У 2019 годзе беларускія крамы прадалі ў розьніцу алькагольных напояў і піва на 3,9 мільярда рублёў (8,7% усяго розьнічнага таваразвароту гандлю), сьведчаць дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэту.
У абсалютным алькаголі гэта 7 мільёнаў 497,7 тысячы дэкалітраў алькагольных напояў і піва — на 3,9% больш, чым у 2018 годзе.
У 2019 годзе ў параўнаньні з папярэднім годам у Беларусі вырасьлі продажы:
- гарэлкі на 2,3% — 8 мільёнаў 756,3 тысяч дэкалітраў (гэта 46,7% ад агульнага аб’ёму продажаў алькаголю);
- піва на 3,6%, 39 мільёнаў 232,6 тысяч дэкалітраў (20,9% ад агульнага абʼёму продажаў алькаголю);
- вінаградных вінаў на 5,7%, 3 мільёны 907,9 тысячы дэкалітраў;
- лікёраў і лікёра-гарэлачных вырабаў на 17,3%, 1 мільён 619,2 тысячы дэкалітраў;
- пеністых він — на 7,6%, 1 мільён 708,2 тысячы дэкалітраў;
- слабаалькагольных напояў — на 23,1%, 1 мільён 377 тысяч дэкалітраў;
- каньякоў, каньячных вырабаў і брэндзі — на 24,9% больш, 696,5 тысячы дэкалітраў.
Менш у 2019 годзе прадалі толькі пладовых вінаў — 4 мільёны 688,2 тысячы дэкалітраў, гэта на 4,3% меней, чым у 2018 годзе. Пладовыя віны занялі 11,3% у агульным абʼёме продажу алькагольнай прадукцыі.
Беларусь знаходзіцца на 27-м месцы сярод найбольш пітушчых краінаў сьвету ў рэйтынгу Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя.
На аднаго беларускага мужчыну ў сярэднім прыпадае 18 літраў чыстага сьпірту — гэта 90 паўлітровых пляшак гарэлкі на год. Траціна мужчын у Беларусі выпівае больш як 6 стандартных адзінак (эквівалент 60 грамаў чыстага сьпірту) за раз. Гэта можа быць 6 келіхаў віна або 210 грамаў моцнага алькаголю, два літры (тры з паловай пінты) піва. Перавышэньне такой дозы можа прывесьці да атручваньня. Жанчыны ў Беларусі спажываюць 5,5 літра сьпірту — гэта 27,5 бутэлькі гарэлкі на год.
Паводле ацэнак Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, штогод у Беларусі ад алькаголю памірае каля 20 тысяч чалавек, або каля 50 чалавек на дзень. Гэтая лічба ўключае ў сябе звыш 11 тысяч сьмерцяў ад сардэчна-сасудзістых захворваньняў (у тым ліку інфарктаў і інсультаў). Каля 6 тысяч гінуць у нецьвярозым стане ў дарожных здарэньнях, на пажарах, у вадаёмах і зь іншых вонкавых прычынаў, або чыняць самагубствы. Яшчэ звыш тысячы чалавек паміраюць ад цырозу пячонкі, і яшчэ каля тысячы — ад раку, зьвязанага з алькаголем.