На аднаго беларускага мужчыну ў сярэднім прыпадае 18 літраў чыстага сьпірту, гэта 90 паўлітровых пляшак гарэлкі.
Агулам жа сярэдняе спажываньне сьпірту ў Беларусі зьменшылася — 11,2 літра на кожнага жыхара ад 15 гадоў і старэйшых.
Беларусь зрабіла крокі для зьмяншэньня ўжываньня сьпіртных напояў. Такія зьвесткі агучыў каардынатар праграм грамадзкага здароўя краінавага офісу Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Валянцін Русовіч.
Цяпер у Беларусі спажываюць у сярэднім 11,2 літра сьпірту на чалавека ў год. Мужчыны спажываюць больш — 18 літраў сьпірту за год, ці 90 паўлітровых бутэлек гарэлкі.
Беларусь у сьпісе краін, дзе найбольш спажываюць сьпіртныя напоі, адсунулася на 27-е месца (не так даўно была на першым). Больш за ўсё ў Беларусі п'юць гарэлку (49%), 26% — мацаванае віно.
У сьпісе краін, дзе найбольш спажываюць алькаголь, лідзіруюць Літва і Малдова.
Каля 50 сьмерцяў на дзень
Паводле ацэнак Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, штогод у Беларусі ад алькаголю памірае каля 20 тысячаў чалавек, або каля 50 чалавек на дзень.
Гэтая лічба ўключае ў сябе звыш 11 тысячаў сьмерцяў ад сардэчна-сасудзістых захворваньняў (у тым ліку інфарктаў і інсультаў). Каля 6 тысячаў гінуць у нецьвярозым стане ў дарожных здарэньнях, на пажарах, у вадаёмах і зь іншых зьнешніх прычынаў — або чыняць самагубствы. Яшчэ звыш тысячы чалавек гінуць ад цырозу пячонкі, і яшчэ каля тысячы — ад раку, зьвязанага з алькаголем.
Летась 1186 мужчын і 290 жанчын загінулі наўпрост ад атручэньня алькаголем, але амаль усе — не ад няякаснага алькаголю (такіх каля 10%), а ад перадазаваньня.