Лёс беларускай энэргетыкі на фоне агульнаэўрапейскіх і ўсясьветных тэндэнцыяў — пра гэта Свабода спытала беларускую экспэртку ў энэргетычных пытаньнях Тацьцяну Манёнак.
Нагодай для гутаркі стала інтэрвію карэспандэнта Свабоды ў ЗША Юрыя Жыгалкіна з амэрыканскай экспэрткай, старэйшай навуковай супрацоўніцай Атлянтычнай рады ў Вашынгтоне Агніяй Грыгас. Масква страціла манаполію на дыктат умоваў газавых кантрактаў, а разам з гэтым магчымасьць выкарыстоўваць газ у якасьці палітычнай прылады - гаворыць амэрыканская экспэртка. У якой ступені гэта тычыцца Беларусі?
— Тацьцяна, наш калега піша пра тое, што ў пачатку ліпеня Ўкраіна атрымала першыя 80 тысяч тонаў амэрыканскай нафты. Паводле вашай ацэнкі — гэта пробная пастаўка ці амэрыканская нафта можа скласьці ладную частку ўкраінскага энэргетычнага балянсу?
— Нельга параўноўваць патэнцыял нафтаперапрацоўкі ў Беларусі і ва Ўкраіне. Украіна фактычна згубіла сваю нафтавую галіну. Праўда, цяпер яна аднаўляецца пакрысе. Робяцца тэставыя пастаўкі з розных краінаў, у тым ліку і з ЗША — пра першую пастаўку 80 тысячаў тонаў ідзе размова ў публікацыі на расейскай Свабодзе.
Але Ўкраіна купляе нафту па ўсясьветных коштах. І для яе няма вялікай розьніцы, адкуль прыйдзе нафта.
А што тычыцца Беларусі, то пакуль не завяршыўся падатковы манэўр у РФ, Беларусь атрымлівае нафту па цане прыкладна 80% ад усясьветнай. Усясьветная цана на нафту для Беларусі будзе ў 2024 годзе. Тады зьявяцца магчымасьці дывэрсыфікацыі, калі НПЗ завершаць мадэрнізацыю.
Некалькі гадоў таму была тэставая пастаўка з Ірану ў Беларусь — на „Нафтан“ і на Мазырскі НПЗ, прыкладна па 80 тысячаў тонаў на кожны. Гэта была праверка, наколькі гэта магчыма тэхналягічна і наколькі эфэктыўна.
У красавіку сёлета прадстаўнік Беларускай нафтавай кампаніі заяўляў, што Беларусь да канца гэтага году арганізуе пастаўкі альтэрнатыўнай нафты праз балтыйскія парты — 200-300 тысячаў тонаў у месяц.
Альтэрнатыўныя пастаўкі патрэбныя хаця для таго, каб мець мацнейшыя перамоўныя пазыцыі ў дыялёгу з расейскімі нафтавымі кампаніямі.
Але пакуль гэта пытаньне — ці зможа Беларусь забясьпечыць сябе альтэрнатыўнымі пастаўкамі нафты, і ня пробнымі, ня тэставымі, а ў памеры 5-6 мільёнаў тон у год.
У Беларусі аб’ём унутранага рынку нафтапрадуктаў — каля 5 мільёнаў тонаў, экспарт нафтапрадуктаў — каля 13 мільёнаў тон.
Пастаўкі на ўнутраны рынак субсыдаваныя: скажам, нашыя аўтаўладальнікі ня плацяць за бэнзін рэальны кошт.
У Эўропе НПЗ пераважна стаяць каля партоў. Яны перш за ўсё арыентуюцца на ўнутраны рынак. У нас ня так. Беларусь здабывае сама каля мільёну тонаў, а перапрацоўвае 18 мільёнаў тонаў.
— Гэтая тэставая пастаўка 80 тысячаў тонаў амэрыканскай нафты ва Ўкраіну — яна выгадная? Вы сказалі, што яна па ўсясьветнай цане. Але да цаны ж яшчэ дадаюцца транспартныя выдаткі.
— Гэта камэрцыйная пастаўка. Калі б гэта было нявыгадна ўласьнікам НПЗ, яе б не рабілі. Мы ж ня ведаем умовы пастаўкі, яны — камэрцыйная таямніца, там маглі быць зробленыя скідкі, бо гэта тэставая пастаўка.
— Вы сказалі, што пасьля 2024 году цана нафты для Беларусі будзе ўсясьветнай што з Расеі, што зь іншых месцаў. Ці ёсьць цяпер нейкія прыкідкі, разьлікі — хто тады мог бы стаць другім пастаўніком пасьля Расеі? Бо расейская нафта і тады будзе, так выглядае, даволі выгаднай для Беларусі. За кошт каго можна будзе дывэрсыфікаваць пастаўкі? І ці будуць гэтай альтэрнатыўнай крыніцай ЗША?
— Ёсьць усясьветны рынак нафты. Яе пастаўляюць, скажам, у порт Буцінге каля Клайпеды. Якая розьніца, адкуль яна прыйшла? Самае галоўнае — цана і лягістыка.
Кампанія «Klaipėdos nafta» літоўскага порту нядаўна заявіла, што гатовая тэхнічна арганізаваць імпартныя пастаўкі для Беларусі, калі такая замова будзе зробленая.
Было б добра, калі б Беларусь аднавіла пастаўкі нафтаправодам Адэса — Броды. Я ня думаю, што вялікія абʼёмы нафты Беларусь зможа атрымаць танкерамі. Толькі па трубе. У 2011-2012 гадах па Адэса — Броды быў пастаўлены мільён тонаў на Мазырскі НПЗ.
Экспэрты і чыноўнікі кажуць, што выдаткі на транспарціроўку расейскай нафты будуць расьці. Ня выключана, што ў пэрспэктыве расейская нафта можа стаць нават даражэйшай, чым альтэрнатыўная. Я бачыла такія разьлікі.
Складана сказаць, ці зможа Беларусь, калі цана на нафту для яе будзе ўсясьветнай, прадаваць такую колькасьць нафтапрадуктаў, ці выгадна будзе гэта.
Усясьветная тэндэнцыя нафтаперапрацоўкі — працаваць на ўнутраны рынак, ці на рынкі суседніх краінаў. Што Беларусь цяпер і робіць ва Ўкраіне і Польшчы.
— Галоўная тэза прыгаданага інтэрвію Агніі Грыгас — што амэрыканскія нафта і газ выціснуць Расею з эўрапейскага рынку. Беларускія экспэрты — афіцыйныя і незалежныя — падзяляюць такую ацэнку?
— Я згодная з агульнай ацэнкай трэнду. ЗША дасягнулі неверагоднага посьпеху на эўрапейскім рынку газу. Яны падштурхнулі канкурэнцыю. І гэта вымусіла «Газпрам» пайсьці на пэўныя саступкі. Многія буйныя пакупнікі расейскага газу выгандлявалі сурʼёзныя скідкі ад «Газпраму».
Але ў «Газпраму» застаюцца вялікія магчымасьці, бо сабекошт здабычы газу ў РФ дагэтуль адносна невялікі. Канкурэнцыя будзе абвастрацца, «Газпрам» будзе ісьці на саступкі эўрапейскім пакупнікам, але «Газпрам» будзе імкнуцца захаваць сваю долю рынку. І такія магчымасьці ў яго пакуль ёсьць.
— Вы сказалі, што «Газпрам» гатовы на саступкі эўрапейскім пакупнікам. А беларускім?
— Пытаньне рытарычнае. Беларусь атрымлівае сёньня газ па фіксаванай цане — 127 даляраў за тысячу кубамэтраў. Гэта самая нізкая цана. Іншая рэч, што беларускі бок хоча мець такую ж цану на газ, як у Расеі. Нават калі запрацуе АЭС, газ усё роўна будзе заставацца ключавым складнікам энэргетычнага балянсу Беларусі.
— Калі зьніжаецца рынкавая цана, хіба гэта не ўплывае на ўзровень ільготнай цаны?
— Цана на газ для Беларусі не прывязаная да рынкавай цаны. Яна была прывязаная да яе ў 2010 годзе і тады цана вырасла да 245 даляраў за тысячу кубамэтраў. Тады беларускі бок залямантаваў — вы што, мяняйце нам формулу фармаваньня цаны, мы хочам прывязацца да цаны на ўнутраным расейскім рынку. І Расея пагадзілася. І цяпер цана для Беларусі вызначаецца сабекоштам здабычы газу ў Ямала-Ненецкай акрузе РФ плюс коштам транспартаваньня. Дзейны газавы кантракт сканчаецца ў канцы гэтага году. Літаральна днямі амбасадар Расеі Дзьмітрый Мезенцаў заявіў, што ў новым кантракце Расея ня будзе мяняць формулу фармаваньня цаны для Беларусі.
Беларускі бок вельмі хацеў памяняць формулу, калі ўсясьветная цана на газ істотна зьнізілася. Прынамсі сёлета ў другім квартале цана на газ у Эўропе упала на 40%. Але цяпер яна павысілася і «Газпрам» прагназуе далейшае падвышэньне цаны.
Расея заяўляе, што роўную з расейскай цану на газ Беларусь можа атрымаць толькі ў выпадку паглыбленьня інтэграцыі. З чаго я раблю выснову, што гэтага Беларусь не дасягне. Але расейскае міністэрства эканамічнага разьвіцьця рабіла прагноз, што цана на газ для Беларусі ў наступным годзе крыху зьнізіцца: яна будзе вышэйшай, чым унутрырасейская, але ніжэйшай, чым сёлетняя цана для Беларусі.
Падымаць цану для Беларусі расейцы ня будуць, каб не ствараць канфлікту. Празь Беларусь ідуць расейскія газаправоды. Так што ў сытуацыі надта вострай спрэчкі ў Беларусі ёсьць пэўны вагар, каб паўзьдзейнічаць на Маскву. Але гэта на самы скрайні выпадак.