Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паротнікаў: «Прызначэньне Сергеенкі — знак, што прэзыдэнцкія выбары могуць прайсьці паводле жорсткага сцэнара»


Аляксандар Лукашэнка на выбарчым участку, парлямэнцкія выбары 17 лістапада.
Аляксандар Лукашэнка на выбарчым участку, парлямэнцкія выбары 17 лістапада.

Кіраўнік праекту Belarus security blog Андрэй Паротнікаў адказвае на пытаньне, хто такі новы кіраўнік адміністрацыі Ігар Сергеенка і чаго нам ад яго чакаць, аналізуе прамову Лукашэнкі ў парлямэнце і тлумачыць, чаму не чакае вялікіх рэпрэсій супраць удзельнікаў акцыі пратэсту 7 сьнежня.

  • Сьцісла:
  • • Сергеенка добра арыентуецца ў тэхналёгіях замежнага ўмяшаньня, маніпуляцыях, падрыўной дзейнасьці.
  • • Сам факт, што чалавек — выхадзец з той ці іншай службы, яшчэ ня сьведчыць, што ён будзе паводзіць сабе па нейкім шаблёне.
  • • Беларускі бок акрэсьліў перамоўную базу, абмежаваньні, якія ён не зьбіраецца пераступаць.
  • • Абвешчаная сустрэча Пуціна і Лукашэнкі ўжо рэзка згубіла свой статус

— Што азначае прызначэньне на пасаду кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта былога першага намесьніка старшыні КДБ Ігара Сергеенкі? Навошта Лукашэнку спатрэбілася зараз мяняць кіраўніка адміністрацыі? Ці дае гэтае прызначэньне нейкія намёкі на тое, якой будзе ўнутраная палітыка ў гэты выбарчы год?

— Сапраўды, я таксама схільны зьвязваць прызначэньне генэрала Сергеенкі на гэтую пасаду з прэзыдэнцкімі выбарамі. Чаму менавіта ён? Мабыць, таму, што Сергеенка валодае тымі кампэтэнцыямі, якія, з гледзішча Аляксандра Лукашэнкі, могуць быць карыснымі для тых абставін, у якіх будзе праходзіць кампанія.

Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў

Варта нагадаць, што Сергеенка — першы намесьнік старшыні КДБ па контравыведнай дзейнасьці. Традыцыйна сюды ўваходзіць ня толькі палітычная контравыведка, то бок барацьба з шпіянажам, але і «абарона канстытуцыйнага ладу», то бок барацьба з палітычнымі апанэнтамі і антытэрарыстычная дзейнасьць. Гэта такі знак, і знак ня вельмі добры. Знак таго, што беларускія ўлады не выключаюць магчымасьці правядзеньня выбарчай кампаніі па жорсткім сцэнары, ва ўмовах, якія запатрабуюць ужываць рэпрэсіўныя інструмэнты да апанэнтаў існуючай улады.

— Як прафэсійныя ўменьні Сергеенкі, зьвязаныя з працай у КДБ, могуць прыдацца на ягонай новай пасадзе кіраўніка адміністрацыі?

— Контравыведка прадугледжвае ў тым ліку і выяўленьне замежнага ўмяшаньня ва ўнутраныя працэсы ў краіне. Можна меркаваць, што Сергеенка добра арыентуецца ў тэхналёгіях замежнага ўмяшаньня, маніпуляцый, падрыўной дзейнасьці.

Па-другое, гэта пытаньне забесьпячэньня ляяльнасьці дзяржаўнага апарату. Контравыведка — гэта ня толькі барацьба са шпіянажам, гэта таксама забесьпячэньне ляяльнасьці як цывільнай сыстэмы кіраваньня, так і сілавікоў.

Па-трэцяе, гэта недапушчэньне таго, што прынята называць «дэстабілізацыяй сытуацыі», масавых пратэставых акцый. Гэта азначае, што выбары ў нас пройдуць вельмі жорстка. Гэта і палітычны вышук, і ляяльнасьць намэнклятуры, і прадухіленьне замежнага ўмяшаньня. Я ня ведаю ўсяго паслужнога сьпісу Сергеенкі, але, мабыць, ёсьць падставы меркаваць, што ў гэтых тэмах ён адмысловец высокага ўзроўню, каб справіцца з гэтай сытуацыяй.

— У Беларусі было і ёсьць некалькі высокіх чыноўнікаў, якія выйшлі са спэцслужбаў. Гэта Ўрал Латыпаў, былы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта, які запомніўся як чалавек (прынамсі, вонкава) даволі лібэральны, гэта і цяперашні міністар замежных справаў Уладзімер Макей. Дык ці абавязкова паходжаньне са спэцслужбаў прадвызначае пэўныя палітычныя пазыцыі?

— Макей — выхадзец з вайсковай выведкі. Што тычыцца Сергеенкі, я магу зьвярнуць увагу, што па першай адукацыі ён гісторык. Ён у тым ліку адказваў у КДБ за пытаньні, зьвязаныя з рэабілітацыяй ахвяраў сталінскіх палітычных рэпрэсій. І тая публічная пазыцыя, якая агучвалася, была даволі роўная і ўзважаная.

Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Складана сказаць, як чалавек будзе сабе паводзіць на новай пасадзе, але трэба разумець, што ён застаецца генэралам на дзейнай службе. І ён будзе выконваць тыя загады, якія аддае яму самі ведаеце хто. І далёка не заўсёды ягоная асабістая пазыцыя будзе граць нейкую ролю. Таму ў гэтай беларускай сыстэме сам факт, што чалавек — выхадзец з той ці іншай службы, яшчэ ня сьведчыць, што ён будзе паводзіць сабе па нейкім шаблёне.

— Значная частка сёньняшняга выступу Лукашэнкі перад дэпутатамі была прысьвечаная пытаньням адносін з Расеяй. Кіраўнік Беларусі зноў паўтарыў, што Беларусь не зьбіраецца нікуды ўступаць, ні ў якую іншую краіну. Лукашэнка, сярод іншага, сказаў, што Беларусь і Расея не вядуць дыялёг «аб палітычных пытаньнях, напрыклад, аб стварэньні адзінага парлямэнту». Між тым нядаўна амбасадар Беларусі ў Расеі Сямашка заявіў, што кіраўнікі Беларусі і Расеі дамовіліся пра адзіны парлямэнт і ўрад. Як выйшла такая нестыкоўка?

— Як мне падаецца, Сямашка меў на ўвазе ў дадзеным выпадку дамову 1999 году, дзе кіраўнікі Беларусі і Расеі сапраўды дамовіліся пра ўтварэньне палітычнай надбудовы, гэтак званай «саюзнай дзяржавы». Але гэта было 20 гадоў таму. Зьвярну ўвагу, што і расейскі бок нядаўна заяўляў, што палітычныя пытаньні ў межах гэтай «дарожнай мапы» не разглядаюцца.

— Лукашэнка даволі шмат казаў пра непахіснасьць беларускай незалежнасьці — ці азначае гэта, што ён паспрабаваў «падсьцяліць сабе саломку» перад сустрэчай з Пуціным? Публічна акрэсьліў такую пазыцыю, што азначае, што за яе ён перайсьці ўжо ня можа?

— Так, гэта можна разглядаць менавіта ў такім выглядзе. Беларускі бок акрэсьліў перамоўную базу, абмежаваньні, якія ён не зьбіраецца пераступаць. Але ёсьць і іншае вымярэньне. Лукашэнка спрабуе такім чынам заспакоіць і грамадзкую думку ў Беларусі, і заходнюю палітычную эліту адносна таго, што Беларусь застаецца незалежнай. Бо калі сур’ёзна ўспрымаць заявы аб непазьбежнасьці паглынаньня Беларусі — то тады ў Захаду ўзьнікае пытаньне: а які сэнс зараз пра нешта дамаўляцца зь Менскам? Таму тут адразу некалькі адрасатаў.

— Лукашэнка таксама заявіў, што забараніў міністру фінансаў браць апошні транш Эўразійскага банку. Наўрад ці гэта сьведчыць, што беларуская эканоміка ў такім цудоўным стане, што замежных крэдытаў не патрабуе. Проста Лукашэнка спадзяецца атрымаць гэтыя крэдыты зь іншых крыніц, напрыклад, у Кітаі?

— Гэта адзін варыянт. Іншы варыянт — пэрыядычна абвяшчаюцца прапрацоўкі праектаў па выхадзе на заходнія рынкі капіталу.

Але — Лукашэнка адмовіўся ад атрыманьня апошняга траншу Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця тады, калі сам фонд адмовіўся крэдытаваць Беларусь. Гэта такая вельмі дзіўная адмова. Гэта выглядае як спроба захаваць твар пры даволі кепскай гульні.

— Выступаючы перад сустрэчай з Пуціным — ці выканаў Лукашэнка задачу акрэсьліць свае пазыцыі? Як Масква можа паставіцца да сёньняшніх выказваньняў кіраўніка Беларусі?

— У іх не было нічога новага і прынцыповага, што б Лукашэнка не казаў раней. Што тычыцца Масквы, то яна будзе дзейнічаць паводле ўласнага сцэнару. Я хачу зьвярнуць увагу, што беларуска-расейскі саміт плянаваўся як юбілейны, урачысты, зьвязаны з 20-годзьдзем «саюзнай дзяржавы». Гэта прадугледжвала нейкую ўрачыстасьць атмасфэры і месца, нейкую афіцыйнасьць.

Кіраўнікі Расеі і Беларусі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Душанбэ, 14.06.2019
Кіраўнікі Расеі і Беларусі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Душанбэ, 14.06.2019

Але ў апошні момант высьветлілася, што Лукашэнка ляціць ня ў Крэмль, а фактычна на лецішча да Пуціна ў Сочы. То бок само мерапрыемства рэзка губляе свой статус. Будзе цікава назіраць, як усё пройдзе.

— Беларускія апазыцыйныя лідэры заклікаюць 7 сьнежня прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу, каб выказаць пратэст супраць інтэграцыі з Расеяй. Як на гэта могуць адрэагаваць улады? З аднаго боку, у палітычным сэнсе ўладам было б выгадна, каб беларусы выйшлі на вуліцы і выступілі за незалежнасьць. Зь іншага — ёсьць рэпрэсіўная традыцыя, якая пануе ўсе гэтыя гады. Ці чакае людзей, якія прыйдуць на Кастрычніцкую, разгон?

— Сумняюся, што людзей чакае разгон. Парлямэнцкія выбары вельмі кепска прайшлі для ўлады з гледзішча яўкі, якая была катастрафічна нізкая. Другі момант — нэгатыўная рэакцыя з боку Захаду. Таму ў дадзеным выпадку не ў інтарэсах улады ісьці на нейкае абвастрэньне. Я схіляюся да думкі, што мерапрыемства пройдзе бяз значных інцыдэнтаў, але потым яго ўдзельнікі будуць пакараныя традыцыйнымі штрафамі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG