Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп сказаў, што ягоная адміністрацыя дадасьць «пару» краін да сьпісу, якія вызначае, каму абмежаваны ўезд у ЗША. Паводле Трампа, рашэньне будзе абвешчана «вельмі хутка».
Гаворачы з журналістамі на Сусьветным эканамічным форуме ў швайцарскім Давосе, Трамп патлумачыў: «Вы бачыце, што адбываецца ў сьвеце, нашая краіна павінна быць у бясьпецы».
Выданьне Politico паведаміла 21 студзеня, спасылаючыся на ананімныя крыніцы ў Белым доме, што сьпіс краінаў, на якія распаўсюджваюцца амэрыканскія візавыя абмежаваньні, можа быць пашыраны. Паводле зьвестак Politico, гаворка ідзе пра
- Беларусь,
- Кіргізстан,
- М’янму,
- Нігерыю,
- Судан,
- Танзанію,
- Эрытрэю.
Пра магчымасьць пашырэньня амэрыканскага сьпісу такіх краінаў, сярод якіх можа апынуцца і Беларусь, паведамілі таксама The Wall Street Journal і The New York Times, адзначаючы, аднак, што гэтая інфармацыя афіцыйна не пацьверджаная.
Адзначаецца, што гаворка не абавязкова ідзе пра поўную забарону на візыты ў ЗША для грамадзянаў гэтых краінаў. Абмежаваньні могуць тычыцца, прыкладам, пэўных тыпаў візаў або закранаць пэўных чыноўнікаў.
Амбасада ЗША адмовілася пракамэнтаваць Свабодзе гэтыя паведамленьні. Прадстаўнік беларускага МЗС Андрэй Шупляк адмовіўся камэнтаваць інфармацыю пра магчымыя візавыя абмежаваньні ЗША ў адносінах да Беларусі, спаслаўшыся на тое, што Менск ніякай афіцыйнай інфармацыі ад амэрыканскага боку не атрымаў.
Што кажуць аналітыкі
Кацярына Шмаціна, аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў:
«Я ня думаю, што гэта быў заплянаваны крок, а не тэхнічная памылка ці фармалісцкі падыход. Адна з прычынаў — гэта тое, што Беларусь яшчэ фармальна знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, дзейнічае «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі», прыняты ў 2004 Кангрэсам ЗША. Магчыма, калі складаўся сьпіс краінаў, на якія можна яшчэ пашырыць візавыя абмежаваньні, то Беларусь трапіла ў яго з такіх фармальных прычынаў.
Я думаю, што ў найбліжэйшыя дні сытуацыя праясьніцца. І я б прагназавала, што гэта будзе прызнана памылкай. Зараз двухбаковыя адносіны паміж Беларусьсю і ЗША паляпшаюцца, інтэнсыфікуюцца, пра што сьведчыць і рашэньне аднавіць паўнавартасную ўзаемную дыпляматычную прысутнасьць. Таксама абвешчана, што 1 лютага Менск наведае дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо. Цяпер было б вельмі нелягічна з амэрыканскага боку пагаршаць, абвастраць адносіны з Беларусьсю».
Павал Вусаў, кіраўнік варшаўскага Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу:
«Калі гэтае рашэньне пацьвердзіцца, яно выглядае абсалютна нелягічным у кантэксьце таго, што адбываецца вакол Беларусі і ў адносінах паміж ёй і ЗША. Цяпер паміж Беларусьсю і ЗША ўсталяваліся стасункі напэўна найлепшыя з часоў прыходу Лукашэнкі да ўлады ў 1994 годзе. І на фоне гэтага пацяпленьня, калі беларускія грамадзяне будуць абмежаваныя ў паездках у Амэрыку, гэта будзе выглядаць даволі дзіўна.
Але можна дапусьціць, якія чыньнікі маглі паўплываць на рашэньне амэрыканскіх уладаў адносна Беларусі. Беларусь разьвівае шчыльныя стасункі з рэжымамі, якія ЗША лічаць варожымі. Добрыя стасункі ў Беларусі зь Іранам, амэрыкана-іранскія адносіны цяпер дасягнулі піку напружанасьці. Дынамічна разьвіваюцца стасункі Беларусі зь Кітаем. А паміж ЗША і КНР зараз ідзе гандлёвая вайна. Таксама Менск мае добрыя стасункі зь рэжымам Башара Асада, пэўны час таму Беларусь займалася мадэрнізацыяй сірыйскай вайсковай тэхнікі. Гэта магло паўплываць на рашэньне амэрыканцаў, якія пачалі праводзіць жорсткую палітыку адносна тых рэжымаў, якія лічацца пагрозай для нацыянальнай бясьпекі ЗША».
Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман мяркуе, што калі сапраўды нехта ў Белым доме ўнёс прапанову ўключыць Беларусь у такі пашыраны сьпіс, то адбылося гэта «аўтаматам» і без узгадненьня зь Дзяржаўным дэпартамэнтам ЗША.
Падобнай думкі прытрымліваецца палітоляг Валер Карбалевіч.
«Гледзячы па ўсім, гаворка ідзе толькі пра праект. У 2018 годзе Трамп абмежаваў уезд грамадзянам некалькіх краін. Гэта ў асноўным былі мусульманскія дзяржавы. У сьпіс трапілі тыя краіны, супраць якіх існавалі амэрыканскія санкцыі ці ў якіх былі ўнутраныя канфлікты і мясцовыя ўрады не кантралявалі сытуацыю. Цяпер прапанавана павялічыць сьпіс. І, гледзячы па ўсім, тая структура, якая рыхтуе праект, кіравалася чыста фармальным падыходам. Бо супраць Беларусі існуюць амэрыканскія санкцыі, частка зь іх прыпыненая, але не адмененая».
На думку экспэрта, існуе няўзгодненасьць паміж рознымі структурамі ў кіраўніцтве ЗША.
«Дзярждэпартамэнт цяпер актыўна разьвівае адносіны зь Беларусьсю. Вось зьявілася інфармацыя, што дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Майк Пампэо наведае Менск зь візытам 1 лютага. Таму трэба спадзявацца, што пасьля ўмяшаньня дзярждэпартамэнту Беларусь з гэтага сьпісу зьнікне», — сказаў Карбалевіч.
Цяпер у сьпіс краінаў, на грамадзянаў якіх распаўсюджваюцца візавыя абмежаваньні, уваходзяць Іран, Лібія, Самалі, Сырыя, Емэн, Вэнэсуэла і Паўночная Карэя. Гэта краіны, супраць якіх ЗША ўвялі санкцыі або ў якіх ідзе грамадзянская вайна. Прынятыя абмежаваньні Дональд Трамп абгрунтаваў перш за ўсё абаронай ЗША ад тэрарызму. 21 студзеня ён пацьвердзіў, што разглядае магчымасьць пашырыць сьпіс, але не назваў канкрэтных краінаў.
У Давосе Дональд Трамп таксама сказаў, што экалягічная актывістка Грэта Тунбэрг абышла яго, стаўшы чалавекам году паводле вэрсіі часопісу Time. Кіраўнік Белага дому адзначыў, што ня лічыць размовы пра зьмены клімату выдуманымі і хацеў бы, каб Тунбэрг выступіла ў Давосе. Пры гэтым Трамп сказаў, што экалягічнай актывістцы варта адцягнуць увагу ад Злучаных Штатаў і засяродзіцца «на больш забруджаных краінах».
Напярэдадні швэдзкая школьніца чарговы раз ўступіла ў завочную палеміку з Трампам, які ў сваім выступе раскрытыкаваў актывістаў, што заклікаюць да актыўнай барацьбы са зьменамі клімату, за лішні, на яго думку, пэсымізм.
«Калі наш дом гарыць, бязьдзейнасьць тых, хто пры ўладзе, толькі разьдзімае полымя», — заявіла ў адказ Тунбэрг.
Камэнтуючы сытуацыю з імпічмэнтам, прэзыдэнт ЗША паведаміў, што рашэньне цалкам залежыць ад Сэнату. Трамп зноў назваў увесь працэс «падманам» і «паляваньнем на вядзьмарак» і сказаў, што мае намер сачыць за слуханьнямі.