з кнігі.

Мажарытарная сыстэма (выбары дэпутатаў па акругах) ва ўмовах Беларусі — і ў 1992-м, і пазьней, як і ва ўсіх краінах з адсутнасьцю дэмакратычных традыцый і рэальнага падзелу ўладаў, мела істотныя недахопы. Галоўны зь іх — вялікая залежнасьць кандыдата, а затым і дэпутата, ад органаў улады — як мясцовых, гэтак і цэнтральных.

Пазбавіць дэпутата залежнасьці ад мясцовай улады

Прычына — у кантролі ўлады над выбаршчыкамі. Маю на ўвазе не працэдуру вылучэньня і падліку галасоў (хоць і гэта было), а фармаваньне грамадзкай думкі адносна кандыдата ці дэпутата.

Напрыклад, пасьля маёй перамогі на выбарах у сакавіку 1990-га мясцовае віцебскае начальства на нейкія просьбы жыхароў Чыгуначнага раёну (ён цалкам супадаў зь межамі маёй акругі) адказвала: «Вы абралі Навумчыка — цяпер да яго і зьвяртайцеся, каб ён дапамог вам адрамантаваць дарогу». Пазьней, калі наладзіліся адносіны са старшынём райвыканкаму (я сапраўды дапамагаў яму «выбіваць» у Саўміне ці Дзяржснабе патрэбныя для камунальнікаў матэрыялы), такіх заяваў зрабілася меней. Але паводле расповедаў дэпутатаў-фронтаўцаў, ведаю, што ў некаторых адносіны зь мясцовым начальствам ня склаліся, і ледзь ня ўсе недахопы ў раёне «вешалі» на іх.

Вось гэтая патрэба пастаянна займацца «надзённымі праблемамі» акругі (капітальны рамонт жытла, пракладка новай каналізацыі, асфальтаваньне дарогі, сьпіс можа атрымацца вельмі даўгі) — займала шмат часу. І, канешне, ішла на карысьць выбаршчыкам. Толькі трэба ўлічыць, што шыфэр, які ты «выбіў» у намесьніка старшыні Дзяржснабу, мог бы пайсьці на такія самыя патрэбы іншай акругі, дзе дэпутат быў менш спрытны (праўда, у пачатку 1990-ых была вялікая верагоднасьць, што той самы шыфэр паводле карупцыйнай схемы быў бы прададзены ў некалькі разоў даражэй камэрцыйнай фірме, а грошы начальства і прадпрымальнік падзялілі б паміж сабой).

Існавала і безьліч прыватных праблемаў у выбаршчыкаў — ад традыцыйнай адсутнасьці жытла да канфліктных сытуацыяў з начальствам (альбо са сьвятаром — у адным выпадку мне нават давялося зьвяртацца да мітрапаліта Філарэта; ён паставіўся да просьбы ўважліва і дапамог).

І ня так ужо й рэдка можна было пачуць: «Вы там у Менску займаецеся сваёй палітыкай — лепш бы нам, простым людзям, тут дапамагалі!» Канешне, у людзей была свая праўда — ды вось толькі ня кожны разумеў, што бяз гэтай самай «палітыкі» немагчыма наладзіць жыцьцё «простым людзям».

Увогуле мушу прызнацца, што ў нейкі момант я зразумеў, што калі буду займацца выключна праблемамі акругі — ператваруся ў «таўкача» (была такая неафіцыйная прафэсія за савецкім часам на кожным вялікім прадпрыемстве — чалавек езьдзіў па ўсім Саюзе і «выбіваў» патрэбныя матэрыялы, запчасткі, альбо «сватаў» прадукцыю роднага заводу). І ні на што іншае (на тую самую палітыку) сілаў ужо не застанецца. Але — нікуды ня дзенесься, мусіў займацца.

Цяпер я разумею, што тыя клопаты былі на карысьць і мне, і іншым калегам-дэпутатам. Быў назапашаны досьвед дзеяньняў у неспрыяльных умовах, досьвед перамоваў зь людзьмі, якія часта ставіліся да цябе апрыёры падазрона, выпрацавалася здольнасьць хутка разьбірацца ў нейкіх невядомых табе галінах. Увогуле, дэпутаты Апазыцыі БНФ у завяршэньні кадэнцыі Вярхоўнага Савету ўяўлялі сабой абсалютна ўнікальную групу сапраўдных палітыкаў з досьведам дзяржаўнай дзейнасьці, якой Беларусь ніколі (ва ўсялякім разе, за апошнія стагодзьдзі) ня мела. Такі досьвед немагчыма было атрымаць у акадэміях, на звычайнай дзяржаўнай службе, хай і на вельмі высокіх пасадах — альбо ў апазыцыйнай партыі. Ён набываўся толькі сумяшчэньнем палітычнай апазыцыйнай дзейнасьці ў парлямэнце, рэгулярнымі сустрэчамі з выбаршчыкамі і досьведам будаўніцтва новаўтворанай дзяржавы.

Вызначэньне «апазыцыйнай» я дадаю таму, што праўладныя дэпутаты пераважна выконвалі волю кіраўніцтва — фактычна, яны не прымалі палітычных рашэньняў. А дэпутатам апазыцыі гэтыя рашэньні даводзілася прымаць ледзь не штодня.

Гэта былі ўнікальныя трыццаць чалавек — але пасьля 1995 году іх досьвед ня быў скарыстаны. А новых, раўназначных ім палітыкаў, не зьявілася.

Але занятак будзённымі клопатамі «сваёй» акругі парадзіў у мяне глыбокае перакананьне, што ўсе гэтыя хай і вельмі важныя для людзей, але не палітычныя праблемы — ня справа дэпутата парлямэнту, гэтым павінны займацца муніцыпальныя дэпутаты.

Выбары – толькі паводле новага закону

Датэрміновыя выбары Беларускі Народны Фронт прапаноўваў праводзіць паводле новага выбарчага закону і паводле новых прынцыпаў, якія, як мы былі перакананыя, істотна прасунулі б Беларусь на шляху да дэмакратыі і падзелу ўладаў. Мы меркавалі, што датэрміновыя выбары маюць сэнс толькі тады, калі яны пройдуць менавіта паводле дэмакратычнага закону, і зусім лягічным выглядала зьвязаць гэтыя два пытаньні — новы закон і новыя выбары.

Прыняць такі закон мы імкнуліся адразу, як пачаў працу Вярхоўны Савет ХІІ скліканьня — яшчэ былі жывыя ў памяці недасканаласьці таго, паводле якога нас абіралі. Але камуністы адкідвалі гэтую прапанову. Пасьля абвяшчэньня ў жніўні 1991-га Незалежнасьці неабходнасьць выбараў новага найвышэйшага заканадаўчага органу ўлады зрабілася першаснай мэтай, і хоць парлямэнцкая большасьць на новыя выбары не пагаджалася — мы падрыхтавалі праект новага Закону аб выбарах. Які і прапанавалі вынесьці на рэфэрэндум.

У працы над Законам удзельнічалі, у той або іншай ступені, амаль усе дэпутаты Апазыцыі БНФ, але найбольш актыўна — Зянон Пазьняк, Галіна Сямдзянава. Працавала і група экспэртаў, якую ўзначальвала кандыдат юрыдычных навук Марына Сатоліна.

У чым жа палягалі асноўныя палажэньні нашага Закону, якія кардынальна мяняў выбарчую сыстэму?

Па-першае, іншым быў прынцып фармаваньня парлямэнту: Вярхоўны Савет абіраўся паводле мажарытарна-прапарцыйнай сыстэмы: палова дэпутатаў, як і раней, абіралася па акругах, палова — паводле партыйных сьпісаў.

Па-другое, скарачалася колькасьць дэпутатаў — ад 360 да 160.

Па-трэцяе, парлямэнт рабіўся прафэсійным. Гэта значыць, што адзіным месцам працы дэпутата быў Вярхоўны Савет.

Па-чацьвёртае, істотна мянялася сыстэма ўжо на ўзроўні рэгістрацыі выбаршчыкаў: уводзіўся прынцып добраахвотнай іх рэгістрацыі (у галасаваньні ўдзельнічалі толькі тыя грамадзяне Беларусі, якія самі выказалі такое жаданьне. І менавіта ад колькасьці зарэгістраваных выбаршчыкаў вылічваліся працэнты галасоў. пададзеных за кандыдатаў).

Нарэшце, у галасаваньні ня бралі ўдзел вайскоўцы. Ніжэй я падрабязна патлумачу кожнае з новаўвядзеньняў, але пра гэтае скажу адразу, бо ў чытача яно найхутчэй выкліча неразуменьне і непрыманьне. Справа ў тым, што ў 1992 годзе вайсковыя часткі, разьмешчаныя на тэрыторыі Беларусі, складаліся ня толькі з грамадзянаў Беларусі, і нават так: пераважна — не з грамадзянаў Беларусі. У СССР існаваў прынцып: салдаты накіроўваліся служыць ня ў тыя рэспублікі, зь якіх прызываліся. Напрыклад, у маім ракетным дывізіёне, які месьціўся ў Заслонаве Лепельскага раёну і складаўся з крыху больш чым сотні вайскоўцаў (прыблізна 90 салдат і 15 афіцэраў і прапаршчыкаў) і ў 1984-86, калі я там служыў, зь Беларусі быў толькі адзін салдат і толькі адзін афіцэр (аўтар гэтых радкоў). Большасьць — з Расеі, шмат хто зь Сярэдняй Азіі, з Украіны, некалькі чалавек з каўкаскіх рэспублік. Канешне, у 1992 годзе ўжо дзейнічаў Закон аб грамадзянстве, але з прычыны закрытасьці войска пракантраляваць яго выкананьне пры галасаваньні было вельмі цяжка. Нарэшце, у войску, дзе галоўным прынцыпам зьяўляецца «адзінаначальле», дзе салдаты і афіцэры цалкам залежныя ад камандзіра, нават пры самым што ні ёсьць незалежным міжнародным кантролі вынікі галасаваньня заўсёды будуць такія, як скажа камандзір (у арсэнале якога ёсьць безьліч спосабаў пакараць тое або іншае падразьдзяленьне, калі выявіцца, што нехта ў ім прагаласаваў ня так, як трэба).

Чаму трэба было зьменьшыць колькасьць акругаў

Ну а цяпер — пра іншыя аспэкты Закону.

Асаблівасьцю мажарытарнай сыстэмы ў Беларусі было тое (зрэшты, застаецца і цяпер, калі я пішу гэтыя радкі), што выканаўчая ўлада магла кантраляваць увесь выбарчы працэс, пачынаючы ад фармаваньня ўчастковых камісіяў і сканчаючы падлікам галасоў на ўчастках. У 1992 годзе кантроль быў, канешне, значна меншы, чым потым пры Лукашэнку, але існаваў. У Менску ці ў Наваполацку, дзе дэпутаты БНФ былі прадстаўленыя ў мясцовых саветах, Фронт меў болей магчымасьцяў супраціўляцца ціску — але ў шмат якіх гарадах і асабліва ў вясковых раёнах дэмакратам было вельмі няпроста.

На вясновых выбарах 1990 году ў Вярхоўны Савет ХІІ скліканьня ў правінцыі на выбар грамадзянаў уплывала здольнасьць кандыдата выканаць нейкую «канкрэтную карысную працу» — заасфальтаваць дарогу, дастаць шыфэр, «выбіць» для камунальных патрэбаў вельмі дэфіцытныя трубы (гэтыя трубы мне на просьбу старшыні «майго» Чыгуначнага выканкаму Віцебску даводзілася выпрошваць аж у Мясьніковіча — першага намесьніка старшыні Савету міністраў). Зразумела, што магчымасьці кандыдата ад улады — старшыні райвыканкаму або кіраўніка ведамства — былі непараўнальна большыя, чым выкладчыка альбо рабочага-актывіста страйкаму, якія вылучаліся ад БНФ або дэмакратычных партыяў.

Пра асноўныя палажэньні нашага выбарчага закону Марына Сатоліна распавяла ў першым нумары новай газэты «Пагоня», якая выходзіла ў Горадні пад рэдакцыяй Сяргея Астраўцова.

«Аўтары праекту Закону аб выбарах народных дэпутатаў Рэспублікі Беларусь» улічылі недахопы дзеючага заканадаўства, уласны вопыт удзелу ў выбарчых кампаніях, сусьветную практыку, — пісала Сатоліна. — Памяншэньне колькасьці дэпутатаў, перавод іх на прафэсійную парлямэнцкую працу дае, перш за ўсё, больш высокі якасны ўзровень прымаемых рашэньняў».

Мы невыпадкова прапанавалі зьменшыць колькасьць акругаў, і эканомія сродкаў на дэпутацкі корпус была зусім не галоўная прычына.

У Вярхоўным Савеце ХІІ скліканьня выбарчых акругаў было 310 — дарэчы, апошняй зь ліку, 310-й, была Шклоўская выбарчая акруга, па якой быў абраны дырэктар саўгасу «Гарадзец» Аляксандар Лукашэнка.

Паводле лёгікі, падзел на акругі мусіў вызначацца колькасьцю выбаршчыкаў і акругі мусілі б мець прыблізна роўную іх колькасьць. Аднак на самой справе гэты прынцып выконваўся толькі ў тым сэнсе, што гарадзкія акругі былі паміж сабой роўныя, і «вясковыя» былі паміж сабой роўныя (хоць здараліся і выключэньні). Але колькасьць выбаршчыкаў у гарадзкой акрузе (асабліва гэта тычылася Менску) магла быць большай за колькасьць у вясковай у паўтара, а то і ў два разы. Такім чынам, «вага» мандатаў была няроўная: за дэпутатам ад сталічнага «спальнага» раёну, Серабранкі ці Паўднёвага Захаду, ці Ўручча, выбаршчыкаў стаяла болей, чым за дэпутатам ад Лёзьненскага ці Глускага раёну, а мелі яны аднолькавы голас. Можна дадаць, што, як правіла, дэпутаты Апазыцыі БНФ былі абраныя ў гарадах, прадстаўнікі камуністычнай намэнклятуры — у вясковых раёнах. Такім чынам, за «сярэднеарытмэтычным» дэпутатам БНФ было больш выбаршчыкаў, чым за «сярэднеарытмэтычным» намэнклятурнікам.

Зрэшты, у гэтым не было б вялікай бяды (нідзе ў сьвеце акругі ня роўныя з матэматычнай дакладнасьцю, хоць такога дысбалянсу, як было ў нас, няма), калі б такі падзел не стварыў надзвычай спрыяльныя ўмовы для кантролю ўлады за выбарчым працэсам.

Я не агаварыўся, калі напісаў — «дэпутат ад Глускага раёну», хоць правільна было б — ад Глускай выбарчай акругі.

Як правіла, межы акругаў супадалі з адміністрацыйным падзелам Беларусі на раёны. У рэгіёнах адна акруга адпавядала аднаму раёну, у гарадах, дзе насельніцтва ў раёнах было болей (напрыклад, 300-тысячны Віцебск быў падзелены на тры раёны) у склад раёну часта ўваходзіла і па дзьве акругі. А ў Менску на дзевяць раёнаў прыпадала больш за 40 акругаў — у сярэднім, па чатыры на раён. Але адзін прынцып заставаўся нязьменным: акруга ўваходзіла ў адзін адміністрацыйны раён (наколькі я ведаю, акругаў, падзеленых паміж раёнамі, не было ўвогуле). Гэты прынцып захоўваўся традыцыйна яшчэ з самых першых скліканьняў Вярхоўнага Савету (пры тым што колькасьць дэпутатаў зьмянялася, напрыклад, ХІ скліканьне складалася з 485 дэпутатаў ад такой самай колькасьці акругаў, а наша, ХІІ-ае — з 310 (плюс 50 дэпутатаў ад грамадзкіх арганізацый). Выбары ў БССР, як і ва ўсім СССР, мелі фармальны характар, кандыдат быў адзін, за арганізацыю кампаніі адказвалі райкамы партыі, і такі падзел (супадзеньне акругі зь межамі кантраляванага райкамам раёну) істотна спрашчаў арганізацыю так званых выбараў.

З утварэньнем Народнага Фронту і пачаткам жорсткага супрацьстаяньня паміж ім і кіруючай камуністычнай партыяй, улада выкарыстоўвала сумяшчэньне выбарчых акругаў з адміністрацыйным падзелам для даволі эфэктыўнага кантролю за выбарамі. Магчымасьці былі разнастайныя і эфэктыўныя: сакратар райкаму мог сабраць кіраўнікоў прадпрыемстваў ды парткамаў і даць ім адпаведныя ўказаньні, такія самыя ўказаньні даваў начальнік райана (раённага аддзелу адукацыі) дырэктарам школаў (а ўчастковыя камісіі і выбарчыя ўчасткі звычайна месьціліся ў школах), начальнік міліцыі кантраляваў сваю сыстэму, упаўнаважаны КДБ — сваю. Ну і, канешне, апэратыўна дзейнічаў рэдактар раённай газэты, які звычайна ўваходзіў у склад бюро райкаму партыі. На карысьць «свайго» кандыдата чыноўнікі кідалі ўсё, што маглі — а маглі яны шмат. Адначасна ішла энэргічная кампанія (з падключэньнем мясцовай падкантрольнай прэсы) супраць непажаданага ўладам кандыдата ад БНФ. І вельмі зручнай для начальства была каардынацыя гэтай кампаніі з аднаго цэнтру. Тут ужо ўсялякія нестыкоўкі ці выпадковасьці выключаліся.

З сыходам у жніўні 1991-га камуністычнай партыі з палітычнай арэны функцыі райкамаў перайшлі да райвыканкамаў — але магчымасьці ўплыву мясцовай улады на вынікі выбараў у рэгіёнах, па-сутнасьці, засталіся тыя самыя.

Прынцып, прапанаваны намі, ламаў гэты сцэнар.

Стварэньне замест 310 усяго толькі 80 акругаў азначала, што ў рэгіёнах, у вясковых раёнах, дзе пазыцыі намэнклятуры былі найбольш моцныя, на адну выбарчую акругу прыпадала б па чатыры, а то і па пяць раёнаў. Гэта хоць і ня зводзіла магчымасьці мясцовага начальства кантраляваць выбары да нуля, але істотна іх зьмяншала.

Пазьней, пры Лукашэнку, замест Вярхоўнага Савету будзе створаная Палата прадстаўнікоў з 110 абраных па акругах дэпутатаў. Але пры той канцэнтрацыі непадзельнай улады, якую стварыў Лукашэнка, колькасьць ужо ня мела прынцыповага значэньня, як і супадзеньне ці несупадзеньне межаў акругаў з адміністрацыйным падзелам: навыкі здушэньня іншадумства і ўменьне фальсыфікацыі дасягнулі такіх памераў, якія і ня сьніліся кебічаўскім чыноўнікам.

Але тады, у 1992-м, нашая прапанова, калі б яна была рэалізаваная, мела б станоўчы вынік для дэмакратызацыі выбарчага працэсу.

Галасаваць – толькі тым, хто гэтага хоча

Рэвалюцыйнай была прапанова ўвесьці добраахвотную рэгістрацыю выбаршчыкаў. Ізноў працытую тлумачэньне кіраўніцы рабочай групы Марыны Сатолінай: «Закон аб выбарах павінен улічваць увесь спэктар палітычных правоў грамадзянаў, у тым ліку і права на сьвядомую адмову ад удзелу ў выбарах. Таму праект Закону распаўсюджвае паняцьце «выбаршчык» толькі на тых, хто мае права ўдзельнічаць у выбарах, а да таго ж выказаў такое жаданьне. Пасьля таго, як сьпісы выбаршчыкаў будуць складзеныя, у астатніх патэнцыяльных выбаршчыкаў застаецца магчымасьць узяць удзел у выбарах: у любы момант да дня галасаваньня можна ўключыць сваё прозьвішча ў дадатковы сьпіс. Як відаць, тут улічана ўсё: і абыякавасьць (пэўных грамадзянаў — С.Н.) да таго, хто будзе кіраваць дзяржавай, і сьвядомае нежаданьне ўдзельнічаць у выбарах, і жаданьне сказаць «так» ці «не» кандыдатам, партыям, рухам».

Сапраўды, такі падыход быў ляяльны да якой заўгодна грамадзянскай пазыцыі: і абыякавай, і зацікаўленай. І калі з палітычна актыўнымі грамадзянамі ўсё зразумела, дык пра абыякавых варта сказаць асобна.

Вярхоўны Савет ХІІ скліканьня, паводле Канстытуцыі, складаўся з 360 дэпутатаў. Але ад першага дня сэсіі — 15 траўня 1990 году да апошняга дня ягоных канстытуцыйных паўнамоцтваў 9 студзеня 1996-га (калі пачаў працу наступны Вярхоўны Савет) — заўсёды заставалася больш за дзесяць вакантных месцаў. Калі не памыляюся, максымальная колькасьць абраных дэпутатаў, якая калі-небудзь была — 346. Лічба мянялася — хтосьці складаў дэпутацкія паўнамоцтвы ( як, напрыклад, мітрапаліт Філарэт або касманаўт Кавалёнак), нехта прызначаўся міністрам ці віцэ-прэм’ерам і ня мог сумяшчаць працу з дэпутацтвам паводле закону, хтосьці адыходзіў у лепшы сьвет.

З выбарамі ад грамадзкіх аб’яднаньняў было проста: на чарговым пасяджэньні Савету вэтэранаў галасавалі за новага прадстаўніка, і на бліжэйшай сэсіі Вярхоўны Савет зацьвярджаў ягоныя паўнамоцтвы. А вось па акругах запоўніць вакантныя месцы было складана. У першыя пару гадоў па некалькіх акругах няспынна прызначаліся новыя выбары — і нязьменна дэпутат не абіраўся. Звычайна гэта тычылася менскіх акругаў, дзе ўлада мела меней магчымасьцяў бескантрольна сфальсыфікаваць вынікі. БНФ вылучаў сваіх кандыдатаў (так, на давыбарах балятаваліся і намесьнік старшыні Сойму БНФ Юры Хадыка, і будучы кіраўнік Ініцыятыўнай групы па рэфэрэндуме Ўладзімер Анцулевіч) — але выбары не адбываліся: на ўчасткі не прыходзіла патрэбнай колькасьці выбаршчыкаў (паводле закону, патрабавалася ня менш за 50%). У некаторых правінцыйных акругах, дзе начальству трэба было правесьці свайго кандыдата, патрэбная колькасьць ўдзельнікаў набіралася (ці, калі больш дакладна, яе «набіралі»), а ў Менску, дзе балятаваліся кандыдаты ад БНФ — не.

Гэты прынцып (для прызнаньня выбараў сапраўднымі трэба ўдзел ня менш як паловы выбаршчыкаў) застанецца і ў будучым — увосень 1994-га, калі прымаўся новы Закон аб выбарах, нягледзячы на прапановы Апазыцыі БНФ зьнізіць плянку ўдзелу, ужо пад ціскам Лукашэнкі Вярхоўны Савет пакінуў ранейшую колькасьць. Вынік быў тым, які і патрабаваўся прэзыдэнту ў ягоным імкненьні зьвесьці легітымнасьць парлямэнту да мінімуму: у траўні 1995 году па многіх акругах выбары не адбыліся, і новы Вярхоўны Савет быў даабраны толькі ў сьнежні.

Мы лічылі, што залежнасьць фармаваньня найвышэйшага заканадаўчага органу ўлады ад тых, хто абыякавы да будучыні гэтай дзяржавы — гэта пытаньне нават ня лёсу дэмакратыі, а нацыянальнай, дзяржаўнай бясьпекі. Сапраўды, адсутнасьць легітымнага парлямэнту ня толькі стварае ўмовы для дысбалянсу ў падзеле ўладаў (а часам і наўпрост узмацненьня аўтарытарызму), але і можа быць скарыстаная зьнешнімі сіламі, не зацікаўленымі ва ўмацаваньні дзяржаўнасьці краіны.

Гэты аспэкт мы таксама ўлічвалі, прапануючы свой варыянт Закону аб выбарах.

Дарэчы, на выбарах 1995 году галоўнай прычынай была нават ня нізкая яўка, а тое, што многім кандыдатам, якія па выніках выбараў лідзіравалі ў сваіх акругах, не ўдалося набраць больш паловы галасоў выбаршчыкаў (50% плюс адзін голас). Некаторым кандыдатам ад БНФ не хапіла некалькіх дзясяткаў галасоў. (Вось жа як не пашанцавала! Нешанцунак, праўда, быў сплянаваны прадстаўнікамі прэзыдэнцкай адміністрацыі і мясцовай уладай.)

Дык вось, у праекце, які Народны Фронт выносіў на рэфэрэндум у 1992 годзе, быў закладзены прынцып, які ня ставіў выбары ў залежнасьць ад апатычнай, абыякавай часткі грамадзтва — абраным лічыўся кандыдат, які набраў галасоў больш за супернікаў, але ня менш чым 25% ад агульнай колькасьці грамадзянаў, якія ўдзельнічалі ў галасаваньні.

Партыі – аснова палітычнай стабільнасьці

Другую палову дэпутатаў (80) мы прапаноўвалі абраць па партыйных сьпісах.

У 1992 годзе ў Беларусі склалася асаблівая сытуацыя з партыямі. Пасьля прыпыненьня 25 жніўня 1991 году дзейнасьці КПБ-КПСС самай вялікай і структураванай палітычнай арганізацыяй быў Беларускі Народны Фронт. У розныя часы называлася розная колькасьць ягоных членаў (хоць у 1992 годзе, калі яшчэ не была ўтвораная Партыя БНФ, фіксаванага членства не было). Таму даводзіцца карыстацца вызначэньнем «прыхільнікі», якое, зноў жа, можна разумець дваіста. Былі людзі, якія і ў Менску, і ў рэгіёнах удзельнічалі ва ўсіх акцыях і кампаніях Фронту, распаўсюджвалі ўлёткі і фронтаўскую літаратуру. Такіх людзей, мне падаецца, налічвалася ня менш за 10 тысяч. Значна больш было тых, хто падтрымліваў Фронт сваім удзелам у мітынгах у пэўныя крытычныя моманты (як у лютым 1990-га, калі перад выбарамі ў Вярхоўны Савет на тагачаснай плошчы Леніна сабраліся 100 тысяч чалавек, або ў тым самым жніўні 1991-га). Тут лік мог ісьці на дзясяткі тысяч. Ну і нарэшце тыя, хто ў мітынгах ды акцыях ня ўдзельнічаў, але падзяляў асноўныя праграмныя палажэньні Фронту, галасаваў за ягоных кандыдатаў. Як паказаў збор подпісаў за рэфэрэндум, у 1992 годзе такіх было ня менш за 400 тысяч чалавек; на будучых прэзыдэнцкіх выбарах за старшыню БНФ прагаласуе каля 700 тысяч выбаршчыкаў.

І ўсё ж, у пачатку 1992-га некалькі тысяч чалавек маглі сьмела пра сябе сказаць: «Я — у Фронце».

Іншыя дэмакратычныя палітычныя арганізацыі, аформленыя як партыі, былі значна меншыя. Самай вялікай і ўплывовай зь іх была Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (на чале зь Міхасём Ткачовым) — тут можна было казаць пра тысячу-паўтары членаў, да таго ж членамі партыі былі дзясятак дэпутатаў Вярхоўнага Савету (большасьць зь якіх уваходзіла ў склад Апазыцыі БНФ). Была Аб’яднаная дэмакратычная партыя (яе ўзначальваў Аляксандар Дабравольскі) прыблізна з такой самай колькасьцю членаў, як і БСДГ і адным дэпутатам у парлямэнце (Аляксандрам Сьпіглазавым).

Генадзь Карпенка ўзначальваў новаўтвораную Партыю народнай згоды, праграмныя мэты якой фармуляваліся даволі няўцямна, а ў склад кіруючых органаў уваходзілі, акрамя дэмакратаў, прадстаўнікі намэнклятуры. ПНЗ дыстанцыявалася ад БНФ. (Пазьней, у 1999-м, за некалькі тыдняў да сьмерці, у часе свайго прыезду ў Прагу Генадзь Карпенка скардзіўся мне, што, за рэдкім выключэньнем, большасьць кіраўнікоў партыі яму здрадзілі. Думаю, што яны ніколі яго па-сапраўднаму не падтрымлівалі, дый ініцыятыва стварэньня партыі належала не Карпенку.)

Калі я кажу, што партыі мелі сваіх прадстаўнікоў у Вярхоўным Савеце — дык разумею пад гэтым тое, што, за выключэньнем БНФ, да выбараў Вярхоўнага Савету ў 1990 годзе гэтых арганізацый увогуле не існавала, яны ствараліся, калі парлямэнт ужо працаваў, звычайна пры ўдзеле саміх дэпутатаў (як БСДГ).

Мы, дэпутаты БНФ, не разглядалі гэтыя партыі як канкурэнтаў, а наадварот, спрыялі іх аўтарытэту. Выступаючы на сэсіях Вярхоўнага Савету, напрыклад, па пытаньнях сродкаў масавай інфармацыі, гаворачы пра доступ да эфіру ці газэтных палосаў Беларускага Народнага Фронту, я заўсёды дадаваў — «і іншых дэмакратычных партыяў». Трэба прызнаць, што пазьней з боку гэтых самых партыяў мы далёка не заўсёды сустракалі ўзаемнасьць — я ня чуў, каб у Вярхоўным Савеце наступнага, ХІІІ скліканьня дэпутаты ад дэмакратычных партыяў аналягічна казалі пра Фронт, які ўжо ня быў прадстаўлены ў парлямэнце.

У 1992 годзе партыі толькі фармаваліся — але яны ўжо мелі даволі выразныя праграмы, мелі прафэсіяналаў, і таму іх прадстаўніцтва ў парлямэнце было б на карысьць дзяржаве, разьвіцьцю грамадзкіх інстытуцыяў.

Як адзначала Марына Сатоліна, «новыя выбары павінны стаць каталізатарам умацаваньня партыяў, іх палітычнага акрыяньня, высьвятленьня магчымасьцяў і здольнасьці браць на сябе абавязкі, а ня толькі раздаваць абяцаньні… Такая практыка прынятая ў шэрагу краін, дзе выбары праводзяць на шматпартыйнай аснове: у Нямеччыне, Італіі, Даніі, Швэцыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG