Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Навакольная выбарчая камісія... Вы мець права абскардзіць». Пракурор зрабіў 33 памылкі ў адказе на беларускай мове


Андрэй Мядзьведзеў, архіўнае фота
Андрэй Мядзьведзеў, архіўнае фота

Жыхар Рэчыцы Андрэй Мядзьведзеў быў назіральнікам на апошніх выбарах у Палату прадстаўнікоў. Са скаргай на парушэньні ён зьвярнуўся ў пракуратуру Калінкавіцкага раёну. У адказ атрымаў ад раённага пракурора ліст на беларускай мове, у якім налічыў 33 памылкі.

«Цяжка зразумець, што хацеў сказаць пракурор, які накіраваў мяне ў «навакольную выбарчую камісію», пісаў, што я «мець права абскардзіць», — пракамэнтаваў адказ Андрэй Мядзьведзеў.

Што напісаў пракурор Вадзім Жулега?

  • «На ваша зварот аб нязгодзе з напрамкам папярэдняга звароту»;
  • «аб нязгодзе з адказам навакольнай выбарчай камісіі»;
  • «паведамляю якое ідзе следам»;
  • «дзеянне сапраўднага Закона не распаўсюджваецца на звароты»;
  • «парадак і тэрміны дазволу зваротаў вызначаны Выбарчым кодэксам»;
  • «Згодна артыкулам 42 Выбарчага кодэксу»;
  • «Прымаючы ва ўвага выкладзеная, а таксама тая, што ў сваім папярэднім звароце вы выказвалі нязгоду»;
  • «акруговай выбарчай камісіяй пры дазволе вашага звароту»;
  • «для пачатку адміністрацыйнага працэсу неабходныя нагады і падставы»;
  • «паставамі зʼяўляюцца дастатковыя даныя, якія вызначаюць на адзнакі адміністарцыйнага правапарушэння»;
  • «прадугледжана адміністрацыйная адказнасць за пропаведзь варожасці на моўнай падставе»;
  • «Звароты пакідаюцца без разгляду, аб чым паведамляюцца заяўнікі».
  • Пракурор паведаміў, што калі заяўнік ня згодны з такім адказам, то «Вы мець права яго абскардзіць».
Ліст раённага пракурора Андрэю Мядзьведзеву
Ліст раённага пракурора Андрэю Мядзьведзеву

«Пракурор раёну прадэманстраваў поўную непісьменнасьць. Калі ў яго такі ўзровень пісьменнасьці ў дзяржаўнай мове, якую кожны чалавек у нашай краіне вывучае 11 гадоў у школе, а потым яшчэ і ў ВНУ, то як можа давяраць ягонай юрыдычнай пісьменнасьці — юрыспрудэнцыю ён вывучаў усяго некалькі гадоў ва ўнівэрсытэце?! Я кепска зразумеў, што хацеў сказаць дзяржаўны службовец», — пракамэнтаваў жыхар Рэчыцы.

І дадаў, што будзе прасіць пракурора вобласьці разгледзець узровень адукаванасьці раённага пракурора і адпаведнасьць займанай пасадзе.

Што на гэта пракурор?

Вадзім Жулега не адмаўляе, што гэта ён пісаў адказ Андрэю Мядзьведзеву. На пытаньне, чаму ў адказе так шмат граматычных памылак, пракурор адказаў, што «ніяк гэта не патлумачыць».

«Я не магу вам патлумачыць. Мы ж ня будзем канкрэтна абмяркоўваць памылкі. Па сутнасьці заяўнік атрымаў адказ. Я лічу, што ў адказе ўсё правільна, і сутнасьць адказу зразумелая», — сказаў пракурор.

Ён дадаў, што лічыць адказ «зразумелым» і «цалкам абгрунтаваным», а заяўнік пры нязгодзе ведае, куды зьвяртацца, каб абскардзіць адказ.

Пракурор запэўніў, што валодае беларускай мовай.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG