Напярэдадні сустрэчы «нармандзскай чацьвёркі» ў Парыжы 9 сьнежня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі даў інтэрвію чатыром выданьням — нямецкаму Der Spiegel, францускаму Le Monde, амэрыканскаму Time і польскаму Gazeta Wyborcza.
«Я не пагаджуся ісьці з вайной на Данбас. Я ведаю, што тут шмат гарачых галоў, асабліва тых, хто выходзіць і кажа: "Паедзем ваяваць і вернем Данбас!" Але якой цаной? Гэта іншая гісторыя жыцьця і зямлі. І я ня буду гэтага рабіць. Калі гэта не задаволіць грамадзтва, тады прыйдзе новы лідэр, які задаволіць гэтыя патрабаваньні. Але я ніколі гэтага не буду рабіць, таму што мая жыцьцёвая пазыцыя — гэта быць чалавекам перадусім. І я не магу адправіць іх туды. Як? Колькі зь іх загіне? Сотні тысяч, а потым поўнамаштабная вайна пачнецца ва Ўкраіне, а потым і па ўсёй Эўропе », — сказаў Зяленскі.
Ён таксама падкрэсьліў, што выбары у кантраляваных сэпаратыстамі частках Данецкай і Луганскай абласьцей могуць адбывацца толькі паводле ўкраінскага заканадаўства.
Што тычыцца памежнага кантролю з Расеяй, Зяленскі назваў гэта «самым складаным».
«Калі мы дабяромся да гэтага, гэта будзе найбольш складанае пытаньне перамоў. Але, шчыра прызнаюся, я не падтрымліваю тое, як гэта было сфармулявана ў папярэдніх пагадненьнях. Паводле іх, праходзяць выбары, а потым Украіна атрымлівае кантроль над мяжой... Я ня згодны з такой пасьлядоўнасьцю», — сказаў прэзыдэнт Украіны.
Адказваючы на пытаньне, ці баіцца ён апынуцца на сустрэчы ў Парыжы 9 сьнежна фактычна «сам-насам» з прэзыдэнтам Расіі, Зяленскі заявіў, што калі пабачыць такую сытуацыю на пачатку перамоў, ён «адразу пра гэта скажа».
«Я хачу, каб усе разумелі, што праблема глыбейшая, чым разьвязаньне эканамічных праблем той ці іншай краіны», — сказаў Зяленскі.
Адказваючы на пытаньне пра свае чаканьні ад мірных перамоваў 9 сьнежня, Зяленскі сказаў, што некаторыя ўдзельнікі маюць намер, «каб нічога не адбылося». Пры гэтым ён адзначыў, што сам факт перамоваў гэта ўжо важны першы крок.
Журналісты спыталіся ў Зяленскага, ці давярае ён прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну. Украінскі прэзыдэнт адказаў: «Я нікому не давяраю. Скажу вам шчыра.. Палітыка гэта не дакладная навука. Таму ў школе я любіў матэматыку. У матэматыцы мне ўсё ясна». Паводле Зяленскага, у палітыцы «кожны мае свае інтарэсы», таму нікому нельга давяраць.
Сустрэча «нармандзкай чацьвёркі» адбудзецца 9 сьнежня ў Парыжы з удзелам лідэраў Нямеччыны, Францыі і Расеі і Ўкраіны. Апошнія такія перамовы адбыліся ў кастрычніку 2016 году.
9 сьнежня ў Парыжы Пуцін і Зяленскі ўпершыню сустрэнуцца асабіста. Раней яны размаўлялі толькі па тэлефоне.