Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве патрабавалі спыніць перасьлед удзельнікаў акцый супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі. ФОТА


У Кіеве беларускія і ўкраінскія актывісты пікетавалі амбасаду Беларусі ва Ўкраіне, патрабуючы спыніць перасьлед удзельнікаў акцый супраць паглыбленьня беларуска-расейскай інтэграцыі.

Сярод удзельнікаў акцыі — актывісты руху салідарнасьці «Разам» і нацыяналістычных украінскіх арганізацый, а таксама грамадзяне Расеі, вымушаныя яе пакінуць з прычыны перасьледу.

Акцыя адбывалася пад украінскімі і беларускімі сьцягамі. Актывісты выгуквалі лёзунгі «Жыве Беларусь!», «Слава Ўкраіне».

Удзельнікі і арганізатары акцыі перакананыя, што масавыя суды і адміністратыўныя арышты ў Беларусі сьведчаць ня толькі пра парушэньні беларускага і міжнароднага заканадаўства, але і «пра моц пуцінскай агентуры ў карных органах».

«Мы бачым вялікую небясьпеку для будучыні ў дзеяньнях судзьдзяў і сілавікоў, бо пуцінская Расея нічога, акрамя ўдзелу ў сваіх войнах, беларускаму народу прапанаваць ня можа», — адзначаецца ў заяве.

Удзельнікі акцыі таксама патрабавалі прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці судзьдзяў, якія выносілі незаконныя рашэньні, супрацоўнікаў сілавых структур, якія складалі пратаколы і ілжэсьведчылі на судовых працэсах, а таксама супрацоўнікаў турмаў, у якіх парушаюць правы беларускіх патрыётаў.

Заяву агучылі на акцыі і паспрабавалі перадаць праз праваахоўнікаў у амбасаду. Але ў амбасадзе адмовіліся прыняць зварот, параіўшы адправіць яго поштай.

У пікеце ўзялі ўдзел каля дзясятка актывістаў.

«Мы, пісьменьнікі, усе салідарныя з усімі, хто там знаходзіцца пад няправеднымі судамі. Але мы пераможам. Жыве Беларусь!», — сказаў вядомы ўкраінскі літаратар Аляксандар Ірванец, які таксама далучыўся да акцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG