Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі моцны вайсковы патэнцыял Ірану? Тлумачым з карцінкамі


Іранскія вайскоўцы на парадзе ў Дзень нацыянальнай арміі. Тэгеран, 22 верасьня 2019
Іранскія вайскоўцы на парадзе ў Дзень нацыянальнай арміі. Тэгеран, 22 верасьня 2019

Пасьля забойства амэрыканцамі іранскага генэрала Касэма Сулеймані і іранскай ракетнай атакі на амэрыканскія базы ў Іраку шмат хто загаварыў аб верагоднасьці разьвязаньня буйнога іранска-амэрыканскага ваеннага канфлікту.

Наколькі моцныя ўзброеныя сілы Ірану? Ці могуць яны супрацьстаяць ЗША у маштабнай вайне? Прапануем тлумачальны матэрыял на гэтую тэму.

Няма ядзерных сіл і верных саюзьнікаў

У іранцаў ёсьць шырока разрэклямаваная і вельмі супярэчлівая ядзерная праграма, але ў цяперашні час яны ня маюць магчымасьці вырабіць ядзерную зброю.

«У іх ёсьць балістычна-ракетная праграма, але няма ракет далёкага дзеяньня, здольных дасягнуць ЗША», — адзначае амэрыканскае выданьне The Atlantic.

Выданьне таксама зьвяртае ўвагу, што ў Тэгерану няма ніводнага значнага сябра ў рэгіёне: «Іран мае прыстойныя адносіны з Расеяй і Кітаем, але ніводнага вернага саюзьніка сярод моцных дзяржаваў».

Спадарожнікавае фота амэрыканскай базы Айн аль-Асад пасьля іранскага ракетнага ўдару, 8 студзеня 2020
Спадарожнікавае фота амэрыканскай базы Айн аль-Асад пасьля іранскага ракетнага ўдару, 8 студзеня 2020

Сьціплы вайсковы бюджэт

Абаронны бюджэт Ірану ў 2018 годзе склаў больш за 13 мільярдаў долараў, што дало краіне 18 месца ў сьвеце паводле вайсковых выдаткаў, паведамляе Стакгольмскі міжнародны інстытут дасьледаваньняў міру (SIPRI).

Але Тэгеран у гэтых выдатках значна адстае ад рэгіянальных апанэнтаў, такіх як Саудаўская Арабія, якая ў 2018 годзе патраціла на армію каля 70 мільярдаў долараў, або Ізраіль — 18,5 мільярда долараў у 2018 годзе. ЗША ў гэтай галіне без канкурэнтаў — гадавыя выдаткі больш за 700 мільярдаў долараў.

Экспэрты аднак зьвяртаюць увагу, што вайсковы комплекс Ірану, асабліва Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР), не залежыць толькі ад дзяржаўнага бюджэту ў сваім фінансаваньні.

«Армія кантралюе [пятую частку] рынкавага кошту кампаній, якія каціруюцца на Тэгеранскай біржы, і валодае тысячамі іншых кампаній, якія прыносяць даход узброеным сілам», — паведамляе Фонд абароны дэмакратычных дзяржаваў зь сядзібай у Вашынгтоне. «Акрамя таго, КВІР кантралюе значную частку ценявой эканомікі Ірану».

Іранскія вайсковыя вучэньні
Іранскія вайсковыя вучэньні

Найбольшая армія на Блізкім Усходзе

Паводле агульнай вайсковай моцы іранскія ўзброеныя сілы займаюць 14 месца ў сьвеце з 137 краінаў, якія ў 2019 годзе былі ўключаныя ў рэйтынг Global Firepower і Business Insider.

Маючы 523 тысячы чалавек у дзейных узброеных сілах і яшчэ 350 тысяч рэзэрвістаў, Іран валодае колькасна найбольшай арміяй на Блізкім Усходзе.

Больш за 150 тысяч чалавек налічвае Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі — самая істотная сіла ў іранскай арміі.

Армія ў складзе арміі

Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі складаецца зь некалькіх групаў (глядзіце карцінку).

Адной з гэтых групаў, падразьдзяленьнем «Кудс», дзесяцігодзьдзямі кіраваў генэрал Касэм Сулеймані да моманту свае сьмерці ў выніку ўдару амэрыканскага бесьпілётніка 3 студзеня, — падзеі, якая спарадзіла цяперашні крызыс у адносінах Ірану і Злучаных Штатаў.

Падразьдзяленьне «Кудс» у асноўным адказвае за замежныя апэрацыі, пераважна на Блізкім Усходзе. Яго колькасны склад ацэньваецца на прыблізна 20 тысяч чалавек.

Важна падкрэсьліць, што экстэрытарыяльнае выкарыстаньне «Кудс» прадугледжвае ўключэньне ў баявыя дзеяньні каля 200 тысяч шыіцкіх апалчэнцаў, якія знаходзяцца як мінімум у пяці краінах рэгіёну.

Танкі, БТРы, супрацьтанкавая зброя

У Ірану ёсьць 1634 танкі (паводле колькасьці гэта дае краіне 18 месца ў сьвеце), 2345 баявых браніраваных машын і 1900 супрацьтанкавых ракетных установак. Аднак гэтая адносна вялікая танкавая сіла ў асноўным складаецца са старых мадэляў і цалкам састарэлых танкаў.

Ваенна-марскі флёт

У Іране гэта адносна сьціплая сіла, у якой няма ні авіяносца, ні эсьмінца. Ваенна-марскі флёт Тэгерану мае шэсьць фрэгатаў, тры карвэты, 34 падводныя лодкі (у тым ліку «Палтусы» расейскай вытворчасьці) і 88 патрульных суднаў.

Судна іранскага ваенна-марскога флёту ў пратоцы Армуз
Судна іранскага ваенна-марскога флёту ў пратоцы Армуз

«Хуткія летуны»

Паводле колькасьці баявых самалётаў (509) Іран адстае ад найважнейшых рэгіянальных апанэнтаў — Саудаўскай Арабіі (848) і Ізраілю (595).

Да таго, большая частка іранскіх ваенна-паветраных сілаў датуецца эпохай шаха або засталася ад ірацкага дыктатара Садама Хусэйна, які перавёз шмат сваіх самалётаў у Іран падчас вайны ў Пэрсыдзкай затоцы 1991 году, каб пазьбегнуць іх зьнішчэньня.

Зьнішчальнікі амэрыканскай вытворчасьці F-4, F-5 і F-14, пабудаваныя ў 1970-х гадах, застаюцца апорай ваенна-паветраных сілаў Ірану, якія маюць мянушку «Тызпарвазан» («Хуткія летуны»).

Ракетны арсэнал

Іран можа пахваліцца адным з самых буйных і разнастайных арсэналаў ракетнай зброі на Блізкім Усходзе. Ён валодае як крылатымі, так і балістычнымі ракетамі, а таксама ракетамі-носьбітамі. Экспэрты прызнаюць, што Іран мае найбольш разьвітая ракетную сыстэму малой і сярэдняй далёкасьці ў рэгіёне (глядзіце карцінку).

У мінулым Тэгеран распрацоўваў таксама міжкантынэнтальныя ракеты, але ў 2015 годзе Іран пагадзіўся на гістарычнае ядзернае пагадненьне, якое паклала канец гэтай праграме.

Амэрыканскія сілы на Блізкім Усходзе

Паводле розных ацэнак, на Блізкім Усходзе разьмешчана больш за 50 000 амэрыканскіх вайскоўцаў (глядзіце карцінку).

Асноўнай ударнай сілай ЗША на Блізкім Усходзе лічыцца Пяты флёт, якім камандуе віцэ-адмірал Джэймс Малай. У зону адказнасьці флёту ўваходзіць Пэрсыдзкая затока, Чырвонае і Арабійскае моры і частка Індыйскага акіяна.

Флёт месьціцца ў Бахрэйне, ня мае пастаяннага складу караблёў і фармуецца па меры неабходнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG