«Натхняю не зважаць на ўзрост» — так падпісаны Instagram 70-гадовай мадэлі і доктаркі на пэнсіі Вольгі Шатыкі. У акаўнце Вольгі 14,2 тысячы падпісантаў, падборкі сторыз з тэлешоў, фота сэсіяў і модных паказаў зь яе ўдзелам. У сьнежні Вольга была сьпікеркай менскага TEDx. Спыталі ў Вольгі, як усё гэта магчыма.
«Як жыць пасьля 65 гадоў, ніхто не вучыў»
«Я заўжды кажу, што нас вучылі, як трэба паводзіць сябе ў розныя ўзроставыя пэрыяды, — кажа Вольга. — Спачатку трэба скончыць школу, потым атрымаць адукацыю, потым завесьці сям’ю і выгадаваць дзяцей, пабудаваць паралельна кар’еру. Гэта ўсё мы бачылі на прыкладзе сваіх бацькоў і родных. Гэта мы выдатна ўсё разумеем і выконваем. А як жыць пасьля 60–65 гадоў — гэтаму ніхто не вучыў».
Вольга навучылася сама. Падпісалася на каналы фэшн-блогераў, запісалася ў мадэльную школу 60+, завяла блог у Instagram. У свае 71 Вольга стала індывідуальным прадпрымальнікам, бо колькасьць рэклямных прапаноў і фатасэсій расьце, і хобі амаль ператварылася ў бізнэс.
Уся бурлівая дзейнасьць Вольгі мае адзіны просты пасыл: ня бойцеся, пасьля 60 клясна. Свабода ад сямейных і сацыяльных абавязкаў — цудоўны пэрыяд для таго, каб зьдзяйсьняць мары і паклапаціцца нарэшце пра сябе.
Але ўсё ня так проста. Да гэтага яшчэ трэба псыхалягічна дайсьці. Бо ў 60 год чалавек перажывае магутны крызіс самаідэнтыфікацыі. Быў чалавек, напрыклад, галоўным доктарам, кіраваў людзьмі, вырашаў значныя задачы. І раптам апынуўся на пэнсіі.
«І хто ён? І што ён? І гэта вельмі цяжка перажываецца, канечне, — разважае Вольга. — І тут трэба прыняць сябе, знайсьці для сябе новую цікаўнасьць у жыцьці. Знайсьці нейкую новую мэту, дзеля якой варта раніцай уставаць з ложка».
Як гэта зрабіць? Прымусіць сябе, праявіць волю.
«У моладзі гэта называецца „даць штурхаля“», — сьмяецца Вольга.
«Я супраць таго, каб хадзіць у залі і фітнэс-цэнтры»
Некалькі разоў Вольга асьцярожна агаворваецца пра здароўе. Ніякая актыўнасьць безь яго немагчымая, і, вядома, з гадамі здароўе няўхільна псуецца. Таму Вольга заклікае пачынаць клапаціцца пра сваё здароўе ўжо ў 40–45 год. Напрыклад, варта пакінуць машыну за чатыры прыпынкі ад працы і прайсьціся пешшу, потым падняцца лесьвіцай. Нават гэтага будзе амаль дастаткова для тыднёвай нормы хаджэньня.
«Я супраць таго, каб хадзіць у залі і фітнэс-цэнтры, — кажа Вольга. — Таму што дарога зойме ў вас гадзіну. Там вы гадзіну пазаймаецеся, потым яшчэ гадзіну вярнуцца — тры разы на тыдзень выкінуць столькі часу! Не, трэба абраць тое, што можна лёгка інтэграваць у вашае жыцьцё. Трэба абраць від гімнастыкі, якую вы і дома зможаце выконваць».
«Што тычыцца дыет — дыет не існуе, існуе мадэль харчаваньня. Вы павінны для сябе яе абраць і прытрымлівацца. І потым гэта стане для вас другой натурай, вы нават ня будзеце яе заўважаць. Аніякага гвалту над сабой! Калі вы штосьці будзеце рабіць супраць свайго жаданьня, рана ці позна вы гэта кінеце».
Іншы істотны момант — не заставацца сам-насам з сабою. Сацыяльная актыўнасьць у трэцім узросьце — неабходнасьць. Тым больш што розьніца ў працягласьці жыцьця мужчын і жанчын дасягае дзесяцігодзьдзяў. Атрымліваецца, «трэці ўзрост» — гэта пра адзіноту. І пра жаночую супольнасьць.
«Я фанатка беларускіх жанчын! — кажа Вольга. — Я натхняюся тым, што беларускія жанчыны адукаваныя, разумныя, прыгожыя, яны вельмі крэатыўныя — і я б сказала, што яны вельмі правільныя. Нават залішне правільныя, — усьміхаецца Вольга. — Таму што ў іх на першым месцы дзеці, на другім месцы муж, на трэцім месцы ў іх бацькі свае і мужа, на чацьвёртым месцы ўсе родныя, бабулі, дзядулі, цёткі, браты і г.д., потым сябры свае і мужа, і толькі на апошнім месцы — сама гэтая беларуска».
«Я блогер. І ў мяне больш за 10 000 падпісчыкаў»
Менавіта сваіх равесьніц Вольга і хацела натхніць «вылезьці з ложка» больш за ўсё.
«Але насамрэч у Instagram да мяне прыйшлі дочкі і ўнучкі тых, каго я хацела запаліць, — кажа Вольга. — Бо нават дочкі самі мне кажуць: я для маці завяла адмыслова Instagram і падпісала на вас. Але ёсьць лічбы, што ў Беларусі доля людзей, старэйшых за 55 год, найбольш павялічылася менавіта ў Instagram. І паступова колькасьць падпісчыц, старэйшых за 60, павялічваецца і ў мяне ў акаўнце».
Вольга кажа, што ніякіх розных пакаленьняў не існуе. Так, у часы яе маладосьці было прынята арыентавацца ў апошніх раманах, надрукаваных у часопісах. Цяпер, відаць, істотна, ці чуў ты апошняе выказваньне інфлюэнсэра з YouTube. Але нічога кепскага ў гэтым няма. Вользе падабаецца сучасная моладзь. Асабліва — яе сапраўды талерантнае стаўленьне да ўсяго. Праўда, некалькі разоў яна адчытвала маладых людзей за голыя шчыкалаткі ў маразы. Увогуле, Вольга кажа, што адчувае сябе ў Менску як «свая» і лёгка можа загаварыць зь некім у транспарце ці на вуліцы.
Аднойчы Вользе напісалі, што ў яе залішне далікатны вобраз для бізнэс-лэдзі. На гэта яна расказала, як змагалася з адміністрацыяй Фрунзенскага раёну, каб далі рады абледзянелым дарожкам у парку. Уключыла «змагара за праўду».
«Калі я сутыкаюся зь нейкім нядобрасумленным стаўленьнем у дзяржструктуры ці ў гандлі, я часам магу сказаць: „Ведаеце, я блогер. І ў мяне больш за 10 000 падпісчыкаў. І я прыйду і напішу пра ўсё гэта“. І яны пужаюцца», — сьмяецца Вольга.
Але, нягледзячы на сваю ўплывовасьць, пра палітыку Вольга выказвацца ня будзе ніколі. Сярод яе падпісчыкаў — людзі з усіх краін былога Савецкага Саюзу, расейцы, украінцы, расейскамоўныя людзі з Эўропы і Амэрыкі.
«Я ўвогуле намагаюся быць вельмі дыпляматычнай, — кажа Вольга. — Я нават з Калядамі віншую з двума. І я ўжо адчуваю па рэакцыі, што ня ўсім гэта падабаецца. А я абавязкова пішу апошнюю фразу: „Як нам пашанцавала, мы можам сьвяткаваць Каляды двойчы!“. І я разумею, што нават такі бяскрыўдны пасыл і то можа выклікаць розную рэакцыю».
«Я насіла батфорты, мідзі-спадніцы, каўбойскія боты»
Пытаем пра свабоду, і Вольга прыгадвае 70-я як самыя вольныя часы. Бэбібумэры, сэксуальная рэвалюцыя, рок-н-рол. Цяпер ня так, але ўсяму свой час. Проста пакаленьне яе бацькоў было не гатовае да дэмакратычных пераўтварэньняў: яны заўжды лічылі, што павінна быць моцная рука, якая ўсіх расставіць па месцах. У Вольгі ўжо іншае стаўленьне, а ў яе сына — тым больш. Беларусь дачакаецца зьменаў, але эвалюцыйным шляхам.
Зрэшты, 70-я вяртаюцца: калі ня духам свабоды, то моднымі трэндамі.
«Божа, я гляджу на гэтыя вобразы, якія прапаноўваюць фэшн-блогеры, і пазнаю сябе ў іх, — усьміхаецца Вольга. — Таму што я насіла ўсё гэта! Я насіла батфорты, мідзі-спадніцы, каўбойскія боты — усё гэта!»
Вольга шмат разоў паўтарае: усё залежыць ад вас і вашага стаўленьня. Страх, адзіноту і сум па прафэсіі можна перамагчы, калі не выключаць сябе з грамадзтва. Пайсьці на курсы гітары, займацца рукадзельлем і манэтызаваць свае захапленьні ў Instagram, займацца валянтэрствам і ахоўваць балоты, птушак і помнікі. Адчуваць сябе патрэбным чалавекам.
«Калі адсутнічае пазытыўнае адчуваньне будучыні — гэта жудасна, — кажа Вольга. — Ты павінен марыць, уяўляць, што ў будучыні павінны здарацца цікавыя падзеі. Я хачу паказаць, што 60+ — гэта не прысуд. Тым больш працягласьць жыцьця павялічваецца на 20–25 год. Іх жа нельга дамотваць, як турэмны тэрмін, да сьмерці. З эйджызмам трэба канчаць!»