Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Казахстану пашырыў кадравыя паўнамоцтвы Назарбаева


Нурсултан Назарбаеў
Нурсултан Назарбаеў

Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў падпісаў указ, які пашырае паўнамоцтвы былога кіраўніка дзяржавы Нурсултана Назарбаева ў сфэры кадравай палітыкі.

Назарбаеў, які ўзначальваў Казахстан больш за 30 гадоў, сышоў у адстаўку ў сакавіку, але захаваў шматлікія важныя паўнамоцтвы, у тым ліку — пасады кіраўніка Рады бясьпекі і лідэра кіруючай партыі «Нур Атан».

Згодна з указам, прызначэньне міністраў, за выключэньнем кіраўнікоў МЗС, Мінабароны і МУС, з гэтага часу праводзіцца прэзыдэнтам пасьля ўзгадненьня са старшынём Рады бясьпекі.

Акрамя таго, згодна з тэкстам указу, прызначэньне кіраўнікоў органаў, непасрэдна падпарадкаваных і падсправаздачных прэзыдэнту Казахстану, таксама павінна быць узгоднена з кіраўніком Рады бясьпекі краіны. Да іх у прыватнасьці адносяцца: адміністрацыя прэзыдэнта, генэральная пракуратура, Камітэт нацыянальнай бясьпекі, Нацыянальны банк, рэспубліканская гвардыя, служба зьнешняй выведкі, служба аховы прэзыдэнта.

Разам з гэтым ўзгадненьня з Назарбаевым цяпер патрабуе прызначэньне кіраўнікоў адміністрацый абласьцей, гарадоў рэспубліканскага значэньня і сталіцы Казахстану.

Назарбаеў, якому сёлета споўнілася 79 гадоў, займаў пасаду прэзідэнта Казахстану з красавіка 1990 году.

У 2015 годзе на датэрміновых выбарах ён быў пераабраны на пяты прэзідэнцкі тэрмін. 19 сакавіка 2019 году ён абвясьціў аб адстаўцы.

У 2018 годзе Назарбаеў атрымаў магчымасьць пажыцьцёва кіраваць Радай бясьпекі Казахстану. Адзначалася, што такім чынам кіраўнік дзяржавы спрабуе захаваць уладу пасьля сыходу з прэзыдэнцкай пасады. У Казахстане падтрымліваўся культ асобы Назарбаева, яму быў прысвоены тытул Елбасы — «лідэра нацыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG