Кітайскі навуковец Хэ Цзянькуй, які раней зрабіў заяву аб нараджэньні першых у сьвеце дзяцей са зьмененай ДНК, паведаміў аб магчымым хуткім зьяўленьні на сьвет яшчэ аднаго дзіцяці з геннай мадыфікацыяй, перадае Associated Press.
Паводле словаў кітайскага дасьледчыка, новая цяжарнасьць знаходзіцца на раньняй стадыі, таму пакуль рана прагназаваць посьпех.
Цзянькуй сьцьвярджае, што гены нядаўна народжаных дзяўчынак-двайнят былі адрэдагаваныя пры дапамозе тэхналёгіі, якая дазваляе выдаляць і карэктаваць гены. Ён заявіў, што менавіта такім спосабам здолеў пазбавіць дзяўчынак ад перадачы па спадчыне ВІЧ — хваробы, на якую пакутуе іх бацька.
Заява кітайскага навукоўца аб нараджэньні першых у сьвеце людзей з мадыфікаванымі генамі пакуль не атрымала пацьверджаньня зь незалежных крыніц.
У Кітаі, у адрозьненьне ад многіх іншых краін, дасьледаваньні па рэдагаваньні генаў чалавека не забароненыя. Кітайская Нацыянальная камісія аховы здароўя вырашыла праверыць законнасьць экспэрымэнтаў Хэ Цзянькуя.