Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7500 даляраў хабару. Што былы кіраўнік малочнай кампаніі «Мілкавіта» сказаў у апошнім слове на судзе


Гомельскае акцыянэрнае таварыства «Мілкавіта», ілюстрацыйнае фота
Гомельскае акцыянэрнае таварыства «Мілкавіта», ілюстрацыйнае фота

8 студзеня ў судзе Чыгуначнага раёну Гомля выступіў з апошнім словам былы генэральны дырэктар прадпрыемства «Мілкавіта» Сяргей Бабарыка. Яго судзяць за хабар у 7500 даляраў.

Былы кіраўнік цалкам прызнаў сваю віну і папрасіў суд прызначыць яму пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі.

Дзяржаўны абвінаваўца запрасіў Сяргею Бабарыку пазбаўленьне волі на пяць гадоў.

«Я цалкам прызнаю віну, раскайваюся ў тым, што зрабіў. Час, праведзены ў сьледчым ізалятары, быў дастатковым для таго, каб мне ўсё ўсьвядоміць, раскаяцца. Мая сям’я ня толькі страціла карміцеля, але і мусіла панесьці выдаткі, каб дапамагаць мне. Хоць дзяржаўны абвінаваўца лічыць, што маё выпраўленьне магчымае толькі пры ўмове пазбаўленьня волі, я прашу прыслухацца да маіх аргумэнтаў», — выказаўся абвінавачаны.

Ён нагадаў, што ў справе няма абставінаў, якія абцяжарваюць ягоную адказнасьць, і ён не прымаў незаконных рашэньняў, бо хабар «партнэры» давалі за тое, што Сяргей Бабарыка мог зрабіць і без такой «падзякі».

«Прашу прызначыць для мяне пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі. Гэта пляма на маёй біяграфіі, якую я буду змываць усё жыцьцё», — падсумаваў былы кіраўнік.

Ягоны «саўдзельнік», прадстаўнік камэрцыйнай структуры, які даваў хабар, прасіў суд вызваліць яго ад крымінальнай адказнасьці, таму што ён прызнаўся ў злачынстве. Пракурор патрабаваў для яго пазбаўленьня волі на тры з паловай гады.

Хабар былы кіраўнік «Мілкавіты» браў ад прадстаўнікоў камэрцыйных структур — СТАА «КормЖывСэрвіс» і «СтандартАгра». Яны пастаўлялі сельскім гаспадаркам вэтэрынарныя прэпараты. Гаспадаркі праз сваю беднасьць не маглі своечасова заплаціць. Тады прадпрымальнікі зьвярталіся па «дапамогу» да кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў.

Дарэчы, за «сяброўства», заснаванае на атрыманьні хабару, ужо трапіў у турму дырэктар агракамбіната «Паўднёвы». Ён атрымаў 1200 даляраў ад камэрсантаў «за спрыяньне ў закупцы вэтэрынарных прэпаратаў, а таксама своечасовы разьлік». Былога кіраўніка сельскагаспадарчага прадпрыемства пазбавілі волі на 4 гады.

Рашэньне ў крымінальнай справе агучаць 12 студзеня.

Публікацыя падрыхтавана пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG