Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна прапануе мадэрнізаваць «Усходняе партнэрства». Чаму Беларусь супраць


У Менску асьцерагаюцца, што новыя ініцыятывы могуць прывесьці да згортваньня праграмаў Эўразьвязу.

Сьцісла

  • Кіеў прапануе падзяліць краіны «Ўсходняга партнэрства» на больш і менш прасунутыя ў сваіх дачыненьнях з Эўразьвязам.
  • Менск асьцерагаецца, што ў такім разе фінансавая дапамога Беларусі істотна скароціцца.
  • Базавыя прынцыпы дэмакратыі, закладзеныя ва «Ўсходнім партнэрстве», адышлі на другі плян.
  • Менск заклікае сканцэнтравацца на гандлёва-эканамічных пытаньнях.

Галоўнае ва ўкраінскім праекце мадэрнізацыі «Ўсходняга партнэрства» — прапанова падзяліць шасьцёрку ўдзельнікаў «Усходняга партнэрства» на дзьве «тройкі». У адну, больш прасунутую, увойдуць Грузія, Малдова і Ўкраіна; у другой застануцца Азэрбайджан, Армэнія і Беларусь.

Першым ініцыятыву агучыў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Ўкраіны Вадзім Прыстайка ў Стакгольме на міністэрскай канфэрэнцыі, прысьвечанай 10-годзьдзю праграмы. Ягонаму выступу папярэднічалі асабістыя сустрэчы міністра з калегамі з Грузіі і Малдовы. Прыстайка заявіў, што «Ўкраіна, Малдова і Грузія гатовыя да глыбейшай сэктаральнай інтэграцыі з Эўразьвязам у сфэрах энэргетыкі, гандлю, лічбавай эканомікі, мытнай супрацы і супрацы ў сфэры бясьпекі». На ягоную думку, такая дыфэрэнцыяцыя вызначаецца амбіцыямі партнэраў Эўразьвязу.

Вадзім Прыстайка
Вадзім Прыстайка

Украінскую прапанову на міжнароднай канфэрэнцыі ў Менску разьвіў амбасадар у Беларусі Ігар Кізім. Ён лічыць, што ня трэба цягнуць ва «Ўсходняе партнэрства» дзяржавы, якія гэтага ня хочуць, і, наадварот, «трэба даць пэрспэктывы тым, хто там хоча быць».

Падтрымаў праект дзейны дэпутат Эўрапарлямэнту колішні прэмʼер Літвы Андрус Кубілюс. Спачатку ў Бэрліне, а затым і ў Вільні ён выступіў за тое, каб Эўразьвяз дакладна акрэсьліў пэрспэктывы сяброўства Ўкраіны ў арганізацыі:

«Калі ў 2027 годзе старшынства ў Эўразьвязе пяройдзе да Літвы, то, магчыма, тады зьявіцца рашэньне пра будучыню сяброўства Ўкраіны, Грузіі і Малдовы ў Эўразьвязе».

Беларусі ініцыятыва не даспадобы

Афіцыйнаму Менску ўкраінскія ініцыятывы не падабаюцца. Тут разумеюць, што, калі адбудзецца дзяленьне на «больш і менш прасунутых», то першай «тройцы» дастанецца больш фінансавай падтрымкі.

Сёлета з эўрапейскіх фондаў на «Ўсходняе партнэрства» выдаткавана тры мільярды эўраў. Праўда, і цяпер ня ўсім даюць аднолькава. Ёсьць два галоўныя чыньнікі, паводле якіх дзеляць дапамогу. Першы — колькасьць насельніцтва ў краіне, другі — ступень прасунутасьці ў дачыненьнях з Брусэлем. Таму на долю Беларусі прыпадае каля 230-250 мільёнаў эўраў.

Асабліва прывабныя вельмі льготныя крэдыты, найперш ад Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР). Адзін канкрэтны прыклад. Год таму гэты банк даў пазыку на будаўніцтва другой кальцавой аўтамабільнай дарогі вакол Менску — 42 мільёны 450 тысяч эўраў. Памятаю, калі гэтую дамову ратыфікавала Палата прадстаўнікоў, тагачасны міністар транспарту і камунікацыяў Анатоль Сівак (цяпер ён старшыня Менскага гарвыканкаму) асабліва падкрэсьліваў: працэнтная стаўка ўсяго 1,1% гадавых, а пачынаць вяртаць грошы можна ажно праз пяць гадоў.

ЭБРР разам з Эўрапейскім інвэстыцыйным банкам фінансуюць праекты ў энэргетыцы, экалёгіі, малым бізнэсе, разьвіцьці рэгіёнаў, адукацыі, інфраструктуры памежных пераходаў... А калі ўлічыць, што пасьля завяршэньня аднаго праекту часта пачынаецца аналягічны новы, то можна канстатаваць, што гэта дастаткова сурʼёзная падтрымка для Беларусі. Адметна, што праграмы трэнінгаў беларускіх міністэрстваў з адпаведнымі ведамствамі дзяржаваў Эўразьвязу, якія практыкуюцца апошнія пару-тройку гадоў, наагул бясплатныя для беларусаў.

Пераходзіць у «прасунутую» групу Беларусь ня хоча

Узьнікае пытаньне: чаму пра мадэрнізацыю «Ўсходняга партнэрства» загаварылі менавіта цяпер? Адказ просты: мінула 10 гадоў ад пачатку праекту, які ініцыявалі Польшча і Швэцыя. Пад прыярытэтамі «УП-2020» патрэбна падводзіць рысу. І прымаць сцэнар «УП-2030».

Да таго ж многія экспэрты лічаць, што сам праект, які на пачатку выглядаў шматабяцальным, зайшоў у тупік. Шэсьць постсавецкіх краін апынуліся ў стане разнахуткаснай інтэграцыі з Эўразьвязам. «Усходняе партнэрства» было задумана як вялікая праграма, якая дазволіла б праз праекты ў розных сфэрах максымальна наблізіць гэтую «шасьцёрку» да абʼяднанай Эўропы.

Аднак ня ўсе ўдзельнікі праграмы ад самага пачатку мелі намер далучыцца да Эўразьвязу. У прыватнасьці, Ўладзімер Макей неаднаразова падкрэсьліваў, што ў Беларусі такой мэты наагул няма. Запомнілася, як у чэрвені на экспэртным сэмінары ў Менску намесьнік Макея Алег Краўчанка гаварыў па-ангельску пра стаўленьне беларускіх уладаў да «УП». Калі я ў перапынку падышоў да яго, каб удакладніць некаторыя цытаты, дыплямат папрасіў выкрасьліць з падрыхтаванага мной тэксту слова «пакуль».

«Я не казаў, што ў Беларусі пакуль няма мэты далучыцца да Эўразьвязу. Бо калі пакінуць „пакуль“, то можна падумаць, што такая мэта хутка зьявіцца. Не, мы наагул ня маем намеру далучацца да Эўразьвязу», — удакладніў Краўчанка.

«Усходняе партнэрства» ў ягоным цяперашнім выглядзе беларускія ўлады задавальняе

Задавальняе таму, што праграма, пачынаючы з 2015 году, істотна зьмянілася. Калі на першым саміце «УП» у Празе ў 2009 годзе шмат гаварылася пра эўрапейскія базавыя каштоўнасьці (правы чалавека, свабоду слова, дэмакратычныя выбары), то затым яны былі адціснутыя на няпэўную пэрспэктыву. А на першы плян выйшлі гандлёва-эканамічныя стасункі. У Брусэлі гэта назвалі прагматызмам.

«Трэба ставіць менш завышаных палітычна-амбіцыйных мэтаў, а старацца рэальна працаваць паводле шырокага парадку дня», — яшчэ два гады таму патлумачыў дзяржаўны сакратар Міністэрства замежных справаў Латвіі Андрэйс Пілдэгавічс.

Прыйшло ўсьведамленьне, што шэсьць краін-партнэраў — вельмі розныя дзяржавы з розным стаўленьнем да інтэграцыі з ЭЗ.

І калі на першы саміт Аляксандра Лукашэнку прынцыпова не запрасілі, а на яшчэ некалькіх давалі зразумець, што ягонае зьўленьне тут непажаданае, то апошнім часам ужо Лукашэнка адмаўляецца ад запрашэньня. Не было яго і на юбілейным саміце ў Брусэлі сёлета ў траўні. Туды паехаў Макей, які растлумачыў, чаму няма Лукашэнкі:

«Такі візыт павінен быць максымальна выніковым, максымальна насычаным». Беларусь і Эўразьвяз пакуль не дасягнулі высокага ўзроўню разьвіцьця сваіх дачыненьняў. Беларусь дагэтуль ў галоўных дачыненьнях з Брусэлем зыходзіць з дакумэнтаў, падпісаных яшчэ ў СССР. Дык навошта ж туды ехаць Лукашэнку?!

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG