Заяўка на правядзеньне мітынгу ў падтрымку саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі пададзеная ў прэзыдэнцкую адміністрацыю.
11 сьнежня кіраўніку Адміністрацыі прэзыдэнта Ігару Сергеенку быў накіраваны зварот ад імя кіраўнікоў «левапатрыятычных грамадзкіх аб’яднаньняў Беларусі, якія ствараюць каардынацыйны савет «Адзінства». Яго аўтары просяць дазволу правесьці на Кастрычніцкай плошчы акцыю ў падтрымку інтэграцыі. Яна плянуецца на 20 сьнежня, з 12 да 13 гадзіны.
«Пытаньне інтэграцыі Беларусі і Расеі вельмі важнае для нашых народаў, — гаворыцца ў заяўцы. — Просім вас аказаць садзеяньне ў атрыманьні дазволу на правядзеньне мітынгу».
Адным з падпісантаў заяўкі зьяўляецца арганізатар акцый «Несьмяротны полк» у Менску, старшыня рэспубліканскай рады грамадзкага аб’яднаньня «За дэмакратыю, сацыяльны прагрэс і справядлівасьць» Валер Драко. У размове са Свабодай ён пацьвердзіў сапраўднасьць намераў.
«Заяўка пададзеная, гэта ня фэйк, — сказаў Валер Драко. — Адразу скажу, што адказу з Менгарвыканкаму мы пакуль не атрымалі. Чакаем яшчэ. Мяркую, у найбліжэйшыя дні нешта высьветліцца».
Як расказаў Свабодзе Драко, іншыя пляцоўкі арганізатарамі мітынгу не разглядаюцца. Пытаньне Кастрычніцкай плошчы для іх прынцыповае. У тым ліку і таму, што там ужо зьбіраліся праціўнікі інтэграцыі.
«Нас ужо гэта пачынае крыху раздражняць, — кажа Драко. — Часу мала, трэба сабраць людзей. Чакаем, што яшчэ сказаць. Працуем па сваіх структурах, калі людзі былі гатовыя апэратыўна сабрацца. Мы жывем у саюзнай дзяржаве, яна трымаецца не на нейкіх там партыях. Мы Кастрычніцкую плошчу заявілі таму, што там быў ужо іншы мітынг — „У Эўропу“.
Мы разумеем, што ёсьць заканадаўства, што там не праводзяцца мітынгі. Мы ніколі не плянавалі там праводзіць нешта. Мы раней заўсёды на Бангалоры праводзілі, на бульвары Шаўчэнкі. Але гэта ня тая акцыя, каб яе праводзіць на Бангалоры. Гэта павінна быць вялізнае дзяржаўнае мерапрыемства. Апазыцыя там ужо была, таму мы таксама падалі заяўку туды».
Драко расказаў, што назіраў за падзеямі, якія прайшлі на Кастрычніцкай плошчы 7-8 сьнежня. Арганізатары мітынгу за інтэграцыю з Расеяй спадзяюцца сабраць на плошчы «як мінімум ня менш удзельнікаў, чым апазыцыя».
Нагадаем, што ў пятніцу 20 сьнежня на Кастрычніцкай плянуецца чарговая акцыя пратэсту праціўнікаў інтэграцыі. Яна заплянаваная на іншы час. Яе арганізатары не зьвярталіся да ўладаў па дазвол на правядзеньне.
«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»