Паводле зьвестак праваабаронцаў «Вясны», прынамсі 16 судоў за акцыі пратэсту маюць прайсьці 26 сьнежня, яшчэ мінімум 16 — 27 і 30 сьнежня.
Што адбылося? Усіх актывістаў судзяць за акцыі пратэсту супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй 7 і 8 сьнежня паводле арт. 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Большасьць — паводле ч. 1 (за гэта пагражае арышт або штраф да 765 рублёў), але некаторых паводле ч. 3 (арышт або штраф ад 510 да 1275 рублёў).
Сустаршыню Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, як піша яго жонка, АМАП затрымаў каля пад’езда і павёз у Цэнтральны РАУС. У Фрунзэнскім раённым судзе яму прысудзілі 1275 рублёў за заклікі ў інтэрнэце на акцыю 7 снежня. Пасьля суду Севярынца арыштавалі на 15 сутак. У ізалятары на Акрэсьціна ён будзе адбываць пакараньне за правядзеньне акцыяў у абарону незалежнасьці Беларусі 7 і 8 сьнежня.
Адну актывістку, Алену Талстую, арыштавалі ў залі суду. Яна абвясьціла галадоўку.
На момант публікацыі вядома пра наступныя прысуды:
- Алена Талстая — 5 сутак арышту і штраф 1275 рублёў, ч. 3 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Тацяна Мотыль).
- Алесь Лагвінец — штраф 765 рублёў, ч. 1 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Юры Машкетаў).
- Натальля Саматыя — штраф 765 рублёў, ч. 1 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Лідзія Целіца).
- Віктар Кавалькоў (а. Вікенцій) — штраф 765 рублёў, ч. 3 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Віктар Казак).
- Андрэй Войніч — штраф 765 рублёў, ч. 1 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Лідзія Целіца).
- Ірына Шчасная — штраф 765 рублёў, ч. 1 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Юрый Машкетаў).
- Зьміцер Казакевіч — штраф 1275 рублёў, ч. 3 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Таццяна Мотыль).
- Аляксей Прохараў — штраф 127,5 рубля, ч. 1 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Міхаіл Зубеня).
- Пётр Папраўка — штраф 510 рублёў, ч. 1 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Аляксандар Воўк).
- Ільля Дабратвор — штраф 765 рублёў, ч. 1 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Віктар Казак).
- Дзяніс Садоўскі — штраф 510 рублёў, ч. 1 арт. 23.34 КаАП.
- Вольга Быкоўская — штраф 510 рублёў, ч. 1 арт. 23.34 КаАП.
«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»