Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў відэазвароце павіншаваў украінцаў з Днём саборнасьці, які адзначаецца 22 студзеня, і заклікаў іх аб’яднацца вакол супольных каштоўнасьцяў.
Зяленскі заявіў, што ў сучасным сьвеце адчуваньне еднасьці нацыі ўзьнікае ня толькі дзякуючы агульным традыцыям, культуры і рэлігіі, але і дзякуючы каштоўнасьцям, прымальным для ўсіх.
«[Гэта] каштоўнасьці добрасумленнасьці і прыстойнасьці. Выхаванасьці і талерантнасьці. Каштоўнасьці свабоды і дэмакратыі. Жаданьня эканамічнага дабрабыту і росквіту. Жаданьня быць заможным. Каштоўнасьці павагі да закону, прыватнай уласнасьці і павагі адзін да аднаго», — сказаў Зяленскі.
Да каштоўнасьцяў, вакол якіх украінцы павінны аб’яднацца, Зяленскі таксама аднёс «нулявую талерантнасьць да карупцыі» і выплату падаткаў. І дадаў:
«Я — адказны грамадзянін… Ня еду на чырвонае [сьвятло], правільна паркуюся, ніколі не сядаю за стырно нападпітку».
22 студзеня 1919 году быў абвешчаны акт аб'яднаньня Ўкраінскай Народнай Рэспублікі і Заходне-Ўкраінскай Народнай Рэспублікі. Дзень саборнасьці Ўкраіны зьяўляецца нацыянальным сьвятам, ён афіцыйна адзначаецца з 1999 году.