Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан папрасіў прабачэньня перад чальцамі Кансэрватыўнай партыі, якія ўлетку абралі яго лідэрам (што гарантавала яму пасаду прэм’ера) за тое, што не выканаў свайго абяцаньня і ня вывеў Брытанію з Эўразьвязу да 31 кастрычніка.
Джонсану не ўдалося ажыцьцявіць свой плян, хоць ён і абяцаў, што хутчэй «памрэ ў канаве», чым дапусьціць адтэрміноўку Brexit.
Выступаючы ў нядзелю на тэлеканале Sky News, прэм’ер заявіў, што стаў ахвярай абставін. Парлямэнт прыняў адмысловы закон, які абавязаў яго прасіць пра адтэрміноўку — што Джонсан і зрабіў. Ён падкрэсьліў, што робіць гэта не па ўласнай волі, і нават асабіста не падпісаў адпаведны ліст у Брусэль.
Эўразьвяз адклаў Brexit да 31 студзеня 2020 году, а брытанскі парлямэнт па ініцыятыве Джонсана прызначыў датэрміновыя выбары ў Палату абшчын на 12 сьнежня.