Рэйвы на пікетах, гарачыя спрэчкі з апанэнтамі, манстрацыя і паездка ў РУУС — так «Моладзевы блёк» правёў выбарчую кампанію. Свабода пагаварыла з Аланай, Аляксеем, Данілам, Стасам і Мікітам, каб даведацца, адкуль яны такія ўзяліся, навошта ім палітыка і чаму яны ня зьехалі, як робяць іншыя маладыя беларусы.
Стас Шашок
— Зь Менску я, са звычайнай сям’і, з Грушаўкі. Маці фармацэўт, бацька — дробны прадпрымальнік. Некалі, праўда, быў вакалістам вядомага ў музычных колах гурту «Zartipo». З Вольскім сябраваў, можна сказаць. Маё захапленьне музыкай — гэта ад бацькі ўсё. Я яшчэ музыкай займаюся, гурт маю — «Час лайна». Граем ска-панк.
Вучыўся спачатку ў 60-й беларускамоўнай школе, потым у ліцэі БДУ. Юрфак БДУ скончыў. Спачатку думаў на гістарычны паступаць, я гісторыю добра ведаў, у алімпіядах удзельнічаў. Але потым падумаў, што трэба нешта больш практычнае. І выбраў юрфак.
Усё жыцьцё грамадзкай дзейнасьцю займаюся. Нават у 2006-м, калі меў 12 гадоў, хадзіў улёткі расклейваць за Мілінкевіча. У 2010-м мяне першы раз у аўтазак забралі. Толькі не на Плошчы, а яшчэ да яе, каля цырку. Выпусьцілі потым, але на Плошчу я не пасьпеў ужо.
Калі вучыўся ва ўнівэрсытэце, то за выбарамі назіраў. Але ў вышэйшай адукацыі нашай я вельмі хутка расчараваўся. І ў студэнтах — апатычныя, абыякавыя. На апошніх курсах трапіў на спэцыялізацыю «Дзяржаўнае кіраваньне». Са мной туркмэны вучыліся і вайскоўцы. Гэта таму, што на «Дзяржаўнае кіраваньне» звычайна траплялі тыя, хто мала балаў назьбіраў. Але там выкладалі курс «Правы чалавека». Больш нідзе на юрфаку такога не было.
Яшчэ падчас навучаньня я быў на практыцы ў Беларускім Хэльсынскім камітэце, і гэта перавярнула ўсё. Прыйшла думка заснаваць «Легалайз Беларусь». Так усё закруцілася. Я зразумеў, што 328 — гэта самая актуальная праблема ў Беларусі. Таму што грамадзтва альбо не заўважае асуджаных па гэтым артыкуле людзей, альбо лічыць іх злачынцамі. Звычайных спажыўцоў караюць тэрмінамі па 5–7 гадоў, а пра іх ніхто не гаворыць.
Я не атрымліваю грошай за працу ў «Легалайзе». Хоць яна патрабуе шмат высілкаў, волі, часу. Год адпрацаваў у арганізацыі Human Constanta, даваў кансультацыі. Можна назваць мяне прафэсійным праваабаронцам. Яшчэ нядаўна адну стажыроўку ў БХК скончыў. Стабільнай працы няма. У мяне ніколі не было такой працы, якая патрабуе працоўнай кніжкі. Ёсьць падпрацоўкі часам, гурт прыносіць нейкія грошы, на вясельлях граем. Жыву з бацькамі, на 200 даляраў у месяц магу пражыць.
Бацькі мяне заўсёды падтрымлівалі. Вядома, як звычайныя бацькі, яны хочуць, каб у мяне быў стабільны заробак, 8-гадзінны працоўны дзень, каб усё было цудоўна. Але яны мяне выхоўвалі так, каб я заўсёды меў пэўную ступень свабоды. Я гэта вельмі цаню. Лічу, што калі чалавек вольны, то ён зь цягам часу сам прыйдзе да таго, чым хоча займацца і зарабляць на жыцьцё.
Мне вельмі крыўдна за людзей, якія зьяжджаюць. Мне крыху баліць за гэта. Гэта іх выбар, але... Усё маё жыцьцё завязанае на Беларусі. Правы чалавека, палітыка. Паеду я ў Польшчу, у Амэрыку, якой палітыкай я там буду займацца? Каму там трэба мая музыка? Я нават не ўяўляю сабе, каб я зараз зьехаў. Магчыма, калі я тут рэалізуюся, то зьеду. Гадоў празь дзесяць. Папрацаваць у ААН ці ў міжнароднай арганізацыі можна паехаць. Зараз — дакладна не.
Алана Гебрэмарыям
— Я не плянавала пайсьці ў палітыку ў 22 гады. Але проста накіпела, бо ёсьць шмат праблем, а яны не вырашаюцца. Ніхто не размаўляе ні з моладзьдзю, ні з грамадзтвам увогуле. Калі прынялі «закон аб адтэрміноўках», гэта была адна з апошніх кропель.
У школе быў момант, калі я пачала цікавіцца ўсім беларускім. Я пачала чытаць больш беларускай літаратуры. Ніхто з клясы не цікавіўся ёй, а я такая дзяўчынка-выдатніца. Настаўніца бачыла, што толькі я зацікаўленая, мы спрабавалі разам выправіць мой кепскі акцэнт на беларускай. А пасьля Караткевіча ўвогуле расейская літаратура адпала. Я пачала чытаць больш па гісторыі Беларусі — пра ВКЛ, Рэч Паспалітую, БНР. Потым паступіла ў мэдычны ўнівэрсытэт, і было ўжо ня так шмат часу, каб чытаць і падтрымліваць нейкія ініцыятывы. Таму я была пасіўным змагаром унутры. На трэцім курсе стала больш размаўляць па-беларуску, прыйшла ў Задзіночаньне беларускіх студэнтаў праз Акадэмію студэнцкага лідэрства.
У 2010 годзе ў мяне было шмат праблем у школе, гэта быў пэрыяд рэальнай дыскрымінацыі. Я памятаю, што мама гаварыла мне не хадзіць у цэнтры, каб я сядзела дома. Спачатку я не разумела чаму, а потым мы размаўлялі, і яна сказала, што былі пратэсты. Але мне падаецца, яна сама не разумела, што там адбывалася. Мне шкада, што я не была ўдзельніцай тых падзей. Праз палітыку амаль усе сфэры праходзяць. Я б хацела нарадзіцца ў больш палітычна адукаванай сям’і. Але зараз мы з хлопцамі робім свой рушняк. Магчыма, гэта нават лепш.
Мой бацька зараз у камандзіроўцы, ён ня ведае нават, што я ўдзельнічала ў выбарах. Для яго гэта быў бы шок-кантэнт. Яму не падабаецца, чым я займаюся. Не магу сказаць, што маці ставіцца нэгатыўна, але больш нэўтральна. Хто з бацькоў хоча, каб яго дзіця не сядзела на добрым месцы, не атрымлівала вялікіх грошай?
Далей я хачу працаваць у стаматалёгіі, я ж ня стала дэпутаткай! Калі трэба будзе, застануся ў Задзіночаньні беларускіх студэнтаў, каб перадаць веды новаму пакаленьню — хутка выбары ў Раду. Моладзевы блёк мы ня кідаем, ужо ёсьць напрацоўкі па новых законапраектах, новых роліках. Будзем рыхтавацца да прэзыдэнцкіх выбараў. Але гэта ня будзе так, як у нашых партыях — грант адпрацавалі і чакаем іншых выбараў праз 4 гады, ці на мясцовыя сходзім яшчэ. Мы лічым, што трэба працаваць у пэрыяд паміж кампаніямі. А як па-іншаму прыходзіць да людзей?
Аляксей Лазараў
— Я з Уручча. Бацькі працуюць на заводзе, звычайная сям’я. Бацька — кіраўнік аддзелу бясьпекі, маці — лягіст. Усё жыцьцё жывём у Менску. Я ўжо тры гады ў Парку высокіх тэхналёгій працую, летам унівэрсытэт скончыў. БДУ, факультэт радыёфізыкі і кампутарных тэхналёгій.
Увогуле я заўсёды цікавіўся матэматыкай, фізыкай. Пяць гадоў таму, калі паступаў, ужо сфэра IT станавілася папулярнай. А ў школе я ня тое каб быў супэрвыдатнікам, мэдаля не было ў мяне. Сярэдні бал 8,6.
У 2010 годзе, калі адбываліся падзеі на Плошчы, мне 10 гадоў было. Тады нават і да інтэрнэту доступу ў мяне не было асаблівага. Таму пра гэтыя падзеі я даведаўся адносна нядаўна. Цікавасьць да актывізму ў мяне ўзьнікла толькі на пачатку гэтага лета, калі новы закон аб прызыве ў войска зьявіўся. Я тады падумаў, што людзей жахліва падстаўляюць. Што вось нехта давучваецца, мае пляны на будучыню, а яго ў войска забіраюць. На той момант мяне гэта раззлавала. Адзін знаёмы запрасіў мяне ў чат «пратэст.бай». Ну вось я і пачаў так актыўна ўсім цікавіцца. Дайшло да таго, што паўдзельнічаў у выбарах.
Бацькі спачатку баяліся ўсяго гэтага, але цяпер падтрымліваюць. Мая маці нават музыку замаўляла падчас нашых мітынгаў, праз інстаграм прасіла паставіць In the Army Now.
Я сачыў за апазыцыяй, усе іх акцыі звычайна зводзіліся да таго, каб выйсьці на плошчу, пакрычаць. Гэта было нецікава. А летам даведаўся пра Задзіночаньне беларускіх студэнтаў, «Легалайз». У іх цікавыя акцыі. Гэта не палітычныя арганізацыі, больш моладзевыя. Раней я думаў, што нічога такога няма ў краіне, што толькі апазыцыя клясычная ёсьць.
Нельга баяцца ўвесь час. Ну забяруць мяне, пасяджу ў СІЗА. І што? Цяпер нельга, каб чалавек проста зьнік ці шкоду яму проста так зрабіць. СМІ адразу выкрыюць, уладам гэта ня трэба. На працы калегі гаварылі, што прыйдуць галасаваць за мяне. Кіраўніцтву галоўнае, каб я працу рабіў, а чым я там займаюся апроч яе, ня так важна.
Магчыма, прасьцей было б зьехаць у іншую краіну. Але я сябе адчуваю грамадзянінам Беларусі. У мяне тут сябры, родныя, дзяўчына. Не хачу гэта ўсё кідаць. Чаму я павінен уцякаць ад праблем? Важна хаця б паспрабаваць нешта зьмяніць. Ёсьць сілы, засталіся людзі, якія могуць змагацца. Уцякаць зараз было б здрадай сваёй краіне.
Даніла Лаўрэцкі
— Мае бацькі — інжынэры. Бацька ніколі не працаваў па спэцыяльнасьці, заўсёды займаўся сваёй справай. Маці цяпер індывідуальны прадпрымальнік, працуе на аўтсорсе, крэсьліць інжынэрныя схемы. Яны таксама вырасьлі ў сям’і інжынэраў.
Я скончыў эканамічны факультэт БДУ, займаюся рэклямай. У мяне заканчваецца трэці тэрмін у радзе Задзіночаньня беларускіх студэнтаў (ЗБС). Мы не хацелі, каб было як у Беларусі, таму абмежаваліся трыма тэрмінамі. Я сыду з пасады аднаго з кіраўнікоў, таму перастану быць вельмі актыўным. Ну, і я ўжо не студэнт.
У ЗБС я трапіў у канцы 2015 году, калі былі акцыі БДУ супраць платных пераздачаў. Я вучыўся на першым курсе, і платныя пераздачы мяне не хвалявалі, бо я добра вучыўся. З гэтага лягічна вынікае, што платныя пераздачы хвалююць толькі патэнцыйных двоечнікаў — чаго за іх заступацца? Але гэтыя двоечнікі таксама людзі. І калі яны хочуць выступаць супраць нечага і нейкія зьмены ўносіць, то іх павінны як мінімум слухаць.
Мяне ўразіла, што адміністрацыя ўнівэрсытэтаў паводзіць сябе нахабна і нікога слухаць не зьбіраецца. Больш за тое, часам адкрыта падманвае. Вось тады рэктар Абламейка абвясьціў, што будзе сустрэча, а за дзень да яе адмяніў. Так ня вельмі прыгожа. Таму я далучыўся да руху «студэнтысупраць», зразумеў, што там талковыя людзі. Мы пачалі ладзіць ананімныя сустрэчы, думаць пра тое, як стварыць нейкі студэнцкі прафсаюз. І вырашылі проста аднавіць ЗБС.
Вольнага часу ў мяне мала. Хаджу піць піва, гуляю ў кампутарныя гульні, гляджу фільмы. Нічога звышнатуральнага. Толькі што ільвіную долю вольнага часу заўсёды займала дзейнасьць у ЗБС. Але гэта мне па кайфу. Хобі ў мяне няма, толькі зь дзяцінства захапляюся вялікім тэнісам. Часам гуляю.
Я вучыўся ў школе № 4 на Чырвонаармейскай, каля рэзыдэнцыі прэзыдэнта. Ня памятаю, які гэта дакладна быў год, але памятаю, як сыходзіў са школы разам зь дзедам і стаяла Плошча. Я бачыў на свае вочы намётавы гарадок. Памятаю, як мы з бацькамі хадзілі на канцэрт NRM на плошчы Бангалор. А яшчэ памятаю, як я скраў у дзеда бел-чырвона-белы сьцяжок, прынёс у школу, махаў ім, і ўсе дзеці радаваліся. А настаўнікі прасілі схаваць! Мы жывём на Карла Маркса. У 2010 годзе я з аркі бачыў, як натоўп ішоў па праспэкце. На наступны дзень адчувалася татальнае расчараваньне — я нават дзіцем гэта адчуваў.
Перад тым як пайсьці на парлямэнцкія выбары, я прачытаў праграмы ўсіх партый. І зразумеў, што дэталёвага пляну ні ў кога няма. Самае дэталёвае, што я ўбачыў, было ў сацыял-дэмакратаў, дзе Ігар Барысаў галоўны. Палітыкі кажуць пра тое, што цікава ім, а не пра тое, што цікава людзям. І, мне здаецца, гэта няправільна. Думаю, нейкі папулізм усё ж такі павінен прысутнічаць. Таму ў Беларусі такая апатыя.
Адзіны рух, які спрабуе працаваць на шырокія масы людзей, — гэта «Гавары праўду». Я раней кепска да іх ставіўся, але, калі шчыра, іх рыторыка — гэта тое, як большасьць людзей успрымае жыцьцё сёньня. Да старых палітыкаў я стаўлюся паважліва, але, напэўна, яны заседзеліся ў пузыры і не разумеюць рэальнасьці. Таму ня могуць быць лякаматывам перамен, а ўжо тым больш перамен у галовах маладых людзей.
Мне падабаюцца амэрыканскія прэзыдэнты і айцы-заснавальнікі ЗША. Мне падабаецца Абрагам Лінкальн. Ён, нягледзячы на тое, што вёў грамадзянскую вайну, стараўся ў прамовах гаварыць пра тое, што аб’ядноўвае. Гэтага не хапае Беларусі. Дарэчы, гэтым да яго падобны Ўладзімір Зяленскі. Нейкі час мне падабаўся Зянон Пазьняк — як дзеяч, які ў пэўны момант узяў на сябе адказнасьць за нацыянальны рух. Але ў 2019 годзе гэта ўжо трохі неактуальна, сьвет зьмяніўся. Ісус Хрыстос быў добрым палітыкам. Ён пасьпяхова стварыў сваю хрысьціянскую партыю, у яго было шмат паплечнікаў — ён прыйшоў да ўсясьветнай улады. Таму што 2000 гадоў мы вядзём летазьлічэньне ад яго нараджэньня.
Калі б Сяргей Міхалок пайшоў на выбары, я б яго падтрымаў. На першы тэрмін ён быў бы нармальным прэзыдэнтам. Яго б любіў увесь СНД і ўся краіна — ад сілавікоў і 60-гадовых, якія ў маладосьці пад яго танцавалі, да моладзі.
Мікіта Краснакуцкі
— Я скончыў Політэхнічны каледж, па разьмеркаваньні трапіў на завод «Інтэграл» апэратарам дыфузійных працэсаў. Калі я стаў кандыдатам, начальнік на заводзе доўга не хацеў адпускаць мяне ў адпачынак. Цяпер вучуся ў ЭГУ на ўсясьветнай паліталёгіі і эканоміцы.
Мой бацька праграміст, маці настаўніца ў дзіцячым доме. Вучыўся ў школе ня надта выдатна, быў лянівым сераднячком.
Праз 6 месяцаў прэзыдэнцкая кампанія, таму зараз будзе падрыхтоўка да яе. Праца ў партыі, бо трэба падымаць рэгіянальныя структуры. Я актыўнічаю і ў прафсаюзе РЭП. Не хачу збаўляць тэмп.
Да актывізму я далучыўся ў 2016 годзе, калі прыйшоў на Дзень Волі. Трапіў у «Моладзь БНФ», бо там была не апалітычная моладзь. Там я быў да 2018 году. Я падзяляю погляды і спрабую дапамагчы шмат якім арганізацыям — Legalize Belarus, ЗБС, «Дзея», прафсаюз РЭП, партыя БСДГ. Я як працаўнік заводу адчуў, што няма абароны маіх правоў ад дзяржаўнага прафсаюзу, а тут хоп — ёсьць прафсаюз РЭП. Калі б у мяне была магчымасьць ня спаць 24/7 і не стамляцца на працы, то я б займаўся ўсімі праектамі!
У 2010 годзе мне было 13 гадоў. У нас дома быў інтэрнэт, мы з бацькамі ўсё глядзелі. Потым яшчэ доўга абмяркоўвалі гэта з аднаклясьнікамі ў школе. Бацькі тады галасавалі за нейкага апазыцыйнага кандыдата.
На паліцы набралася куча кніг, напрыклад, нядаўняе перавыданьне біяграфіі Шушкевіча, аналітыка па беларускай эканоміцы, Сьвятлана Алексіевіч «Час сэканд-хэнд» і гэтак далей. Вольнага часу амаль няма, але калі ёсьць, гляджу відэа на Youtube пра гістарычныя падзеі.
Часам бывае, вельмі стамляюся, хочацца ўсё кінуць, заваліцца спаць ці засесьці на Youtube. Але я разумею, што тады проста страчу магчымасьць. 70% майго жыцьця — гэта актывізм. А ўвогуле б хацеў навучыцца граць на бубнах ды маляваць візуальную графіку.
Пра зьяжджаць... Я б хацеў паехаць на абмен па Эразмусу альбо валянтэрстве на нейкі пэрыяд. Да году. Я стаўлюся да гэтага як да магчымасьці паглядзець сьвет і пераняць нешта новае. Магчыма, калі толькі будзе палітычны перасьлед, зьеду. Бо на волі ў Вільні я зраблю больш, чым за 6 год за кратамі ў Беларусі.