Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск можа разьмясьціць у Лёндане эўрабонды ня менш чым на мільярд даляраў


Беларусь можа ў першым квартале 2020 году выйсьці на рынак зьнешніх запазычаньняў з выпускам эўрааблігацыяў аб’ёмам ня менш за 1 мільярд даляраў, паведаміў журналістам прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас.

Беларускі прэм’ер браў у Лёндане ўдзел у інвэстыцыйным саміце Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця для краінаў — удзельніц «Усходняга партнэрства».

Раней у лістападзе міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч паведамляў, што краіна плянуе ў 2020 годзе разьмясьціць эўрааблігацыі і разьлічвае прыцягнуць на вонкавых рынках 1,35 мільярда даляраў.

Паводле Румаса, да канца гэтага году краіна наўрад ці выйдзе на пазыковы рынак, бо «патрэбы ў новых запазычаньнях няма», аднак у наступным годзе Беларусь будзе гатовая разьмясціць новы выпуск эўрабондаў.

«Так, у нашых плянах ёсьць разьмяшчэнне бондаў, і мы будзем разьмяшчаць іх у Лёндане на той самай пляцоўцы, дзе мы разьмяшчалі нашы папярэднія запазычаньні. Сёньня ідзе плянавая праца, мы працуем з банкамі, выбіраем арганізатараў», — сказаў Румас, адказваючы на пытаньне РИА Новости.

«Хутчэй за ўсё, гэта будзе ў першым квартале. Мы лічым гэты час найбольш удалым для выхаду на рынак запазычаньняў. Сёньня цяжка казаць пра дакладны аб’ём, але сума будзе большая за мільярд даляраў», — удакладніў прэм’ер-міністар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG