Беларуска Аксана Якуцэвіч здабыла карону прыгажуні на міжнародным конкурсе ў Пецярбургу ў верасьні. Гэта першая ейная перамога на подыюме, але ня першая ў жыцьці. За 13 гадоў на вазку дзяўчына памяняла гардэроб, сяброў і мары.
«Я з самага пачатку вылучалася»
Lady in Red — такое ўражаньне стварае гэтая гарадзенка. Памада, манікюр, куртка і нават вазок — чырвонага колеру. Гучны голас, выклік у вачах, гарэзьлівыя рухі. Калі б характар можна было афарбаваць, то ён у Аксаны, відаць, колеру ейнай памады.
«Колькі ў мяне чырвоных памадаў? Пяць пэўна будзе», — рагоча дзяўчына.
Момант, калі яна выкінула ўсю касмэтыку і абутак на абцасах, застаўся ў мінулым.
Нядаўна Аксана вярнулася з конкурсу прыгажосьці «Неўская краса». Яна перамагла ў катэгорыі «Лэдзі» — сярод удзельніц пасьля 35 гадоў. У малодшай катэгорыі першае месца заняла дзяўчына з Кабардына-Балкарыі. Усяго за званьне самай прыгожай спаборнічалі 27 дзяўчат. Сёлета яны прадстаўлялі Расею і Беларусь, раней краін-удзельніц было болей.
Канкурсанткі паказвалі відэавізытоўку, танец, выходзілі ў нацыянальным строі і вячэрняй сукенцы, адказвалі на пытаньні журы. Выхаду ў купальніках, як бывае на ўсясьветных конкурсах прыгажосьці, не было.
Агулам яна засталася задаволеная арганізацыяй, хоць пераапранацца часам даводзілася проста ў праходзе, навідавоку ва ўсіх.
Галоўнае для яе — мноства ўражаньняў і першае месца, якому Аксане ўсё яшчэ цяжка даць веры. Пра перамогу нагадваюць ружы ў пакоі і зіхоткі вянец.
Беларуска ехала па карону. Хоць да апошняга ня верыла, што расейцы дазволяць той паехаць у іншую краіну.
«Я з самага пачатку вылучалася яркім макіяжам і адзеньнем», — узгадвае гарадзенка.
Конкурс стаў для Аксаны выклікам, бо яна ўпершыню ляцела самалётам. Сэрвіс беларускіх авіяліній яе цалкам задаволіў.
Пра ўдзел гарадзенка да апошняга не казала блізкім, каб не хваляваць. Да таго ж бацькі некалі адгаварылі яе ад мары стаць стуардэсай — занадта рызыкоўна. Хоць да Аксаніных шалёных ідэй сваякі і сябры даўно прызвычаіліся.
Ці шкодзіць вазок прыгажосьці?
Дзяўчына шкадуе, што так позна пачала ўдзельнічаць у конкурсах. Цяпер ёй 36. Стаць каралевай прыгажосьці марыла здаўна. Але, прызнаецца, пакуль трымалася на нагах, было не да гэтага. Цяпер, на вазку, ёй важна выглядаць яшчэ больш прыгожай і дагледжанай, чым раней. Аксана любіць увагу з боку мінакоў.
Ці шкодзіць вазок прыгажосьці? Гарадзенка мяркуе, што адказ залежыць ад таго, хто глядзіць. Ёсьць мужчыны, якія бачаць саму дзяўчыну і не заўважаюць, на чым яна перасоўваецца. Праўда, быў выпадак, калі незнаёмая жанчына ў банку зьдзівілася, навошта Аксана ўвогуле фарбуецца і робіць манікюр. Тады за дзяўчыну заступіліся іншыя наведнікі.
Зь мінусаў — на вазку нельга насіць усё, што Аксане падабаецца. Яна адмовілася ад камбінэзонаў, якія нязручна здымаць, пышных сукенак, што ўкручваюцца ў колы, свабоднага адзеньня, якое выглядае на ёй, «як мяшок».
Надзея хадзіць не згасае дагэтуль
Той дзень 13 гадоў таму, калі жыцьцё перастала быць ранейшым, Аксана ўзгадвае нячаста. «А сэнс?» — паціскае яна плячыма. Праўда, пытаньне, навошта пайшла на горку, задае сабе і сёньня.
Тады ёй было 22 гады. Яна працавала мэдсястрой у шпіталі, мела хлопца, цешылася ўвагай з боку іншых мужчын.
Узімку гулялі зь сябрамі і вырашылі пракаціцца з горкі. Аксана ехала апошняй. Нечакана разьвярнулася на сьцежцы, ударылася галавой і страціла прытомнасьць. Сябры зацягнулі яе на задняе сядзеньне дзьвюхдзьвернай машыны і павезьлі ў шпіталь. Калі б ня гэта, мяркуе дзяўчына, парушэньняў магло б быць менш, а шанцаў хадзіць — больш.
Калі апрытомнела ў рэанімацыі, то ня чула ног. Лекары давалі надзею зноў хадзіць. Надзея не згасае дагэтуль.
Першы год-паўтара пасьля траўмы дзяўчына цярпела ад дэпрэсіі, а потым зразумела, што трэба пачынаць жыць наноў.
«Напішыце акуратна пра мужчын»
«Вы толькі напішыце акуратна пра мужчын», — какетліва перажывае суразмоўніца.
Яна перапісваецца з кавалерамі, ходзіць на спатканьні. Пасьля траўмы ледзь ня выйшла замуж, аднак у апошні момант адмовіла нерашучаму кавалеру, сваякі якога былі супраць шлюбу.
У першыя паўтара года пасьля здарэньня ейны хлопец заставаўся побач, прымушаў рабіць зарадку, поўзаць, мацаваць прэс. Аднак ня вытрымаў напружаньня і пачаў усё часьцей выпіваць. Аксана сама скончыла тыя адносіны.
Прыгажуня кажа, што ейнае сэрца свабоднае. Яна хоча стварыць сямʼю, але цяпер патрабаваньні да партнэра ў яе больш жорсткія.
«Я вельмі патрабавальная да сябе, на 100%. Дзяўчына з задаткамі пэрфэкцыянізму. Гэтаксама патрабавальная і да мужчыны. Ад яго я чакаю рашучасьці», — кажа Аксана.
Яна не падзяляе хатнія абавязкі на мужчынскія і жаночыя, аднак мае сваё ўяўленьне пра арганізацыю побыту.
«Я люблю мыць посуд. А сьмецьце няхай выносіць ён, у краму няхай таксама ходзіць ён», — усьміхаецца дзяўчына.
Аксана чакае ад партнэра дапамогі і падтрымкі. Ажаніцца з мужчынам-вазочнікам яна не плянуе.
«Нехта ў сямʼі павінен быць дужэйшы, спрытнейшы. Хто дапаможа спусьціцца са сходаў? Побыт заесьць», — упэўненая суразмоўніца.
Пры гэтым яна ведае шчасьлівыя семʼі, дзе і муж, і жонка на вазках, гадуюць дзяцей.
На правы здала зь першага разу
За час на вазку ў Аксаны шмат дасягненьняў.
Адзін з самых адважных учынкаў — здала на правы. Практычную частку праходзіла ў Менску, бо ў Горадні ня вучаць ручному кіраваньню аўтамабілем. Штодня аддавала за пражываньне і праезд у чужым горадзе каля 60 рублёў.
«Чым я горшая за іншых? Мне як сказалі, што я не змагу, то я зрабіла ўсё, каб здолець. Здала зь першага разу. Я ж не дурная», — кажа дзяўчына.
Цяпер яна хоча набыць машыну, каб мець больш магчымасьцяў перасоўвацца, не залежаць ад іншых.
Першыя тры гады пасьля траўмы Аксана амаль не выходзіла з дому, бо не было пандуса. Лістамі і зваротамі ўрэшце дамаглася, каб паставілі невялікі пандус з двара і адкідны ў падʼезьдзе. Аднак самой падымацца па іх вельмі цяжка, бо яны занадта крутыя, да таго ж на вуліцы няма парэнчаў.
«Чаму я павінна прасіць: „Дапамажыце мне“?»
На вуліцу пасьля траўмы выцягвалі мама і сябры.
«Мне вельмі пашчасьціла зь сябрамі. Я магу прачнуцца ранкам з думкай: „Хачу разабраць самалёт, але баюся“. — „Аксана, мы табе дапаможам. Усё атрымаецца“, — кажуць сябры», — усьміхаецца гарадзенка.
З многімі сябрамі пэрыяду «да траўмы» яна разьвіталася. За паўтара года, што Аксана ляжала ў шпіталях, яны не прыходзілі, не званілі, не падбадзёрвалі ў самыя цяжкія моманты. Засталіся тыя, хто дапамог вярнуцца да насычанага жыцьця.
Дзяўчына займае пасаду намесьніцы старшыні ў асацыяцыі горадзенскіх вазочнікаў. Праз арганізацыю яны «выхавалі» кіроўцаў тралейбусаў. Цяпер тыя дапамагаюць людзям на вазку заяжджаць у салён. Раней маглі і не зьвярнуць увагі.
Да таго ж дзякуючы зваротам асацыяцыі на некаторых вуліцах панізілі бардзюры, сям-там паставілі пандусы.
«Чаму я павінна прасіць: „Хлопцы, дапамажыце мне“, — калі ўласьнікі будынкаў абавязаныя ўсталяваць пандусы па законе? Калі гэта ёсьць на паперы, то гэта павінна выконвацца. Мінакі мне адразу дапамагаюць. Але чаму я павінна зьвяртацца? Мне няёмка. Я адчуваю сябе не такой», — абураецца Аксана.
Каб адчуваць сябе такой, як усе, Аксана праводзіць час у кампаніі здаровых людзей. Кажа, што людзі з інваліднасьцю часта скардзяцца, наракаюць на тое, што баліць, таму дзяўчына іх пазьбягае.
Прызнаецца, што і ў самой хапае боляў. Змагаецца зь імі ў спартзалі.
Хоча працаваць маркетолягам
«Канечне, жыцьцё падзялілася на „да“ і „пасьля“. Каб ня траўма, то ў мяне была б вышэйшая адукацыя, праца, сямʼя. Калі чалавек на нагах, гэта зусім па-іншаму», — кажа Аксана, але і не ўпадае ў роспач.
Яна марыць абнавіць свой вазок, які не мяняла з часоў траўмы. На новы давядзецца аддаць ня менш за 2 тысячы даляраў. Пад яе, худзенькую, трэба замаўляць адмыслова, бо вазок стандартных памераў завялікі.
Калі зьявіцца новы вазок і машына, дзяўчына плянуе шукаць працу. Яна ўмее рабіць макіяж, пасьля курсаў «Інклюзіўнага барысты» навучылася варыць каву. Любіць працаваць з касмэтыкай, парфумай, думае пра працу маркетоляга.
І ня кідае думкі абсьледавацца за мяжой, каб, можа, некалі зноў пайсьці.