Лідэра апазыцыі і сьпікера Нацыянальнай асамблеі Вэнэсуэлы Хуана Гуайдо і ягоных прыхільнікаў не пусьцілі ў парлямэнт 5 студзеня, у дзень галасаваньня за новага сьпікера.
Прадстаўнікі сілавых структур акружылі будынак і не дазволілі апазыцыі пранікнуць унутр. Гуайдо паспрабаваў пералезьці праз агароджу, але ахова яму не дазволіла.
На пасяджэньні парлямэнту сьпікерам быў абраны Луіс Пара, які намінальна належыць да апазыцыі, але атрымаў падтрымку прэзыдэнта краіны Нікаляса Мадуры. Ён атрымаў 81 голас. У парлямэнце 165 месцаў, 112 зь якіх займае апазыцыя.
Дэпутаты ад апазыцыі правялі імправізаванае пасяджэньне ў рэдакцыі мясцовай газэты і пераабралі сьпікерам Гуайдо. Паводле зьвестак Нацыянальнай асамблеі, за яго прагаласавалі 100 дэпутатаў.
Апазыцыя абвінаваціла Мадуру ў «парлямэнцкім перавароце». Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо падтрымаў пераабраньне Гуайдо.
«Віншуем Хуана Гуайдо зь пераабраньнем на пасаду старшыні Нацыянальнай асамблеі! Арышты, хабары і блякаваньне доступу да яе будынка не маглі сарваць Нацыянальную асамблею Вэнэсуэлы. Толькі свабодныя і справядлівыя прэзыдэнцкія выбары, арганізаваныя часовым урадам, могуць спыніць гэты крызыс», — напісаў Пампэо ў твітэры.
Увесь 2019 год у Вэнэсуэле працягвалася супрацьстаяньне паміж прыхільнікамі апазыцыянэра Хуана Гуайдо і прэзыдэнта Нікаляса Мадура. Злучанымі Штатамі, большай часткай Эўропы і Паўднёвай Амэрыкі Гуайдо быў прызнаны легітымным часовым прэзыдэнтам Вэнэсуэлы. Мадура падтрымліваецца Расеяй, Кітаем, Турэччынай, Іранам, Кубай і Балівіяй.
На фоне супрацьстаяньня працягваецца глыбокі эканамічны крызыс, празь які краіну пакінулі больш за чатыры мільёны чалавек. Ва ўсіх рэгіёнах Венесуэлы назіраецца дэфіцыт прадуктаў харчаваньня і іншых тавараў.