Тацяна Севярынец, маці Паўла Севярынца, якога асудзілі на 30 сутак адміністрацыйнага арышту, прысутнічала на працэсах у Савецкім судзе Менску. Сёньня тут разглядаліся справы супраць Паўла Севярынца за ўдзел у мітынгах супраць інтэграцыі 20 і 21 сьнежня.
Тацяна Севярынец адказала на пытаньні Радыё Cвабода.
«Ён мужны чалавек, я ўпэўненая ў ім»
— Вы патэлефанавалі ўжо Паўлу пра вынікі судоў, як ён гэта ўспрыняў?
— Ён паставіўся спакойна, ён чалавек натрэніраваны. Ён сам ведае, якія рабіць захады. Я як маці рэагую эмацыйна, таму што маё сэрца баліць, ён мой сын і я ведаю, у якіх абставінах гэта. Ён мужны чалавек, я ўпэўненая ў ім. Але тым ня менш штораз гэта даволі цяжка«.
«Дзіця перастане пазнаваць бацьку»
— Якія вашыя ўражаньні ад суду над Паўлам па дзьвюх новых справах?
— Цяжкія ўражаньні, бо я бачу людзей, якія страцілі пачуцьцё меры, якія страцілі пачуцьцё сумленьня, годнасьці, пачуцьцё гонару за сваю прафэсію. У судзе сьведчыў адзін хлопчык, які асабіста ведае ці ўжо ў другім паказаньні ня ведае Паўла, але кажа, што Павал — гэта вядомая асоба. Ён кажа, што Павал там быў, заклікаў да чагосьці і крычаў «Жыве Беларусь!». Але як выразна яны фармулююць, за што — «супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі».
Разумець, што незалежнасьць — гэта сьвятое, і адначасова асуджаць за гэта людзей, якія выступаюць супраць страты незалежнасьці? У мяне не складаюцца два і два ў галаве.
Двойчы па 15 — столькі сёньня атрымаў мой сын за 20 і 21 сьнежня. Перад гэтым адседзеўшы 15 сутак, сёньня яго адпусьцілі, і толькі ўраньні ён дачапаў дадому пад дажджом. Цяпер чарговыя суткі. Дзіця (сын Паўла Францішак. — РС) перастане пазнаваць бацьку. Як ён сёньня радаваўся, я на гэта не магла глядзець бязь сьлёз. А што будзе яшчэ празь месяц?
«Павал быў у розных умовах, ён іх вытрымае»
— Чаму Павал не прыйшоў на пасяджэньне суду?
— Яго сёньня з Акрэсьціна прывозілі сюды (у суд Савецкага раёну. — РС), пабудзілі ў 6.20, сказалі, што будуць гэтыя суды і ваша справа, прыходзіць ці не. Але калі чалавек прыйшоў з 14-й камэры з турмы на Акрэсьціна, гэта азначае, што ён прыйшоў з насякомымі. Я сёньня выкінула два пакеты бялізны, паліто закінулі ў пральню, каб, ня дай Бог, гэтая зараз не пасялілася ў хаце, там, дзе малому дзіцятку яшчэ няма двух гадкоў. Мы выкінулі штаны, швэдры, абутак на сьметніцу. Гэта, лічыце, яшчэ дадатковы штраф.
Я разумею, якія ёсьць карныя сыстэмы. Калі абстрагавацца ад усяго і вам хочацца чалавека пакараць, пазбавіць яго зносінаў з роднымі, сябрамі, нармальнага працоўнага дня. Але ў месцах зьняволеньня трэба стварыць чалавечыя ўмовы.
Павал быў у розных умовах, ён іх вытрымае. Але ўся сыстэма, гэта антычалавечая, пачварная ўлада паказвае сваю бездапаможнасьць перад моцай чалавечага духа. Павал, Вячаслаў Сіўчык, Яўген Афнагель, Максім Вінярскі, Вольга Кавалькова — супраць іх уся гэтая сыстэма. Але яны нішто, і народ іх хутка раздушыць пазногцем аб гэтую лаву падсудных.
«Я таксама колькі тон нафты ўжо аплаціла сваімі штрафамі»
— Вы запыталі ў судзьдзі: «А ці трэба браць дазвол, каб бараніць краіну?» Але пытаньне засталося без адказу...
— Гэта ж само сабой разумеецца. Я ж таксама была на плошчы і атрымала штраф. Колькі тон нафты я ўжо аплаціла сваімі штрафамі! Дык вось яны неяк спрабавалі спыніць людзей, відаць, са страху. Потым дазвол быў: «Нікога не чапаць». І цяпер, калі яны наўздагон пачалі ўсе гэтыя судовыя працэсы і гучыць фраза, што не было дазволу Менгарвыканкаму, зноўку два і два не складаецца.
Браць дазвол, каб бараніць незалежнасьць — гэта як? Тым больш правакатар у нас адзін — гэта кіраўнік краіны. Ён справакаваў усе гэтыя шэсьці і мітынгі. І калі ў Беларусі знойдзецца хоць адзін прыстойны чалавек у пагонах, то ён ініцыюе адказнасьць кіраўніка краіны. Калі не, то народ будзе пытацца ў яго. Ён сабе гэтымі судамі і ганебнымі перасьледамі падпісвае вельмі суровы вырак тлустым шрыфтам. Разам з тым, што ён нарабіў за 25 гадоў.