Такая навучальная ўстанова ў XIX стагодзьдзі стваралася дзеля «русского просвещения в Западном крае». Цяпер яна зьбіраецца заняць месца побач з нацыянальнай сьвятыняй — Сафійскім саборам.
Турыстычныя патрэбы ня вытрымалі канкурэнцыі з вайсковымі
На тэрыторыі Верхняга замку пры Сафійскім саборы пачынаецца маштабная рэканструкцыя. Згодна з плянамі замоўцы — Упраўленьня капітальнага будаўніцтва Полацку — да 2021 году ў будынках розных эпох, якія працяглы час займаў шпітальны гарадок, разьмесьцяць кадэцкую вучэльню. Яе дзейнасьць адноўленая ў 2010-м. Цяпер навучэнцы займаюцца ў былой школе № 4.
Спачатку, як удакладнілі ў аддзеле культуры Полацкага райвыканкаму, на гістарычным месцы меліся паўстаць абʼекты турыстычнай інфраструктуры. Быў нават распрацаваны праект. Аднак рэгіянальныя ўлады так і не зацікавілі патэнцыйных інвэстараў, а ў раённым бюджэце вольных сродкаў не знайшлося.
Тады мясцовыя ўлады вырашылі вярнуць гораду кадэцкі корпус, які працаваў тут ад 1835 году і да моманту кастрычніцкага перавароту ў Петраградзе. Ён месьціўся ў езуіцкім калегіюме.
«Тэрыторыя за Сафійскім саборам вельмі важная для нас, яна ўключаная ў Комплексную праграму разьвіцьця Полацку, гэта гістарычныя землі», — казала начальніца аддзелу культуры Полацкага райвыканкаму Алена Астапава.
Сем старых будынкаў пойдуць пад знос, у астатніх, згодна з плянамі, абсталююць навучальны корпус, цэнтар вайсковай падрыхтоўкі, інтэрнат, харчавальны блёк, музэй. На тэрыторыі спраектаваны пляц для шыхтавых заняткаў і спартовыя пляцоўкі.
Будаўнічыя працы абыдуцца прыкладна ў 30 мільёнаў рублёў. Праектную дакумэнтацыю распрацаваў інстытут «Віцебскграмадзянпраект», генэральны падраднік — прадпрыемства «Полацаксельбуд». У партфоліё апошняга — рэканструкцыя будынку райвыканкаму, вадацяжная вежа ды іншыя індустрыяльныя абʼекты. Мяркуецца, што 300 кадэтаў заедуць у казармы ўжо 1 верасьня 2021 году.
Кіраўніцтва гораду тым часам запэўнівае, што разам з будаўнікамі ў ахоўнай зоне будуць працаваць археолягі. Агулам, як прагназуе замоўца, давядзецца «пералапаціць» больш за 20 тысяч кубамэтраў зямлі. Паводле археоляга Марата Клімава, сёлета такія працы наўрад ці магчымыя, у лепшым выпадку адмыслоўцаў дапусьцяць да пошукаў вясной. Пакуль будуць зносіць будынкі, якія не ўяўляюць гістарычнай каштоўнасьці.
Кандыдат гістарычных навук Сяргей Тарасаў у свой час перакапаў практычна ўвесь гістарычны цэнтар Полацку. Суседзтва мілітарызаванай установы з Сафійскім саборам лічыць абуральным.
«Я катэгарычна супраць разьмяшчэньня там кадэтаў, — кажа ён. — Мне гэта нагадвае акупацыю часоў Івана Жахлівага, калі збудавалі Ніжні замак з адной толькі мэтай — сяліць там стральцоў, „дабы людзей літоўскіх у Верхні горад да Сафійскага сабору не пускаці“. На мой погляд, будзе падобная сытуацыя, калі закладуць казармы. Ужо не кажу пра магчымыя парушэньні археалягічнага пласта — хоць нібыта і акрэсьленыя жорсткія рамкі, каб ад існых падмуркаў нікуды не адступалі. Але з улікам даўняга досьведу абсалютна ўпэўнены: як толькі пачнуць пракладаць камунікацыі, абавязкова залезуць у культурныя напластаваньні».
Як беларускую моладзь ламалі пад стандарты праваслаўнага трону
Грунтоўную адукацыйную базу заклаў у Полацку ордэн езуітаў. Яго дзейнасьць не спынялася нават пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай і пераходу пад фактычную юрысдыкцыю Расейскай імпэрыі. У прэстыжны езуіцкі калегіюм імкнуліся трапіць навучэнцы з аддаленых земляў, дзе чальцоў ордэну пачалі перасьледаваць. Паўстала ідэя вышэйшай езуіцкай навучальнай установы.
Як вынікае з архіўных дакумэнтаў, у 1828 годзе ў сэнат быў перададзены ўказ расейскага імпэратара Мiкалая I, які наказваў знайсьцi сродкi на Полацкую духоўную акадэмiю. Але пакуль вызначаліся з памяшканьнямi і выкладчыкамі, грымнула антыімпэрскае паўстаньне 1830 году, адукацыйны кірунак быў кардынальна перагледжаны.
1 лютага 1830 году царскі ўрад зацьвердзіў «Палажэньне аб губэранскіх кадэцкіх корпусах», яны мелі адкрыцца ў шасьці гарадах імпэрыі, уключна з Полацкам. 25 чэрвеня 1835-га, у дзень нараджэньня самаўладцы, з мэтай «проведения на Западном крае идеи русского просвещения, русского патриотизма и русского дела» на месцы колішняй піярскай вучэльні пачала працаваць навучальная ўстанова закрытага тыпу для падлеткаў 12–14 гадоў. Корпусу дасталіся будынак кляштару, дзесяць ордэнскіх дамоў і шэсьць скарбовых.
Перадусім сюды накіроўвалі сваіх атожылкаў афіцэры і чыноўнікі, выпраўленыя ў Паўночна-Заходні край дзеля ўсталяваньня «русского мира». Па заканчэньні вучэбнага цыклю (у 1857-м тэрмін павялічаны з 6 да 9 гадоў) кадэтаў пераводзілі ў петраградзкі Дваранскі полк для атрыманьня спэцыяльнай адукацыі. Практычна ўсе выкладчыкі былі выхадцамі з цэнтральных губерняў Расеі праваслаўнага веравызнаньня. Апроч вайсковай навукі і фізычнай падрыхтоўкі, выкладаліся закон Божы, расейская і замежныя мовы, расейская і ўсеагульная гісторыя, дакладныя навукі.
А вось для беларускага дваранства існавалі абмежаваньні: сюды не прымалі дзяцей, чые бацькі ўдзельнічалі ў паўстаньні 1830–1831 гадоў. Пасьля вызвольнага паўстаньня 1863 году гісторыя паўтарылася. У лепшым выпадку маладых курсантаў-беларусаў ад граху далей накіроўвалі ў глыб Расеі. Тым ня меней мясцовыя ўраджэнцы былі заўсёды, проста іх старанна перавыхоўвалі пад стандарты праваслаўнага трону.
У 1838 годзе кадэцкая гаспадарка ўзбуйнілася коштам былога езуіцкага касьцёлу Сьвятога Стэфана, які да 1830-га таксама належаў піярам. Ён быў пераасьвечаны ў праваслаўны храм як Мікалаеўскі сабор і надалей служыў корпуснай царквой. Падчас інспэкцыі навучальнай установы сюды двойчы наведваўся Мікалай І.
У верасьні 1914-га, з пачаткам Першай усясьветнай вайны, корпус быў эвакуаваны, у яго будынках абсталявалі вайсковы шпіталь. Па вайне ён быў адноўлены ў якасьці гімназіі вайсковага ведамства, аднак прыход да ўлады бальшавікоў паставіў на полацкіх кадэтах канчатковы крыж. У 1918-м установа была расфармаваная, а выкладчыкі і выпускнікі, многія зь якіх далучыліся да «белага руху», былі або забітыя, або зьехалі за мяжу.
Кадэты будуць крочыць маршам побач з Сафійскім саборам
Праз 100 гадоў кадэты зноў вярнуліся ў Полацак. Як і некалі, яны атрымліваюць вайсковую адукацыю па-расейску і выконваюць расейскія каманды на пляцах, застаючыся заходнім фарпостам Расеі. Але горш за ўсё, што іх хочуць засяліць туды, дзе мілітарызаваная прысутнасьць зусім не да месца, не хавае абурэньня кандыдат гістарычных навук Сяргей Тарасаў.
«Не ўяўляю, як побач з Сафійскім саборам можна заасфальтаваць пляц, дзе штодня будуць хадзіць маршам кадэты, — гаворыць ён. — Гэта першае. Па-другое, паколькі абʼект рэжымны, абавязкова ўзьнікне праблема доступу да Замчышча. Іншымі словамі, абмежаваньні для турыстаў будуць самыя непасрэдныя. Па-трэцяе, глыбіня культурных напластаваньняў там складае 5-6 мэтраў. Не выключаю, што калі будаваліся шпітальныя корпусы, ня ўсюды падмуркі дасягалі да мацерыка. То бок там яшчэ можа быць культурны пласт. І апошняе, не зусім матэрыяльнае, адчуваньне, што пэўныя сілы намагаюцца нанесьці ўдар у самае сэрца Беларусі».
Прадстаўнікі дзяржаўных органаў не камэнтуюць, адкуль раптам узялося такое значнае фінансаваньне на перабудову гістарычнай тэрыторыі пад кадэцкую вучэльню — ахвотных укладацца ў турыстычную галіну чамусьці не было. Па зьвестках Сяргея Тарасава, сродкі маглі быць выдаткаваныя па лініі так званай саюзнай дзяржавы, што цалкам уплятаецца ў ідэалёгію адраджэньня прарасейскай установы.
Разам з тым канцэпцыя разьвіцьця інфраструктуры ў раёне Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыра і Сафійскага сабору мусіла кардынальна зьмяніць гістарычны цэнтар гораду. Меркавалася стварыць зону, прывабную для турыстаў.
Згодна з Комплекснай праграмай разьвіцьця Полацка прадугледжваўся вывад мэдычных устаноў з ахоўнай зоны ў шпітальны гарадок «Ксты». Фактычна толькі гэты пункт і рэалізаваны. Бо на вызваленай тэрыторыі Верхняга замку не зьявіліся ні гатэлі, ні кавярні, ні музэі, ні галерэі. Паўтара дзясятка будынкаў шмат гадоў у занядбаным стане.
Згодна з інвэстыцыйным праектам плянавалася ўзнавіць страчаныя будынкі базыльянскага манастыра, музэефікаваць руіны храмаў і грамадзянскіх пабудоваў XII стагодзьдзя, стварыць цэнтар гісторыі і археалёгіі Полацку. А таксама аднавіць абарончыя вежы, збудаваць назіральныя пляцоўкі, пешаходны мост, гатэлі і кавярні ў сярэднявечным стылі.
Але ў выніку амбітныя пляны зьвяліся да перасяленьня ў гістарычныя будынкі кадэцкай вучэльні.
У артыкуле выкарыстаныя здымкі з сайту
Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсыстэту