Праваабаронца Стась Шашок, абаронца Курапатаў з КХП-БНФ Алесь Чахольскі і актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель апынуліся на Новы год у камэрах турмы на завулку Акрэсьціна. Гэта кара за ўдзел ў акцыях супраць «паглыбленай інтэграцыі». Як сустракалі Новы год арыштанты і як — іхныя сваякі?
«Упершыню сустракала Новы год зусім адна» — маці Станіслава Шашка
Сын Ірыны — былы кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, праваабаронца Стась Шашок — быў затрыманы 26 сьнежня ўвечары ў пад’ездзе дому. Ірына спрабавала папярэдзіць сына, але не дапамагло.
«Як зайшла ў пад’езд, там двое мужчын стаяць, і я адразу адчула, што яны ня нашыя. Тут сын пазваніў, кажа, заскочыў у „Лідо“ паесьці ды неўзабаве прыйдзе. Тады я расказала пра гэтых дваіх, каб пакуль ў пад’езд не заходзіў, але ён аджартаваўся. Цяпер сябе крыху супакоўваю, што хоць паеў перад затрыманьнем, бо дагэтуль ня ведаю, як і што зь ім», — хвалюецца Ірына.
На наступны дзень, 27 сьнежня, Ірына на хвілінку пабачыла сына ў судзе Маскоўскага раёну. Працэс над Стасем Шашком правялі ў абедны перыпынак, нават маці выдалілі з будынку суду. Сьведак з боку Стася, як і адваката, на працэс не дапусьцілі.
З ізалятару на Акрэсьціна, куды на 15 дзён адправілі актывіста за акцыі 7 і 8 сьнежня, пра яго няма ніякай інфармацыі.
«Гэтак было ўпершыню, каб я Новы год сустракала зусім адна, — апавядае Ірына. — Звычайна мы сустракаем зь сястрой, але яна цяжарная, і я вырашыла яе не напружваць сваімі праблемамі. Сын звычайна ішоў у сваю кампанію, але потым абавязкова прыходзіў павіншаваць. А цяпер і ён не прыйшоў. Мелася паехаць да сваякоў у Санкт-Пецербург, дык здала квіток — як ехаць у такой сытуацыі? Такі быў настрой, што няшмат і за сталом пасядзела. Зь сябрамі сына паперапісвалася ў „тэлеграме“, дзякуй ім усім за маральную падтрымку, і хутка лягла адпачываць. Спала гэтак, што нават фаервэркаў ня чула».
Маці Стася Шашка згадвае, як слухала навагодні зварот Лукашэнкі.
«Слухала яго — пра тое, якая мы нацыя, як адстойвалі сваю незалежнасьць — і думала: „А як жа так, чаму тады за гэта ўсё тут людзей саджаюць?“ Было і крыўдна, і сьмешна. Ясна, што ня сам пісаў тэкст, яму такую прамову напісалі, але ж атрымалася вельмі недарэчна», — заўважае Ірына.
У якіх ўмовах трымаюць цяпер яе сына, Ірына ня ведае. У ізалятары на Акрэсьціна ёй нічога ня кажуць. На скаргі ў пракуратуру і Сьледчы камітэт адказаў пакуль няма. На працы яе напалохалі аповедамі пра тое, як непажаданай асобе могуць нешта падкінуць, каб потым пасадзіць на рэальны тэрмін. Цяпер гадае — ці могуць гэтыя мэтады выкарыстаць і супраць яе сына?
«Ведаеце, за ягоны маральны стан я не турбуюся. Ён хоць ня моцнага целаскладу, але маральна яго не зламаць, дакладна. І зь людзьмі ён кантактны, сам на канфлікт ніколі ня пойдзе. Але ўсё роўна страшна — ён жа там упершыню».
3 студзеня сябры Стася Шашка з «Моладзевага блёку» ўжо пяты раз прыходзілі да ізалятару на Акрэсьціна разам з адвакатам.
«Адваката, каб сустрэўся са Стасем, не пускаюць. Нібыта няма пакояў для сустрэч. Для нас чуць такі адказ было вельмі дзіўна, але Вячаслаў Сіўчык згадаў, што гэтак ужо з 2016 году — калі туды выклікаюць адваката для „палітычных“, дык нібыта няма пакояў для сустрэч. Нічога. Будзем яшчэ пісаць скаргі», — апавёў пра сытуацыю з Стасем Шашком актывіст Пётра Маркелаў.
Маці і сябры Стася Шашка чакаюць яго на волі ўвечары 10 сьнежня.
«У Алеся пасьведчаньне ліквідатара Чарнобыля, але ім усё роўна», — жонка Алеся Чахольскага
У такім жа стане няведаньня знаходзяцца жонка і сябры сакратара ўправы КХП-БНФ Алеся Чахольскага, асуджанага на 15 содняў арышту.
Валянціна, жонка актывіста, перадала мужу ў турму на Акрэсьціна некалькі перадач, але ад яго ніводнага ліста не атрымала.
«Нават картку тэлефонную, каб пазваніў, перадаць не дазволілі. Пра што вы кажаце? Глуха. З прадуктаў таксама ня ўсё бяруць. Нельга яблыкаў, апэльсінаў, мандарынаў. Але галоўнае — як дапамагаць у пытаньнях здароўя? У мужа пасьведчаньне ліквідатара Чарнобыля, у яго высокі ціск, яму патрэбныя пэўныя лекі. А ім ўсё роўна — нават ня кажуць, чым яму дапамагчы. Ахоўнік сказаў, што ў іх там свой апарат для замераў ціску, яны нібыта спраўляюцца, і адмовіўся перадаць запіску. Толькі газэты прынялі», — расказала Валянціна.
У сям’і Чахольскіх двое дарослых дзяцей, пяцёра унукаў. Упершыню Алесь Чахольскі ня мог сустрэць у сям’і Новы год, бо сядзеў за кратамі.
«Была дачка, унукі, але што тут казаць? Зразумела, што цяжка ўсё гэта. Пазваніце калі пазьней, можа раскажу пра свае пачуцьці, але пакуль няма настрою», — сказала жонка актывіста.
Сябра Чахольскага па партыі былы дэпутат Вярхоўнага Савету Юрась Беленькі паведаміў, што Алеся Чахольскага затрымалі ўвечары 26 сьнежня.
«Падпільнавалі на вуліцыі і невядома куды адвезьлі. Увогуле было падобна на выкраданьне. У пятніцу мы пачалі абзвоньваць аддзелы міліцыі, ізалятар на Акрэсьціна, але нам усюды сказалі, што няма такога. І толькі пасьля таго, як Алеся ўдзень судзілі і далі 15 содняў, вечарам нам пацьвердзілі, што ён арыштаваны. Ён браў вельмі актыўны ўдзел ува ўсіх чатырох мітынгах, выступаў з рашучымі прамовамі, абыходзіў мітынгоўцаў з заклікамі далучацца наступным разам», — адзначыў Юрась Беленькі. Паводле Юрася Беленькага, позвы ў суд за ўдзел у акцыях у абарону незалежнасьці атрымалі таксама іншыя актывісты КХП-БНФ. Суды адбудуцца 9 і 10 студзеня.
«Новы год мы ўсё роўна сустрэлі, хоць і праз два дні», — актывіст Яўген Афнагель
Каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель быў сярод першых 5 актывістаў, якіх арыштавалі напярэдадні акцый 20 і 21 сьнежня. Яго асудзілі на 15 содняў, ён вызваліўся 2 студзеня. Для Афнагеля гэта была ня першая адседка на Акрэсьціна, але Новы год за кратамі ён сустракаў упершыню.
«Дзень як дзень. У турме не бывае нейкіх асаблівых дзён, акрамя тых, калі цябе вызваляюць. На Новы год тое самае — усё па разнарадцы, ніякіх дадатковых страваў на стале, калі няма перадач з волі. Мне жонка пасьпела да Новага году перадаць цукерак і нават піражкоў, тады было чым з сукамэрнікам заесьці гарбату.
У турме на Новы год было спакойна, але ноччу было чуваць, што за межамі турмы сьвяткуюць — фаервэркі, галасы. Нас адмыслова не віншавалі, ня тое што на Каляды — тады нехта зладзіў адмысловы фаервэрк для вязьняў. Было вельмі прыемна, што ёсьць салідарнасьць. Яшчэ атрымаў больш за 10 паштовак і лістоў у падтрымку, таксама ўсім дзякуй. Але ведаю, што ня ўсе лісты дайшлі», — згадаў актывіст.
На пытаньне пра стаўленьне міліцыянтаў да акцыі ў падтрымку незалежнасьці Яўген Афнагель падзяліўся такімі назіраньнямі.
«Ужо гадоў 5 ідзе такі трэнд, што да палітычных вязьняў і нашай барацьбы стаўленьне нармальнае. Могуць выказаць спачуваньне, нават павіншаваць з Новым годам. Але калі іх ставяць перад выбарам — сумленьне ці выкананьне загаду — абіраюць загад».
2 студзеня Яўгена Афнагеля каля ізалятара на Акрэсьціна сустрэла жонка. «Зь ёю мы потым і сустрэлі Новы год — гэта галоўнае. Няважна, у які дзень, важна, з кім і як», — кажа Яўген Афнагель.
«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»