Дзяржаўны тэлеканал «Россия 1» анансаваў «першае вялікае» тэлеінтэрвію з Уладзімірам Зяленскім. Сам прэзыдэнт Украіны адмаўляе, што даваў інтэрвію расейскаму тэлебачаньню, паведамляе DW.
Зяленскі абверг паведамленьне дзяржаўнага тэлеканала «Россия 1», які анансаваў паказ 15 сьнежня «першага паўнавартаснага інтэрвію» зь ім. Зяленскі сьцьвярджае, што не гутарыў настолькі грунтоўна з расейскімі СМІ.
«Я не даваў інтэрвію тэлеканалу „Россия“, — заявіў ён у эфіры ўкраінскага тэлеканала „1+1“ у чацьвер, 12 сьнежня. — У нас быў прэс-падыход на вуліцы каля гатэля, у Парыжы, пасьля „нармандзкай сустрэчы“, ноччу. Была журналістка, дзяўчына, яна спытала мяне пра нешта ў калідоры, я ёй нешта адказаў у калідоры. Вось такое інтэрвію».
Па словах Уладзіміра Зяленскага, там было шмат журналістаў з розных краін.
Прэс-сакратар прэзыдэнта Ўкраіны Юлія Мэндэль таксама заявіла, што не арганізоўвала ніводнага інтэрвію для расейскіх СМІ, і ёй нічога не вядома пра анансаваны каналам «Россия 1» тэлевізійны прадукт.
Тэлеканал паабяцаў паказаць інтэрвію ў праграме «Масква. Крэмль. Пуцін» і паведаміў, што з Уладзімірам Зяленскім гутарыў карэспандэнт Павел Зарубін.