Пажар пачаўся 4 сьнежня ў цэнтры Адэсы, у навучальным корпусе каледжу эканомікі, права і гатэльна-рэстараннага бізнэсу. Пацярпелі 27 чалавек, адзін загінуў, паведамляе прэс-цэнтар Дзяржаўнай службы па надзвычайных сытуацыях Украіны (ДСНС).
У выніку пажару 1 чалавек загінуў і 27 чалавек пацярпелі (зь іх 13 падлеткаў і 7 супрацоўнікаў ДСНС). Па стане на раніцу 5 сьнежня яшчэ 14 чалавек лічацца зьніклымі ў выніку пажару, іх лёс невядомы.
«Па стане на 06:45 5 сьнежня адкрытага агню не назіраецца, падразьдзяленьні ДСНС праводзяць тушэньне асобных ачагоў тленьня ў будынку», — гаворыцца ў паведамленьні.
У ліквідацыі наступстваў пажару былі задзейнічаныя 103 чалавекі 16 адзінак тэхнікі. Ратавальнікі адзначаюць, што ўнутры будынку абвальваюцца згарэлыя будаўнічыя канструкцыі.
Паліцыя завяла крымінальную справу за парушэньне ўстаноўленых заканадаўствам патрабаваньняў пажарнай бясьпекі.
У сувязі з пажарам 5 і 6 сьнежня абвешчаныя ў Адэсе жалобнымі днямі.