Разьвітаньне з Кастусём Каліноўскім і яшчэ 19 паўстанцамі, арганізаванае ўладамі Літвы, атрымала найвышэйшыя адзнакі тысяч прысутных на ўрачыстасьці. Сьвіст і крыкі «ганьба» за ўвесь час цырымоніі чуліся на Катэдральным пляцы ў Вільні толькі аднойчы — у момант выступу афіцыйнага прадстаўніка Беларусі.
8-гадзінная тэкставая і відэатрансьляцыя Свабоды
У Вільні завяршылася дзяржаўная цырымонія перапахаваньня паўстанцаў 1863–64 гадоў, чые парэшткі знайшлі на гары Гедзіміна, калі там сышоў апоўзень.
Пад сьцягам паўстанцаў
У 8.30 салдаты ротаў ганаровай варты Арміі Літвы і Войска Польскага вынесьлі два дзясяткі невялікіх драўляных трунаў з унутранага двара Палаца валадароў Вялікага Княства Літоўскага. Міністэрства абароны Беларусі ідэю далучыцца да ўрачыстасьці праігнаравала.
Дзьве першыя труны накрытыя чырвоным штандарам з паўстанцкім гербам — літоўскай «Пагоняй», польскім арлом і нябесным заступнікам арханёлам Міхаілам. У іх тое, што засталося ад камандзіраў — Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
Парэшткі ўсіх удзельнікаў народных выступаў супраць расейскага царызму даставілі ў Катэдральны сабор-базыліку Сьвятых Станіслава і Ўладыслава.
На плошчы тым часам сабраліся сотні ахвотных стаць сьведкамі гістарычнай падзеі. Найбольш, як выглядала, было беларусаў, якіх лёгка было пазнаць па бел-чырвона-белых сьцягах, партрэтах Каліноўскага і самаробных плякатах зь ягонымі цытатамі. З прыбыцьцём на вакзал кожнага новага цягніка ці аўтобуса людзей прыбывала, і ўрэшце беларусы, на вока, склалі 2/3 ад усіх прысутных.
Некаторыя прызнаваліся, што ніводнага разу не былі ў Вільні, але не маглі прапусьціць такую падзею ў гістарычнай сталіцы. Арганізавана дабраліся выкладчыкі і навучэнцы падпольнага Беларускага гуманітарнага ліцэю — адразу паўсотні чалавек.
Да неабыякавых людзей далучыліся палітыкі, грамадзкія і культурныя дзеячы: Станіслаў Шушкевіч, пэрсанальна запрошаны як першы кіраўнік незалежнай Беларусі, а таксама Мікола Статкевіч, Алесь Бяляцкі, Лявон Баршчэўскі, Павал Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, Аляксей Янукевіч, Аляксей Марачкін, Генадзь Драздоў, Уладзімер Някляеў, Валер Мазынскі, Ёсіф Сярэдзіч, Павал Жук, Гэнік Лойка, Зьміцер Дашкевіч, Павал Белавус, Эдуард Пальчыс ды многія іншыя.
Адмыслова прыехалі ў Вільню кіраўнікі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі на чале з Івонкай Сурвілай.
Казус віцэ-прэм’ера
На разьвітаньне ў саборы адвялі дзьве гадзіны. Пасьля прыбыцьця афіцыйных асобаў і кіраўнікоў замежных дэлегацый доступ у храм часова прыпынілі. Але за тым, што адбываецца ўнутры, можна было назіраць на вялікіх экранах.
Літва і Польшча былі прадстаўленыя на найвышэйшым узроўні — прэзыдэнтамі Гітанасам Наўседам і Анджэем Дудам. У ганаровым шэрагу і былыя літоўскія кіраўнікі — Вітаўтас Ландсбэргіс, Валдас Адамкус, Даля Грыбаўскайце. Беларусь, Украіна і Латвія абмежаваліся чыноўнікамі менш высокага рангу.
Сьвятую імшу служылі арцыбіскуп-мітрапаліт Гінтарас Грушас і біскупы ды вайсковыя капэляны зь Літвы, Польшчы і Беларусі. У прыватнасьці, слова пра Кастуся Каліноўскага прамаўляў каталіцкі арцыбіскуп мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.
Тым часам да сярэдзіны дня на Катэдральнай плошчы заўважна паболела літоўскіх, польскіх, украінскіх палотнішчаў. Прадстаўнікі гэтых краін воплескамі рэагавалі на выступы сваіх лідэраў, трансьляваныя на экраны — тыя адзначалі неацэнны ўнёсак удзельнікаў вызвольнага руху, які праз паўтара стагодзьдзя прывёў да дэмакратычных працэсаў ва Ўсходняй Эўропе.
А вось зь беларускім прамоўцам — у Вільню камандзіравалі чыноўніка з канца першай дзясяткі, віцэ-прэм’ера Ігара Петрышэнку — здарыўся казус. На ягоных словах, што асоба Каліноўскага «не павінна выкарыстоўвацца ў палітычных мэтах», натоўп на плошчы незадаволена загудзеў, пачуўся сьвіст і крыкі «Ганьба!».
Пазьней карэспандэнты Свабоды спрабавалі запыніць чыноўніка на могілках Росы, каб пацікавіцца ягонымі ўражаньнямі ад цырымоніі перазахаваньня. Але Петрышэнка размаўляць з журналістамі адмовіўся.
Апошні спачын на Росах
І вось настаў час для жалобнай працэсіі. На тэрыторыі зноў зьявіліся людзі ў парадных мундзірах, на дарозе выстраіўся ганаровы эскорт: ляфэт, прычэплены да вайсковага пазадарожніка, і дзясятак катафалкаў. На першым — дзьве труны з парэшткамі Каліноўскага і Серакоўскага, накрытыя сьцягам паўстанцаў. Паперадзе рушылі барабаншчыкі і сьвятары. За імі — вышэйшыя асобы і ўдзельнікі афіцыйных дэлегацый.
У чорных легкавіках — астатнія паўстанцы. Сьледам стала доўгая калёна пад нацыянальнымі сымбалямі сваіх краінаў. Працэсія рушыла на могілкі Росы.
Непрацяглы прыпынак быў зроблены каля Вострай Брамы: вернікі памаліліся за душы забітых герояў, першыя асобы пераселі ў свае аўтамабілі і чакалі ўжо на месцы пахаваньня. Калёна расьцягнулася больш як на кілямэтар.
Пасьля разьвітальных прамоваў труны ўклалі ў адмысловыя нішы, абсталяваныя ў капліцы-нэкропалі на Росах. Сьцяг з труны Зыгмунта Серакоўскага атрымаў у памяць пра падзею Анджэй Дуда, зь імем Каліноўскага — Гітанас Наўседа.
З усіх відаў зброі прагрымеў памятны салют у гонар кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстаньня — усіх, хто змагаўся і загінуў за свабоду свайго краю.
Ад вечара 22 лістапада пантэон герояў адкрыты для грамадзкага наведваньня.
Што важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага
Цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863-64 гадоў адбылася 22 лістапада на віленскіх могілках Росы.
- Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
- У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
- У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
- У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
- Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
- Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
- У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
- У Вільні перапахаваюць парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.
Публікацыі на тэму
- Што важна ведаць пра Кастуся Каліноўскага
- Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі
- Як расейцы пахавалі Кастуся Каліноўскага: рукі зьвязаныя за сьпінай, цела засыпанае вапнай. ФОТА
- «Гэта страшная праўда». Як шукалі і «знайшлі» магілу брата Кастуся Каліноўскага
- 40 мясьцінаў у Беларусі, дзе можна ўшанаваць паўстанцаў Каліноўскага. МАПА