У зоне баявых дзеяньняў на Данбасе баевікі працягваюць абстрэлы украінскіх пазыцый. У выніку адзін вайсковец загінуў, яшчэ два атрымалі раненьні, паведамляе Hromadske.TV.
У штабе апэрацыі Аб’яднаных сілаў праінфармавалі, што напярэдадні баевікі стралялі зь мінамётаў калібру 82 мм, гранатамётаў розных сыстэмаў, буйнакалібэрных кулямётаў і стралковай зброі. 15 сьнежня абстрэлы працягнуліся: у раёне Луганскага працавалі станковыя процітанкавыя гранатамёты.
9 сьнежня ў Парыжы адбылася сустрэча лідэраў «нармандзкай чацьвёркі» дзеля ўрэгуляваньня сытуацыі ў Данбасе, падчас якой бакі дамовіліся:
- разьвесьці войскі ў трох раёнах да сакавіка 2020 году
- зрабіць абмен палоннымі да канца гэтага году
- цалкам спыніць агонь да канца 2019 году
- падоўжыць дзейны закон аб асаблівым статусе для Данбасу
- пашырыць мандат місіі АБСЭ
Нявырашанымі засталіся пытаньні правядзеньня мясцовых выбараў на Данбасе, аднаўленьня Ўкраінай кантролю над мяжой і адносна транзыту газу.