Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кітаі навукоўца, які зьмяніў ДНК эмбрыёнаў, асудзілі на 3 гады турмы


 Хэ Цзянькуй
Хэ Цзянькуй

Суд у Кітаі прысудзіў навукоўцу Хэ Цзянькуя тры гады турмы і штраф 3 мільёны юаняў (каля 430 тысяч даляраў) за незаконнае рэдагаваньне генома эмбрыёна чалавека. Пра гэта гаворыцца ў рашэньні суду, перадае ТАСС.

У лістападзе мінулага году Хэ Цзянькуй заявіў, што дапамог нарадзіцца дзьвюм здаровым дзяўчынкам-блізьнятам, у якіх быў адрэдагаваны ген. Гэта было зроблена з мэтай абараніць іх у будучыні ад ВІЧ. Навуковага артыкулу пра яго дасьледаваньне або незалежных пацьверджаньняў да гэтага часу няма.

Пасьля гэтага нацыянальная камісія аховы здароўя заявіла аб праверцы законнасьці экспэрымэнтаў Хэ Цзянькуя. Больш за 100 кітайскіх навукоўцаў заявілі ў адкрытым лісьце, што выкарыстаньне тэхналёгіі, якая дазваляе знайсьці ў ДНК патрэбны ген і выдаліць або падправіць яго, для рэдагаваньня генаў эмбрыёнаў чалавека зьяўляецца рызыкоўным, неапраўданым і наносіць шкоду рэпутацыі і разьвіцьцю біямэдычнай супольнасьці.

У студзені 2019 году ўлады Кітаю прызналі незаконным праведзены навукоўцам экспэрымэнт у рэдагаваньні ДНК яшчэ ненароджаных дзяцей. Згодна з вынікамі расьсьледаваньня, навуковец падрабіў сэртыфікат камісіі па этыцы для правядзеньня сваёй працы.

У Кітаі, у адрозьненьне ад многіх іншых краінаў, няма наўпроставай забароны на працу з генамі эмбрыёнаў. Аднак этычныя нормы, якія дзейнічаюць у краіне для навукоўцаў, забараняюць праводзіць экстракарпаральнае апладненьне (ЭКА) з генэтычна мадыфікаванымі зародкамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG