У 2019 годзе цана вуглевадароднай сыравіны для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў вырасла на 34% у параўнаньні зь мінулым годам, заявіў намесьнік старшыні канцэрну «Белнафтахім» Андрэй Бунакаў у інтэрвію парталу «Нафтахімія».
Сярод прычынаў росту цаны Бунакаў назваў:
- рост каціровак нафты (больш чым на 15%),
- нэгатыўны ўплыў расейскага падатковага манэўру,
- і выкліканыя гэтым ваганьні курсу беларускага рубля.
Паводле яго, рост цаны сыравіны вядзе да зьніжэньня рэнтабэльнасьці нафтаперапрацоўкі, «бо ў сабекошце нафтапрадуктаў каля 90% займае нафта і іншыя рэсурсы, якія набываюцца за валюту».
У 2020 годзе рост каціровак нафты можа працягнуцца, мяркуе намесьнік старшыні «Белнафтахіму», у сувязі з гэтым працягнецца і паэтапнае павышэньне цаны нафты на ўнутраным рынку. Таму стратэгію паэтапнага зьмяненьня цэн на паліва ён бачыць самым аптымальным варыянтам «для захаваньня балянсу суадносін цана — якасьць прадукцыі беларускай нафтаперапрацоўкі і для абароны інтарэсаў аўтаўладальнікаў».
З прычыны росту цаны нафты для беларускіх НПЗ «Белнафтахім» у 2018-м і да восені 2019 году практычна штотыдзень ўздымаў цану на аўтамабільнае паліва. З канца верасьня рост прыпыніўся больш чым на месяц і зноў аднавіўся 24 лістапада — роўна праз тыдзень пасьля выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
Апошняе падвышэньне цаны на паліва на 1 капейку адбылося 15 сьнежня. Цяпер цана літру бэнзіну АІ-92 — 1,62 рубля, АІ-95 — 1,72 рубля, АІ-98 — 1,94 рубля, ДТ — 1,72 рубля.