Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Гомля зладзілі ў «Лесе сьмерці» рэканструкцыю расстрэлаў ахвяраў рэпрэсіяў. ФОТА


У «Лесе сьмерці», які знаходзіцца каля шашы Гомель — Чарнігаў, жыхары абласнога цэнтру зладзілі фотапраект — рэканструкцыю расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Ініцыятар арт-акцыі — грамадзянская кампанія «Забітыя і забытыя», мэта якой — ушанаваньне ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

Пад Гомлем вядомыя прынамсі два месцы расстрэлаў і пахаваньня рэпрэсаваных. Яны знаходзяцца абапал шашы Гомель — Чарнігаў і абазначаныя толькі сьціплымі крыжамі, якія паставілі людзі.

Мэта кампаніі — дабіцца ад улады дасьледаваньня месцаў масавых расстрэлаў і годна ўшанаваць памяць бязьвінна забітых людзей.

У акцыі прынялі ўдзел людзі розных пакаленьняў. Яны трымалі партрэты рэпрэсаваных жыхароў Гомельскага рэгіёну з кароткай інфармацыяй пра іх. Быў на акцыі і супрацоўнік НКВД з пісталетам.

Маці каардынатаркі кампаніі Ларысы Шчыраковай трымала партрэт свайго дзеда, які быў рэпрэсаваны ў 1937 годзе.

«Мы запрасілі ў фотапраект людзей розных узростаў, каб давесьці думку, што ахвярамі рэпрэсій былі ня толькі самі рэпрэсаваныя, але і іх дзеці, якія засталіся сіротамі, бацькі, жонкі, мужы. У гэтых ямах ляжаць прадстаўнікі розных сацыяльных груп — як прафэсары, так і непісьменныя сяляне. Мы нашчадкі рэпрэсаваных і маем перад імі маральны доўг», — патлумачыла каардынатарка кампаніі Ларыса Шчыракова.

  • Грамадзкая кампанія «Забітыя і забытыя» стартавала ў канцы 2019 году са збору подпісаў пад пэтыцыяй за ўсебаковае дасьледаваньне месцаў масавых расстрэлаў і пабудову мэмарыялу ў памяць аб нявінна забітых людзях.
  • Ужо сабрана каля 600 подпісаў. Збор працягнецца да лютага.
  • 8 лютага ў межах праекту адбудзецца лекцыя гісторыка Ігара Кузьняцова «Праблемы ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскага тэрору 30–40-х гадоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG