Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вызваліць у залі суду» — пастаўлена кропка ў працэсе аб камэрцыйным шпіянажы супраць «Белмытсэрвісу»


Падсудны Канстанцін Мароз пасьля прысуду са сваякамі
Падсудны Канстанцін Мароз пасьля прысуду са сваякамі

Агалошаны прысуд у справе аб крадзяжы закрытых зьвестак з кампутарнай базы дадзеных «Белмытсэрвісу» — дзяржаўнай арганізацыі, якая дапамагае ў мытным афармленьні грузаў. Працэс праходзіў у Партызанскім судзе Менску з кастрычніка мінулага году, абвінавачаныя віны не прызнавалі. Што вырашыў суд?

Суд прызнаў вінаватымі ў камэрцыйным шпіянажы супрацоўнікаў фірмы «МаналітПрамінвест» Сяргея Суравіцкага і Канстанціна Мароза. Намесьнік дырэктара фірмы па інфармацыйных тэхналёгіях Канстанцін Мароз асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на 3 гады, супрацоўнік фірмы Сяргей Суравіцкі — на 4 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай таксама на 3 гады. Грамадзянскі пазоў да падсудных пакінуты судом без разгляду. Паводле рашэньня суду Сяргей Суравіцкі вызвалены з-пад варты ў судовай залі.

Між тым пракурор прасіў для абвінавачаных па 5 гадоў пазбаўленьня волі і ў спрэчках даводзіў, што яны парушылі закон.

У чым падазраваліся Суравіцкі і Мароз?

Абодвум падсудным было выстаўленае абвінавачаньне па 4 артыкулах Крымінальнага кодэксу. Гэта

  • несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі (арт. 349-2),
  • незаконнае завалоданьне кампутарнай інфармацыяй (арт. 352),
  • распрацоўка ці выкарыстаньне шкоднай віруснай праграмы (арт. 354-2) і
  • камэрцыйны шпіянаж (арт. 254-2).

Па гэтых абвінавачаньнях ім пагражала да 10 гадоў зьняволеньня.

Паводле сьледзтва, зь Сяргеем Суравіцкім і Канстанцінам Марозам быў зьвязаны трэці фігурант, Дзьмітрый Дашук, які ў 2018 годзе быў затрыманы ва Ўкраіне на запыт беларускіх праваахоўнікаў. Справа Дашука вылучаная ў асобную вытворчасьць. Радыё Свабода даведалася, што ва Ўкраіне Дашуку ўвосень 2019 году хатні арышт замянілі на падпіску аб нявыезьдзе.

У матэрыялах справы фігуравала літоўская фірма «Бонаста», якая займаецца мытным афармленьнем грузаў на літоўскім баку мяжы. У гэтай літоўскай фірмы і беларускіх фірмаў, якія фігуруюць у якасьці зацікаўленых у «злачыннай» інфармацыі, ёсьць агульны сузаснавальнік. Нібыта ў іхніх інтарэсах і дзейнічалі абвінавачаныя.

Страты, нанесеныя праз камэрцыйны шпіянаж арганізацыі «Белмытсэрвіс», сьледзтва ацэньвала больш як у 600 тысяч рублёў.

Як канкурэнты «Белмытсэрвісу» ў афармленьні грузаў пранікалі ў базу дадзеных дзяржаўнай арганізацыі?

Паводле сьледзтва, былы супрацоўнік «Белмытсэрвісу» Сяргей Суравіцкі скарыстаў свае веды пра сыстэму інфармацыйнай бясьпекі гэтай арганізацыі для пранікненьня ў яе базу дадзеных. Дзеля гэтага выкарыстоўваўся адмысловы вірус.

Пракуратура лічыць, што з 2015 да 2017 году гэтак выкрадалася інфармацыя прынамсі чатырох камэрцыйных фірмаў, якая знаходзілася ў базе дадзеных «Белмытсэрвісу». Найперш цікавіла намэнклятура тавараў, зьвесткі пра мытныя плацяжы ды іншая інфармацыя, якая лічыцца камэрцыйнай тайнай. Скрадзеныя зьвесткі выкарыстоўваліся «дзеля атрыманьня дадатковага прыбытку».

Пасьля суду Канстанцін Мароз сказаў карэспандэнту Свабоды, што ягонае рашэньне, абскарджваць прысуд ці не, будзе залежаць ад таго, якой будзе матывацыйная частка прысуду — ён яе пакуль ня бачыў. «Але збольшага наўрад ці», — дадаў Канстанцін Мароз. У суд ён прыйшоў з валізкамі, гатовы да адседкі, і не хаваў задавальненьня, што суд захаваў яму волю. Пагаварыць з асуджаным Сяргеем Суравіцкім не ўдалося.

Суд пастанавіў вярнуць усю маёмасьць, якая была арыштаваная ў фігурантаў справы. Гэта грошы, залатыя рэчы, аўтамабілі, зямельныя ўчасткі, мабільныя тэлефоны.

Пацярпелымі ад дзеяньняў падсудных сьледзтва прызнала «Белмытсэрвіс» і іншыя фірмы, якія карысталіся паслугамі арганізацыі. Тое, што суд пакінуў без разгляду грамадзянскі пазоў, які быў выстаўлены Канстанціну Марозу і Сяргею Суравіцкаму, расчаравала прадстаўніка адной з пацярпелых у справе арганізацый Аляксандра Касьцюкевіча. Але пэрспэктыў грамадзянскага пазову да Суравіцкага і Мароза ён ня бачыць.

«Сьледзтва налічыла стратаў, якія яны нанесьлі, амаль на 600 тысяч рублёў, але ў судзе гэта не разглядалася. Чаму, нам невядома. Асабіста я пэрспэктываў у грамадзянскага пазову да падсудных ня бачу, бо гэта цяжка даказаць, хоць страты відавочна былі. Але канчатковае рашэньне яшчэ не прынятае, магчымасьць пасудзіцца яшчэ ёсьць», — сказаў прадстаўнік пацярпелага боку Аляксандар Касьцюкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG