Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін адкрыў чыгуначнае злучэньне з анэксаваным Крымам, праехаўшы ў кабіне рэйкавага аўтобуса мостам цераз Керчанскі праліў. Відэа выклала ў сябе ў твітэры вядоўца дзяржаўнага каналу «Россия» Вольга Скабеева.
З Санкт-Пецярбургу на анэксаваны паўвостраў рушыў пасажырскі цягнік. Ён будзе ісьці ў Севастопаль 43,5 гадзіны па расейскай тэрыторыі. Першы цягнік з Масквы адправіцца 24 сьнежня, ён будзе ісьці 33 гадзіны.
Грузавы рух плянуецца запусьціць летам. Мост цераз Керчанскі праліў не электрыфікаваны, як і вялікая частка дарогі на тэрыторыі анэксаванага паўвострава.
Крымскі мост злучае Крым з расейскім Краснадарскім краем. Яго будаўніцтва пачалося ў 2015 годзе. Генэральным падраднікам стала кампанія «Стройгазмонтаж» расейскага мільярдэра Аркадзія Ротэнберга, якога называюць блізкім сябрам Пуціна. Афіцыйны кошт дзяржаўнага кантракту складае амаль 230 мільярдаў рублёў.
У траўні 2018 году Пуцін адкрываў аўтамабільную дарогу на мосьце, заявіўшы, што дзень адкрыцьця — «гістарычны».
- Улады Ўкраіны выступалі рэзка супраць будаўніцтва мосту, называючы яго парушэньнем міжнароднага права.
- Пракуратура Аўтаномнай Рэспублікі Крым, якая базуецца ў Кіеве, у сувязі з будаўніцтвам мосту завяла ў 2018 годзе крымінальную справу.