Выданьне MIT Technology Review упершыню апублікавала ўрыўкі з працы кітайскага біяфізіка Хэ Цзянькуя, які ў 2018 годзе абвясьціў пра нараджэньне першых у сьвеце «генэтычна адрэдагаваных» дзяцей. Навукоўцы, якія азнаёміліся з працай, кажуць, што Хэ Цзянкуй і ягоная каманда праігнаравалі этычныя і навуковыя нормы.
Праца пад назвай «Нараджэньне блізьнятаў пасьля рэдагаваньня геному для супраціўляльнасьці ВІЧ» дагэтуль не публікавалася. MIT Technology Review дало тэкст на экспэртызу чатыром спэцыялістам — Гэнку Грылі, прафэсару права Стэнфардзкага ўнівэрсытэту, Фёдару Ўрнову дасьледчыку генэтычнага рэдагаваньня з Інстытуту інавацыйнай геномікі Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Бэрклі, Рыце Васэна, навуковай дырэктарцы Eugin Group, спэцыялістцы па штучным апладненьні, і Джын О’Браен, рэпрадукцыйнаму эндакрынолягу з амэрыканскай клінікі Shady Grove Fertility. Паводле выданьня, іх ацэнкі былі вельмі жорсткімі.
Падаем вашай ўвазе 10 асноўных заўвагаў з боку экспэртаў MIT Technology Review:
1. Чаму сярод аўтараў працы не было дактароў?
Праца пачынаецца са сьпісу 10 аўтараў, сярод якіх не было дактароў, якія працавалі з удзельнікамі экспэрымэнту. Магчыма, што гэта было зроблена, каб захаваць ананімнасьць пацыентаў, але застаецца няясным, ці ўсьведамлялі дактары, што яны дапамагаюць ў стварэньні генэтычна рэдагаваных немаўлят. Акрамя таго, сам факт адсутнасьці дактароў дазваляе ўвогуле паставіць пад сумнеў сам факт экспэрымэнту.
2. Дадзеныя, прыведзеныя дасьледчыкамі, не падтрымліваюць іх асноўных цьверджаньняў.
У кароткім зьмесьце працы гаворыцца, што атрымалася «пасьпяхова рэпрадукаваць» мутацыю гена CCR5. Невялікі працэнт людзей, народжаны з гэтай мутацыяй, вядомай як CCR5 delta 32, можа быць няўразьлівы да вірусу імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ).
Але з самой працы вынікае, што каманда Хэ Цзянкуя не рэпрадукавала вядомую мутацыю, а стварыла новыя мутацыі. Яны могуць ствараць супраціўляльнасьць ВІЧ, але могуць і не ствараць. Паводле працы, дасьледчыкі гэтага не праверылі.
3. Генэтычна рэдагаваныя эмбрыёны ня возьмуць ВІЧ пад кантроль, асабліва ў найбольш закранутых краінах.
Аўтары працы сьцьвярджаюць, што генэтычнае рэдагаваньне немаўлятаў дапаможа ўратаваць мільёны жыцьцяў ад ВІЧ-іінфэкцыі. MIT Technology Review кажуць, што нават калі высьветліцца, што генэтычнае рэдагаваньне з дапамогай мэтаду CRISPR сапраўды дапамагае стварыць людзей з супраціўляльнасьцю ВІЧ, гэта наўрад ці зможа быць практычным вырашэньнем праблемы ВІЧ-эпідэміі.
4. Бацькі, магчыма, удзельнічалі ў экспэрымэнце, не разумеючы яго наступстваў.
Выкарыстаньне мэтаду CRISPR не матывавалася тым, каб дзеці не заразіліся вірусам, якім быў інфікаваны іх бацька, хоць некаторыя інтэрпрэтавалі гэты экспэрымэнт менавіта так. Насамрэч, для гэтага выкарыстоўвалася ўжо добра апрабаваная тэхналёгія ачысткі спэрмы. Сапраўднай мэтай экспэрымэнту было даць дзецям імунітэт да ВІЧ пазьней ў жыцьці. Такім чынам у экспэрымэнту не было хуткага пазытыўнага ўплыву на здароўе бацькоў ці дзяцей. Чаму тады бацькі пагадзіліся ў ім удзельнічаць? Магчыма таму, што гэта для іх была адзіная магчымасьць атрымаць такое штучнае апладненьне, лічаць экспэрты MIT Technology Review.
5. Зьмены ў гене былі не такімі, як мутацыі, якія ствараюць «прыродную» супраціўляльнасьць да ВІЧ.
Рэдагаваньне стварыла мутацыі, «падобныя», але не ідэнтычныя да CCR5 delta 32. Да таго ж, толькі адзін з эмбрыёнаў меў абедзьве копіі рэдагаванага гену CCR5. Другі меў толькі адну з двух копій, і таму ў найлепшым выпадку будзе мець толькі «частковую супраціўляльнасьць» да ВІЧ. Але што гэта значыць у кантэксьце ВІЧ? Наколькі супраціўляльнасьць «частковая»?
6. У выніку ўжываньня мэтаду CRISPR маглі адбыцца іншыя, непрадбачаныя генэтычныя зьмены.
CRISPR гэта не дасканалы інструмэнт. Зьмены ў адным гене могуць стварыць іншыя, непрадбачаныя наступствы для геному. Каманда дасьледчыкаў кажа, што знайшла толькі адну дадатковую мутацыю. Аднак экспэрты MIT Technology Review лічаць, што тэхнічна немагчыма вызначыць у эмбрыёне адсутнасьць непрадбачаных мутацый, ня зьнішчыўшы яго і не праверыўшы кожную зь яго клетак.
7. Дактары, якія працавалі з парай, што ўдзельнічала ў экспэрымэнце, маглі ўвогуле ня ведаць, што адбываецца.
Шэраг мэдыяў, у прыватнасьці амэрыканскае выданьне Wall Street Journal паведамлялі, што ня ўсе дактары былі паінфармаваныя пра экспэрымэнт камандай Хэ Цзянькуя. Калі гэта так, дык гэта вялікая праблема, бо дактары ня мелі поўнай інфармацыі, каб дапамагаць сваім пацыентам.
8. У працы няправільна пазначаны час нараджэньня немаўлятаў.
Людзі, знаёмыя з дасьледаваньнем, інфармавалі, што блізьняты нарадзіліся ў кастрычніку, а не ў лістападзе 2018 году. Навошта каманда Хэ давала няправільную інфармацыю? Магчыма, гэта рабілася, каб захаваць ананімнасьць удзельнікаў экспэрымэнту.
9. Няясна, ці быў папярэдні разгляд этычных аспэктаў экспэрымэнту.
У працы этычныя пытаньні абмяркоўваюцца вельмі коратка. Гаворыцца, што плян дасьледаваньня быў зарэгістраваны ў кітайскай базе клінічных дасьледаваньняў, але насамрэч рэгістрацыя адбылася ўжо пасьля нараджэньня блізьнятаў.
10. Перад тым як стварыць генэтычна рэдагаваных людзей дасьледчыкі не праверылі, ці працуе імунітэт на ВІЧ.
Каманда Хэ Цзянкуя піша пра пляны узяць у блізьнятаў аналізы крыві, каб праверыць ці маюць рэдагаваныя клеткі імунітэт да ВІЧ. Але гэта варта было зрабіць загадзя, зрабіўшы ідэнтычныя рэдагаваньні ў лябараторыі і тэсты ўплыву ВІЧ на гэтыя клеткі.