Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6885 рублёў. Суды аштрафавалі за ўдзел у акцыях за незалежнасьць Беларусі

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота. Акцыя за незалежнасьць супраць інтэграцыі з Расеяй, Менск 8 сьнежня
Ілюстрацыйнае фота. Акцыя за незалежнасьць супраць інтэграцыі з Расеяй, Менск 8 сьнежня

У Менску 8 студзеня ўзнавіліся суды над удзельнікамі акцый у падтрымку незалежнасьці Беларусі і супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй, якія адбыліся 7, 8, 20 і 21 сьнежня 2019 году.

У пэрыяд з 8 па 10 студзеня ў Менску, Віцебску, Лідзе і Пінску заплянавана каля 50 судоў паводле артыкулу 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах), паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

На цяперашні момант вядома пра наступныя прысуды:

  • Алена Талстая — штраф 1350 рублёў, паводле ч. 3 арт. 23. 34 КаАП; судзьдзя — Юлія Варакса.
  • Марына Касінерава — штраф 810 рублёў, за ўдзел у акцыі 20 сьнежня, паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП, судзьдзя — Юры Машкетаў.
  • Вячаслаў Касінераў — штраф 810 рублёў, паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП, судзьдзя — Тацяна Мотыль.
  • Сяргей Антончык — штраф 810 рублёў, за ўдзел у акцыі 20 сьнежня, паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП, судзьдзя — Віктар Казак. Антончык у суд не зьявіўся па сямейных абставінах.
  • Віктар Савіч — штраф 675 рублёў, паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП, судзьдзя — Лідзія Целіца. Віктар Савіч на пасяджэньне не прыйшоў. Яго судзілі ня толькі за акцыю 7 сьнежня, але і за 20 і 21 сьнежня — паводле трох пратаколаў.
  • Леанід Акаловіч — штраф 810 рублёў, за ўдзел у акцыі 21 сьнежня, паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП, судзьдзя — Юры Машкетаў.
  • Мікалай Трафімчук — штраф 540 рублёў, за ўдзел у акцыі 21 сьнежня, паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП, судзьдзя — Юлія Варакса.
  • Міхась Варанцоў — штраф 810 рублёў, паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП, судзьдзя — Лідзія Целіца.

Агулам іх аштрафавалі на 6885 рублёў, пішуць праваабаронцы «Вясны».

Справу актывісткі «Моладзевага блёку» Аланы Гебрэмарыям суд адправіў на дапрацоўку ў РУУС, паведаміла «Прававая ініцыятыва».

У Пінску 8 студзеня пройдуць суды над удзельнікамі мясцовай акцыі за незалежнасьць, якая адбылася ўвечары 20 снежня ў цэнтры горада, Дзьмітрыем Тарасюком і Мікалаем Міхалевічам.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG