На пачатку сьнежня распачалі сваю працу ў новым складзе Эўрапейская камісія на чале зь немкай Урсуляй фон дэр Ляен і Эўрапейская рада, якую ўзначаліў бэльгіец Шарль Мішэль.
Свабода тлумачыць, хто і як прымае рашэньні ў ЭЗ, а таксама абвяргае міты пра тое, як функцыянуе эўрасупольнасьць.
Міт: Эўразьвяз — пустое і бессэнсоўнае ўтварэньне
ЭЗ ствараўся з мэтай прадухіліць чарговыя войны ў Эўропе пасьля Другой усясьветнай вайны. Улады Бэльгіі, Францыі, Нідэрляндаў, Люксэмбургу, Нямеччыны і Італіі надумалі, што дасягнуць гэтага найпрасьцей праз кантроль рынку сыравіны, патрэбнай для вытворчасьці зброі. Так у 1951 годзе ўзьнікла Эўрапейская супольнасьць вугалю і сталі.
Неўзабаве яе чальцы прыйшлі да высновы, што чым больш інтэнсіўны гандаль паміж краінамі, тым менш яны зацікаўленыя варагаваць між сабой. Праз тры гады тыя ж самыя краіны адмянілі ўзаемнае мыта і прынялі адзіную стаўку платы за імпартныя тавары. Так узьнік супольны рынак, які ад 1958 году зваўся Эўрапейскай эканамічнай супольнасьцю. У 1992 годзе яна ператварылася ў Эўразьвяз.
Міт: Усё гэта маглі б рабіць і ўрады паасобных краін, без ЭЗ
Сьцьверджаньне, што ўсё тое, што ёсьць у ЭЗ, магло б быць і без ЭЗ, вельмі нагадвае думку, што бясьпеку можна было б гарантаваць бяз войска і паліцыі.
Жыхары ЭЗ могуць свабодна перамяшчацца, вучыцца, працаваць у краінах-чальцах ЭЗ. Кожная краіна абавязаная ставіцца да грамадзян іншых дзяржаў ЭЗ дакладна гэтаксама, як і да сваіх грамадзян.
Менавіта доступ да агульнага рынку схіляе некаторыя краіны плаціць у бюджэт ЭЗ больш, чым яны зь яго атрымаюць. Сяброўства краіны ў ЭЗ азначае доступ да адзінага эўрапейскага рынку, свабодны абмен таварамі, людзьмі, паслугамі, працоўнай сілай і капіталам. Агульная выгада аказваецца нашмат большаю, чым проста сумы грашовай падтрымкі.
Міт: Амаль увесь бюджэт ЭЗ ідзе на эўрабюракратыю, якая нішчыць супольнасьць эўрапейскіх краін
Ва ўстановах Эўразьвязу працуе 55 тысяч службоўцаў, гэта 0,011% ад усяго насельніцтва ЭЗ. У сярэднім на выдаткі адміністрацыі траціцца 5% бюджэту ЭЗ. Па сутнасьці, гэта вельмі нізкі ўзровень адміністрацыйных выдаткаў. У камэрцыйных фірмах і няўрадавых арганізацыях ён бывае значна вышэйшы.
Для параўнаньня: у Міністэрстве сельскай гаспадаркі Францыі працуе ў 40 разоў больш людзей, чым у Генэральнай дырэкцыі ў справах сельскай гаспадаркі Эўракамісіі. Ва ўсёй Эўракамісіі працуюць 32 тысячы чыноўнікаў, гэта менш, чым ва ўсім Стакгольме (40 тысяч).
«Эўрабюракраты» перад прыняцьцем законаў праводзяць кансультацыі з зацікаўленымі бакамі, няўрадавымі арганізацыямі, мясцовым самакіраваньнем, прадстаўнікамі прадпрыемстваў і г. д. Экспэртныя групы працуюць над тэхнічнымі пытаньнямі. Усё гэта дзеля таго, каб законы, якія прымаюцца, былі ўзгодненыя з шырокімі коламі зацікаўленых бакоў.
Выдаткі жыхара ЭЗ на ўтрыманьне, напрыклад, Эўрапейскага парлямэнту складаюць 3 эўра на год. Гэта значна менш, чым на свае парлямэнты трацяць жыхары Францыі (8,10 эўра), Вялікай Брытаніі (7,30), Нямеччыны (8,20).
Міт: Эўразьвяз абкрадае краіны супольнасьці
Па-першае, далучацца да ЭЗ ніхто гвалтам не прымушае. Па-другое, калі краіны далучаюцца добраахвотна, значыць, ім гэта проста выгадна.
Гадавы бюджэт ЭЗ — каля 160 млрд эўра. Гэта прыблізна 1,04% гадавога ВУП усіх краін-чальцоў. Каля 15% гэтай сумы — сродкі ад мыта на тавары з-за межаў ЭЗ, гэтулькі ж прыносіць падатак на даданую вартасьць (краіны перадаюць у бюджэт 0,3% ад сваіх ставак). Астатнія 70% — гэта ўнёскі дзяржаў.
Найбольш плацяць немцы, французы, італьянцы, брытанцы і гішпанцы. Але частка гэтых грошай вяртаецца да іх у выглядзе фондаў ЭЗ (напрыклад, на разьвіцьцё самых бедных рэгіёнаў гэтых краін).
Іншыя краіны атрымліваюць ад ЭЗ больш, чым плацяць у яго бюджэт.
Міт: Грошы ЭЗ ідуць невядома на што
Найбольш сродкаў ЭЗ аддае на палітыку ўстойлівага разьвіцьця і прыродных рэсурсаў (каля 60 млрд эўра), іншымі словамі — на сельскую гаспадарку і гранты фэрмэрам. Каля траціны бюджэту ідзе на выраўноўваньне ўзроўню жыцьця ва ўсіх рэгіёнах ЭЗ. 22 мільярды трацяцца на павышэньне канкурэнтаздольнасьці эканомікі, дасьледаваньні і разьвіцьцё.
Міт: Эўразьвяз — гэта новы СССР. Там кіруюць людзі, якіх ніхто не выбірае
У краінах ЭЗ прэм’ер-міністра не выбіраюць усенародным галасаваньнем. Яго кандыдатура вызначаецца на перамовах паміж партыямі, а пазьней яе зацьвярджае парлямэнт. Аналягічным чынам падбіраюцца кандыдатуры і на ключавыя пасады ў кіроўных органах ЭЗ.
Эўразьвязам кіруюць чатыры інстытуцыі, галоўная зь якіх — Эўрапейская рада. Яна складаецца з кіраўнікоў усіх 28 дзяржаў эўрасупольнасьці, а гэтых кіраўнікоў выбіраюць грамадзяне — ці наўпрост, ці праз сваіх дэпутатаў у парлямэнтах.
На сустрэчах Рады вызначаюцца напрамкі палітыкі ЭЗ. Рашэньні павінны прымацца аднагалосна. Калі хоць адна дзяржава супраць, то рашэньне не прымаецца.
Цяпер Эўрапейскую раду ўзначальвае бэльгіец Шарль Мішэль. Да яго на гэтай пасадзе быў паляк Дональд Туск.
Міт: У ЭЗ усё вырашаюць немцы, а астатнія — шырма
Кірункі палітыкі прымае згаданая вышэй Эўрапейская рада.
Непасрэдным выкананьнем гэтых задач займаецца Эўрапейская камісія, аналяг ураду. ЭК распрацоўвае законапраекты і прапануе новыя прававыя нормы. За іх увядзеньне ў краінах ЭЗ адказваюць 28 эўракамісараў і 32 тысячы супрацоўнікаў. Кожная краіна прызначае ў Эўракамісію свайго камісара, якраз таму іх 28 (у сувязі з выхадам Вялікай Брытаніі застанецца 27).
Эўрапейскі ўрад займаецца тым жа, што і звычайныя ўрады: сельскай гаспадаркай, замежнай палітыкай, абаронай, бясьпекай, энэргетыкай і г. д.
Прадстаўнік Нямеччыны часам узначальвае Эўракамісію, як цяпер Урсуля фон дэр Ляен. Гэта другі такі выпадак за паўстагодзьдзя. Дарэчы, упершыню ў гісторыі ЭК колькасьць жанчын і мужчын камісараў амаль роўная — 13/14.
Міт: Урады краін ЭЗ ня маюць уплыву на заканадаўства, якое прымаецца ў Брусэлі
Бязь іх гэта практычна немагчыма.
Законы прымаюцца ў рамках трэцяга органа ЭЗ — Рады Эўрапейскага Зьвязу. Яна зьбіраецца ў розным складзе, 28 яе чальцоў — гэта міністры, адказныя ў сваіх урадах за пытаньні, якія абмяркоўваюцца на сустрэчах Рады Эўрапейскага Зьвязу. Калі гэта пытаньні сельскай гаспадаркі, то сустракаюцца міністры сельскай гаспадаркі.
Яны ўдзельнічаюць у стварэньні законаў і галасуюць ад імя сваіх урадаў за праекты, якія прапануе Эўрапейская камісія. Нагадаем, што і ў ЭК гэтыя законы таксама распрацоўваюць прадстаўнікі краін ЭЗ, прапанаваныя іх урадамі. Таму казаць, што эўрапейскія законы прымаюцца без уліку думкі ўрадаў, — беспадстаўна.
Міт: Эўрапарлямэнт нічога не вырашае, гэта пустая ўстанова
Эўрапейскі парлямэнт выбіраюць непасрэдна ўсе грамадзяне ЭЗ. 751 эўрадэпутат разам з прадстаўнікамі ўрадаў у Радзе ЭЗ адказваюць за прыняцьце законаў, якія прапануе Эўрапейская камісія. Іх галасаваньне мае такую ж вагу, як і галасаваньне ў Радзе Эўрапейскага Зьвязу.
Эўрапейскі парлямэнт можа зацьвердзіць заканадаўчую прапанову, адхіліць яе або прапанаваць папраўкі.
Эўрапарлямэнт зацьвярджае бюджэт Эўразьвязу і назірае за працай Эўракамісіі. Ён можа прымусіць Эўракамісію падаць у адстаўку. Напрыканцы 90-х менавіта пад ціскам эўрадэпутатаў кіраўніцтва Эўракамісіі падало ў адстаўку, калі ў яго адрас прагучалі абвінавачаньні ў карупцыі.
Міт: Эўразьвяз прымушае краіны легалізаваць ЛГБТ-шлюбы і прымаць мігрантаў з краінаў трэцяга сьвету
Калі гэта так, то чаму такіх законаў няма ў Польшчы, Літве, Латвіі, Вугоршчыне ды іншых краінах ЭЗ?
Эўразьвяз ня можа навязаць краінам, напрыклад, свой Крымінальны кодэкс. Яго ў ЭЗ проста няма, гэта юрысдыкцыя кожнай з краінаў. Паўнамоцтвы эўрапейскіх установаў і нацыянальных органаў ясна прапісаныя ў Дамовах ЭЗ, якія кожная краіна ратыфікавала. Некаторыя краіны ў асабліва важных для іх пытаньнях выгаварылі сабе адмысловыя ўмовы.
Калі некалькі гадоў таму пачаўся міграцыйны крызіс, то ЭЗ абвінавачвалі ў навязваньні квотаў паасобным краінам. Аднак калі некаторыя краіны адмовіліся прымаць уцекачоў, ніхто так і не прымусіў іх гэта рабіць.
Нагадаем, над прыняцьцем уласна эўрапейскага права працуюць прадстаўнікі кожнай з краінаў ЭЗ. І любая краіна можа заблякаваць прыняцьце любога закону.
Міт: Эўразьвяз палае, нелегальныя мігранты захапілі Эўропу
Колькасьць асобаў, якія прыбываюць у ЭЗ, цяпер найменшая за апошнія 5 гадоў. Летась іх было 150 тысяч. Большасьць уцекачоў і мігрантаў застаюцца ў краінах-суседзях ЭЗ.
Цягам двух апошніх гадоў у ЭЗ прынялі новае заканадаўства аб міграцыі. Кожнага чалавека на мяжы дакладна правяраюць па агульнай базе дадзеных.
Падчас міграцыйнага крызісу ЭЗ накіраваў на дапамогу краінам, якія прымалі мігрантаў, вялікія сумы. Грэцыя атрымала 2 млрд эўра, Італія — 885 млн, Гішпанія — 708 млн.
Міграцыя, калі ёю правільна кіруюць, прыносіць нямала карысьці: стымулюе эканамічны рост, узбагачае грамадзтвы, а культурны абмен можа спрыяць міру. Эўрапейскі Зьвяз у гэтым пляне — найлепшы прыклад.
Чаму ЭЗ падабаецца ня ўсім?
Не заўсёды інтарэсы ўсіх краін па ўсіх пытаньнях сыходзяцца. Якраз таму і існуюць установы, якія называюць «эўрабюракратыяй» — каб дамаўляцца і знаходзіць кампрамісы.
Ад пачатку існаваньня ЭЗ там было прынята 916 738 прававых актаў. За гэты час узьнікла і мноства мітаў пра Эўразьвяз. Апошнія 25 гадоў Эўракамісія вядзе адмысловую старонку, дзе зьняпраўджвае самыя распаўсюджаныя зь іх. Цяпер такіх зьняпраўджваньняў там амаль 700. Найбольш мітаў стварыла брытанская прэса. А паколькі ангельская мова самая распаўсюджаная ў сьвеце, то міты пра ЭЗ разышліся шырока.
Унутры ЭЗ, як і ў кожнай інстытуцыі, ёсьць задаволеныя і незадаволеныя. Паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, у ЭЗ у сярэднім 12% грамадзян незадаволеныя тым, што іх краіны належаць да супольнасьці, а задаволеных эўраінтэграцыяй — 60%.