Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь інвэстуе ва ўкраінскую эканоміку ў 20 разоў больш, чым Украіна — у беларускую


Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падчас Форуму рэгіёнаў у Жытомір, 4 кастрычніка 2019 году
Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падчас Форуму рэгіёнаў у Жытомір, 4 кастрычніка 2019 году

Беларусь за 9 месяцаў 2019 году павялічыла наўпроставыя інвэстыцыі ў эканоміку Ўкраіны на 46% у параўнаньні з такім жа пэрыядам 2018 году — да 49,6 мільёна даляраў.

Разам цягам студзеня-верасьня Ўкраіна атрымала 34,7 мільярдаў даляраў наўпроставых замежных інвэстыцыяў. Найбольш ва ўкраінскую эканоміку ўкладаюць кампаніі з Кіпру (28,5%), Нідэрляндаў (16,7%) і Расеі (11,7%).

Такую інфармацыю абнародавала Дзяржаўная служба статыстыкі Ўкраіны.

У той жа час аб’ём украінскіх інвэстыцыяў у эканоміку Беларусі са студзеня па кастрычнік не зьмяніўся і застаўся на ўзроўні 2,7 мільёна даляраў.

Дырэктар кіеўскага Інстытуту эканамічных дасьледаваньняў і палітычных кансультацыяў Ігар Буракоўскі мяркуе, што перакос ва ўзаемным інвэставаньні Беларусі і Ўкраіны абумоўлены як рознай эканамічнай вагой, гэтак і арыентацыяй украінскага бізнэсу на Эўразьвяз:

«Калі йдзецца непасрэдна пра фінансавыя ўкладаньні ўкраінскага бізнэсу за мяжой, то гэта перадусім краіны Эўрапейскага Зьвязу. У гэтым сэнсе Беларусь сёньня ня ёсьць прыярытэтным кірункам для ўкраінскага бізнэсу з улікам асаблівасьцяў рэгуляваньня бізнэс-клімату ў гэтай краіне».

У той жа час, паводле экспэрта, для Беларусі ўкраінскі кірунак вельмі прывабны.

«Ва Ўкраіне амаль 40 мільёнаў насельніцтва, тут надзвычай вялікі попыт на спажывецкія тавары. А з увагі на сытуацыю на ўсходзе Ўкраіны, дзе адбываецца агрэсія і Расея трапіла пад міжнародныя санкцыі, то не выключаю, што пэўная частка беларускіх інвэстыцыяў — гэта „перахопленыя“ ў Расейскай Фэдэрацыі таварныя плыні і магчымасьці, калі пад выглядам беларускіх тавараў ва Ўкраіну заходзяць фактычна або расейскія тавары, або тавары, што знаходзяцца пад санкцыямі ў Расеі», — патлумачыў Ігар Буракоўскі.

«Думаю, што ўзаемны патэнцыял ёсьць. Але ён залежыць ад таго, як будуць рухацца рэформы і эканамічнае разьвіцьцё абедзьвюх краін. Цяпер Украіна найперш патрабуе інвэстыцыяў, зьвязаных з мадэрнізацыяй нацыянальнай эканомікі, патрабуе ня толькі грошаў, але і тэхналёгіяў. І з гэтага гледзішча Ўкраіна зможа ажыцьцявіць эканамічны прарыў, толькі калі сюды прыйдуць вялікія рэсурсы найперш з заходніх краін», — дадаў экспэрт. Згодна з інфармацыяй Дзяржаўнай службы статыстыкі Ўкраіны, замежныя інвэстары найбольш укладаюць у фінансава-страхавую і навукова-тэхнічную дзейнасьць, а таксама прамысловасьць.

Апошнія два гады ва Ўкраіне актывізавалі дзейнасьць некалькі супольных прадпрыемстваў, створаных пры ўдзеле найбуйнейшых дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі ў сфэры машынабудаўніцтва.

Паводле Гандлёва-прамысловай палаты Ўкраіны, па выніках другога Форуму рэгіёнаў у Жытоміры беларускія і ўкраінскія прадпрыемствы падпісалі кантракты на агульную суму каля паўмільярда даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG