Кіраўнік дзяржавы ўхваліў выдзяленьне грошай на рэалізацыю шасьці культурных праектаў, піша БелТА.
Грошы пойдуць на:
- аднаўленьне радавой сядзібы Напалеона Орды ва ўрочышчы Чырвоны Двор на Берасьцейшчыне;
- стварэньне экспазыцыі музэю беларускай маляванкі на базе музэю-запаведніка «Заслаўе»;
- кансэрвацыю касьцёла ў Амсьціславе;
- кансэрвацыю і фрагмэнтарную рэстаўрацыю замка ў Гальшанах;
- рэстаўрацыю капліцы-пахаваньня князёў Паскевічаў у Гомлі;
- рэстаўрацыю жывапісу XVIII–XIX стагодзьдзяў у Спаса-Праабражэнскай царкве ў Полацку.
У мсьціслаўскім касьцёле ўжо двойчы абвальваліся сьцены
У 268-гадовым касьцёле ў Амсьціславе ўжо двойчы абвальвалася сьцяна: у 2017 і 2019 годзе. Мясцовы жыхар Дзяніс Касьцюкевіч з 2016 году спрабаваў спыніць разбурэньне касьцёла, аднак Міністэрства культуры адказвала, што грошай няма.
Будынак касьцёла не эксплюатуецца з савецкіх часоў. На пачатку 1990-х гадоў аднавіць яго браліся рэстаўратары з Польшчы, але працаваць ім не далі.
Езуіцкі касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла заклалі ў 1637 годзе. Узводзілі яго ў стылі віленскага барока. З 1842 году тут была праваслаўная царква Cьвятога Мікалая Цудатворцы. З 1925 году храм зачынены. Пасьля Другой усясьветнай вайны ў касьцёле быў Дом культуры. Пазьней у закінутай бажніцы мясцовая грамадзянская абарона ладзіла вучэньні. Калі пачалася кансэрвацыя, будынак схавалі за банэрнай сеткай.