Апытаньне на сайце «Браслаўскай звязды», на якой мове павінны быць выкананы шыльды ў горадзе, было спынена на загад райвыканкаму. Колькі чалавек выказалася за беларускую мову, мясцовая чыноўніца Вольга Вялічка сказаць адмовілася.
Браслаўская чыноўніца Вольга Вялічка: «„Вынікі“ зрабілі для сябе»
Месяц таму на сайце раённай газэты «Браслаўская звязда» было абвешчана апытаньне: «На якой мове павінны быць выкананы шыльды з указаньнем найменьняў устаноў, арганізацый, вуліц на Браслаўшчыне?»
Як раней паведамілі Свабодзе ў рэдакцыі газэты, кампанію ініцыяваў Браслаўскі райвыканкам. Па яе выніках меліся прыняць рашэньне, якая мова будзе пераважаць у афармленьні гораду. Людзі адгукнуліся актыўна, і каля 90% удзельнікаў апытаньня выказалася за беларускую мову.
Намесьніца старшыні Браслаўскага райвыканкаму Вольга Вялічка пацьвердзіла Свабодзе, што апытаньне было спынена на рашэньне выканкаму. Аднак засяродзіла ўвагу на тым, што ануляваньня вынікаў апытаньня не было.
«Мы спынілі галасаваньне, „вынікі“ зрабілі для сябе, бо праводзілі апытаньне, каб пабачыць сытуацыю», — кажа Вольга Вялічка.
Адказвала Вольга Альбертаўна па-расейску, а вось слова «вынікі» паўтарыла, відаць, за карэспандэнткай Свабоды, пераблытаўшы са словам «высновы».
На пытаньне Свабоды, ці пацьвярджае чыноўніца, што за беларускую мову на шыльдах выступіла 90% людзей, якія бралі ўдзел у галасаваньні, спадарыня Вялічка адказала адмоўна, але дакладнай лічбы не назвала.
«Я гэтага не пацьвярджаю. У адпаведнасьці з законам у нас і беларуская, і расейская мова можа ўжывацца ў роўных умовах. Да прыкладу, „аддзел адукацыі“ ў нас і на беларускай мове, і на расейскай. „Белпошта“ — па-беларуску. Я не магу сказаць, што ў нас пераважна расейская мова ці беларуская. Па-рознаму. Я ня бачу, у чым тут праблема», — сказала Вольга Вялічка.
Прарасейскі актывіст Арцём Агафонаў, які жыве ня ў Браславе, а ў Асіповічах, напісаў у Браслаўскі райвыканкам ліст пра «фальсыфікацыю вынікаў апытаньня». Як сьцьвярджае Агафонаў, дзякуючы яму «нацыяналістам не ўдалося сфальсыфікаваць апытаньне і навязаць гораду беларусізацыю». Ці сапраўды гэта так?
«Я пра гэтага чалавека ня ведаю нічога», — сказала намесьніца старшыні райвыканкаму Вольга Вялічка.
На пярэчаньне, што Агафонаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку апублікаваў афіцыйны адказ за подпісам спадарыні Вялічкі, дзе яна піша пра дзьвюхмоўе і дзякуе актывісту за «актыўную жыцьцёвую пазыцыю», чыноўніца ўсё ж пацьвердзіла, што адказвала на ягоны зварот.
«Зварот ён пісаў, адказ мой быў, але гэтага чалавека я ня ведаю, адказвалі мы яму як грамадзяніну», — сказала спадарыня Вялічка.
Алег Трусаў: «Трэба патрабаваць пісьмовых адказаў чыноўнікаў і выстаўляць іх у інтэрнэце»
Намесьнік старшыні Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, які шмат гадоў змагаецца за напісаньне шыльдаў па-беларуску, раіць усё ж такі пісаць пісьмовыя звароты.
«Асабіста я ня веру электронным пэтыцыям, бо даказаць, што яны фэйк, — элемэнтарна. Я за тое, каб людзі пісалі лісты на паперы, падпісваліся, дасылалі з патрабаваньнем даць пісьмовы адказ. Таму змагарам за беларускамоўныя шыльды на Браслаўшчыне я раю пісаць лісты. Прычым выбраць нейкі кірунак. Да прыкладу, я гадоў 8 дамагаўся, каб станцыя „Рошча“ стала станцыяй „Гай“ — і дамогся.
І змагацца не за ўсе шыльды, бо гэта немагчыма, а больш мэтанакіравана — да прыкладу, за напісаньне па-беларуску назваў вуліц, устаноў. Калі змагаесься за канкрэтнае, гэта больш плённа. І патрабаваць пісьмовых адказаў чыноўнікаў, і выстаўляць іх у інтэрнэце», — раіць Алег Трусаў.