Пасяджэньне аргкамітэта плянаванай на 20 сьнежня акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй прайшло 14 сьнежня ў Менску. Пра гэта БелаПАН паведаміў сустаршыня аргкамітэта па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павел Севярынец.
Паводле яго слоў, на сустрэчы прысутнічалі каля трох дзясяткаў чалавек, прадстаўнікі 12 з 15 арганізацый, якія ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы мерапрыемствы і кампаніі «Абаронім незалежнасьць». Палітык адзначыў, што сход прайшоў канструктыўна, і ўдзельнікі прыйшлі да ўзаемаразуменьня.
«Мы прагаварылі ўсе дэталі, ёсьць і плян» А «, і плян» Б «на той выпадак, калі месца [правядзеньня акцыі] будзе недаступна. Стварылі дзясятак рабочых груп, якія займаюцца рознымі момантамі, у тым ліку міжнароднай дзейнасьцю. Магчыма, гэта будзе камбінацыя розных акцый у рамках адной, але падрабязнасьці мы зможам агучыць у панядзелак, 16 сьнежня », — сказаў Севярынец.
Ён дадаў, што рыхтуюцца некалькі зваротаў. У прыватнасьці, да расейскага грамадзтва, да супрацоўнікаў беларускіх сілавых структур і да прэм’ер-міністра Сяргея Румаса. Іх зьмест таксама будзе апублікаваны на прэс-канфэрэнцыі ў 16 сьнежня.
Па словах Севярынца, на сходзе была дасягнутая дамоўленасьць, што вядомыя беларусы праз сацсеткі зьвернуцца да грамадзтва з заклікам адстойваць незалежнасьць.
Папярэдняя нарада прадстаўнікоў апазыцыі па правядзеньні кампаніі ў абарону незалежнасьці Беларусі прайшло 11 сьнежня ў Менску з вострымі дыскусіямі.
Прысутнічала больш за 30 чалавек, у тым ліку кіраўніцтва большасьці апазыцыйных партый і рухаў.