Нацыянальны банк прагназуе зьмяншэньне золатавалютных рэзэрваў у 2020 годзе. Прычыны — вяртаньне пазык і «падатковы манэўр» у Расеі.
Пра гэта гаворыцца ў дакладзе намесьніка старшыні ўправы Нацбанку Сяргея Калечыца.
«На 1 студзеня 2021 году міжнародныя рэзэрвовыя актывы павінны скласьці ня менш як 7,3 мільярда даляраў ЗША. Дадзены абʼём улічвае неабходнасьць пагашэньня Ўрадам і Нацыянальным банкам парадку 4,3 мільярда даляраў ЗША зьнешніх і ўнутраных абавязальніцтваў, а таксама рызыкі, зьвязаныя з „падатковым манэўрам“ у Расейскай Фэдэрацыі», — піша Калечыц.
Цяпер золатавалютныя рэзэрвы складаюць 9,4 мільярда даляраў. За год яны вырасьлі на 2,2 мільярда, хоць летась Беларусь таксама выплаціла амаль 4,2 мільярда даляраў пазыкаў.
Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр
Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.
- Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
- Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
- У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
- Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.
Страты і кампэнсацыя
- У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
- Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
- Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн.
- У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
- 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.
Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі