Эўрапейскія дзяржавы запусьцілі гэтак званы Мэханізм урэгуляваньня спрэчак у рамках рэалізацыі Сумеснага ўсёабдымнага пляну дзеяньняў па іранскай ядзернай праграме.
Гэты крок Брытанія, Францыя і Нямеччына абгрунтоўваюць сваім імкненьнем захаваць ядзернае пагадненьне, падпісанае з Іранам ў ліпені 2015 году. Іран пачаў парушаць гэтае пагадненьне летась, пасьля ўвядзеньня Злучанымі Штатамі новых санкцый.
З Сумеснага ўсёабдымнага пляну дзеяньняў па іранскай ядзернай праграме Злучаныя Штаты выйшлі ў траўні 2018 году, калі прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп нанава ўвёў эканамічныя санкцыі супроць Ірану. Трамп аднавіў санкцыі, каб прымусіць Іран весьці перамовы аб новым пагадненьні, якое паставіць больш строгія абмежаваньні на іранскую ядзерную праграму, а таксама спыніць разьвіцьцё балістычных ракет.
Астатнія ўдзельнікі пагадненьня — тры згаданыя эўрапейскія дзяржавы плюс Кітай і Расея — спрабавалі захаваць яго. Але санкцыі сталі прычынай абвалу экспарту нафты ў Іране, а кошт іранскай валюты ўпаў ды адначасова ўзрасла інфляцыя.
У выніку Іран заявіў аб выхадзе зь ядзернага пагадненьня і пачаў паступова здымаць усе абмежаваньні на вытворчасьць узбагачанага ўрану, які можа быць выкарыстаны для вытворчасьці як рэактыўнага паліва, так і ядзернай зброі. Тэгеран адзначыў, што мае права гэта зрабіць у адказ на амэрыканскія санкцыі, за якімі пайшлі і эўрапейскія кампаніі. Францыя, Нямеччына і Брытанія заявілі, што не прымаюць аргумэнт Ірану.