Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя кажа, што пратэст супраць інтэграцыі з Расеяй небясьпечны для дзяцей


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На сайце Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкаму зьявілася паведамленьне наконт «прафіляктычнай гутаркі» з палітыкам Паўлам Севярынцам напярэдадні заплянаваных пратэстаў супраць інтэграцыі з Расеяй.

У паведамленьні, у прыватнасьці гаворыцца, што цяпер у Беларусі праводзіцца дабрачынная акцыя «Нашы дзеці», і 20 сьнежня, у дзень на які абвешчаны пратэст, у будынку Палаца Рэспублікі ў Менску будзе праводзіцца дабрачынная акцыя, «у якой прыме ўдзел вялікая колькасьць грамадзян».

«Правядзеньне несанкцыянаванага мерапрыемства ўяўляе пагрозу бясьпецы дзяцей і іх бацькоў. Раней падчас правядзеньня несанкцыянаваных мерапрыемстваў праваахоўнікі неаднаразова вялі тлумачальную працу, накіраваную на прадухіленьне зьдзяйсьненьня супрацьпраўных дзеяньняў, як самім арганізатарам, так і іншымі ўдзельнікамі акцыі».

18 сьнежня Павал Севярынец быў вызвалены з Савецкага РУУС без тлумачэньняў. Напярэдадні яго асудзілі ў Савецкім раённым судзе Менску на 15 сутак за правядзеньне акцыяў у абарону незалежнасьці Беларусі 7 і 8 сьнежня, але неўзабаве адпусьцілі. Чаму?

«Сам ня ведаю. Пытаў пра гэта ў палкоўніка, які са мной гаварыў у падвале і даводзіў, што нельга парушаць закон 20-га, як мы нібыта парушалі 7-га і 8-га. Але ён паціскаў плячыма.

Да таго мяне асудзіў на 15 сутак судзьдзя Шаціла. Я проста маўчаў, а ён судзіў. Было бачна, што проста выконвае загад. Адтуль зноў прывезьлі з РУУС, трымалі ў падвале. Я казаў ім, што мы баронім незалежнасьць краіны і што гэта ўсім трэба рабіць. У адказ маўчалі. Чакалі нечага, чакалі, а потым ўзялі і выпусьцілі на вуліцу», — сказаў Павал Севярынец.

Палітык быў затрыманы амапаўцамі каля свайго дому а 12-й гадзіне.

Што думае Павал Севярынец пра такія дзеяньні ў дачыненьні да яго напярэдадні анансаваных акцыяў пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй?

«Ня ведаю, што і думаць. Там, наверсе, нехта прыдумляе, але потым мяняе свае рашэньні. Можа, гэта нейкі мэсыдж Крамлю, а мо і не. Але ў кожным разе можна сьцісла канстатаваць, што ўлады ня менш за нас зацікаўленыя ў тым, каб 20-га людзі сабраліся на Кастрычніцкай плошчы», — казаў Павал Севярынец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG