У пратаколе напісалі, што ў яго «сярэдняя адукацыя». Баршчэўскі ж кандыдат філялягічных навук, выкладчык і перакладчык дзясяткаў значных твораў на беларускую мову.
У судзе Цэнтральнага раёну Менску 9 студзеня разглядалася адміністрацыйная справа (ч. 1 арт. 23.34 КаАП) супраць Лявона Баршчэўскага за ўдзел у акцыі за незалежнасьць Беларусі 20 сьнежня. Суд вырашыў вярнуць справу ў Кастрычніцкі РАУС Менску на дапрацоўку.
На працэс прыйшлі каля 20 чалавек, сярод якіх праваабаронца Алесь Бяляцкі, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, мовазнаўца Вінцук Вячорка прадстаўнікі амбасады Літвы і прадстаўніцтва Эўразьвязу, ПЭН-цэнтру.
Па хадайніцтве Баршчэўскага судзьдзя Тацяна Акавітая вяла працэс на беларускай мове.
У пратаколе напісана, што ў Баршчэўскага «сярэдняя адукацыя»
Баршчэўскі папрасіў, каб суд накіраваў пратакол на дапрацоўку, бо там указаны непраўдзівыя зьвесткі. Сярод іншага ў дакумэнце гаворыцца, што Баршчэўскі мае сярэднюю адукацыю. Насамрэч Лявон Баршчэўскі мае ступень кандыдата філялягічных навук. Ён адзін з заснавальнікаў Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа.
Аднак судзьдзя вырашыла, што пытаньне дапрацоўкі пратаколу будзе вырашана ў канцы расьсьледаваньня справы.
Таксама Баршчэўскі заявіў, што знаходзіўся за 150 мэтраў ад Палаца Рэспублікі і ня браў удзелу ў мітынгу, а выконваў рэдакцыйнае заданьне як няштатны карэспандэнт газэты «Народная воля» (адпаведныя дакумэнты былі далучаныя да справы) і як пісьменьнік цікавіўся думкамі людзей.
Баршчэўскі заклікаў суд спыніць супраць яго адміністрацыйны працэс
У суд зьявіўся толькі адзін сьведка-міліцыянт, паказаньні другога зачыталі.
Сьведка міліцыянт Віталь Няжон сказаў, што бачыў Лявона Баршчэўскага на Кастрычніцкай плошчы прыблізна з 18 гадзін (дакладна ня памятае). Паводле яго, Баршчэўскі стаяў і размаўляў, але ён дакладна ня памятае, бо «была вялікая колькасьць грамадзян».
Баршчэўскі спытаўся, чаму міліцыянт не падышоў і не папярэдзіў яго пра нейкае парушэньне. Сьведка сказаў, што выконваў загады кіраўніцтва. Баршчэўскі папрасіў суд занатаваць, што міліцыянт «абʼектыўна сьведчыць ня можа».
На пытаньне Баршчэўскага, ці ёсьць у міліцыянтаў загад устанаўліваць асобу чалавека, калі той учыняе адміністрацыйнае правапарушэньне, сьведка адказаў, што «гэта службовая інфармацыя».
Таксама міліцыянт сказаў, што яму цяжка адказаць, ці бачыў ён бэйдж няштатнага супрацоўніка газэты.
Баршчэўскі заявіў у судзе, што падтрымлівае незалежнасьць Беларусі. Ён заклікаў суд спыніць адміністрацыйны працэс супраць яго і прыняць прыватную пастанову ў адрас супрацоўнікаў міліцыі, якія прывялі непраўдзівыя зьвесткі і пра яго асобу, і пра тое, што адбывалася на Кастрычніцкай плошчы.