Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі загадаў сілавікам за два тыдні знайсьці, хто праслухоўваў прэм’ера


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі запатрабаваў ад праваахоўных органаў за два тыдні выявіць усіх датычных да праслухоўкі і публікацыі запісу размоваў прэмʼер-міністра Аляксея Ганчарука, міністраў і прадстаўнікоў Нацыянальнага банку Ўкраіны, паведамляе прэс служба ўкраінскага прэзыдэнта.

Той жа тэрмін Зяленскі даў сілавікам на выпрацоўку неабходных захадаў, «каб выключыць падобныя інцыдэнты ў будучыні» і тэхнічна забясьпечыць абарону інфармацыі вышэйшых украінскіх чыноўнікаў.

Заява была зробленая 17 студзеня падчас сустрэчы з кіраўнікамі Службы бясьпекі Ўкраіны, Офіса генэральнага пракурора, Міністэрства ўнутраных справаў, Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро, Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў і Ўпраўленьня дзяржаўнай аховы.

«Патрабую, каб за два тыдні, як мага хутчэй мы з вамі атрымалі інфармацыю: хто вёў запісы... Знайсьці, хто гэта зрабіў, і з гэтым разабрацца», — сказаў Зяленскі.

«Несанкцыянаванае праслухоўваньне і фіксаваньне размоваў не павінна мець месца ў памяшканьнях органаў дзяржаўнай улады ўсіх узроўняў, бо гэта пытаньне нацыянальнай бясьпекі», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы прэзыдэнта.

15 студзеня ва ўкраінскім інтэрнэце зьявіўся аўдыёзапіс, сапраўднасьць якога пакуль не пацьверджана. На ім некалькі чалавек абмяркоўваюць падрыхтоўку дакладу па эканамічнай палітыцы прэзыдэнта, а таксама прычыны і наступствы павышэньня курсу грыўні. Акрамя таго, у запісе, чалавек з голасам, падобным на прэмʼера, кажа пра сваю «некампэтэнтнасьць» у эканамічных пытаньнях. Паводле некаторых дадзеных, запіс мог быць зроблены 16 сьнежня, а ў нарадзе нібыта ўдзельнічалі, акрамя Ганчарука, намесьнік старшыні Нацбанку Кацярына Ражкова, міністар фінансаў Аксана Маркарова, намесьнік кіраўніка Офіса прэзыдэнта Юлія Кузьняцова ды іншыя.

Ганчарук па выніках гэтага скандалу 17 студзеня напісаў заяву аб адстаўцы, але Зяленскі пакуль яе не падпісаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG