Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія кампаніі пастаўлялі данбаскі вугаль ва Ўкраіну. Заведзена крымінальная справа


Здабыча вугалю на шахце «Беларэчанская» пад кантролем «ЛНР»
Здабыча вугалю на шахце «Беларэчанская» пад кантролем «ЛНР»

Гэта другая крымінальная справа, адкрытая паводле фактаў пастаўкі вугалю з Данбасу ва Ўкраіне беларускімі, расейскімі і эўрапейскімі кампаніямі.

Служба бясьпекі Ўкраіны ў Чарнігаўскай вобласьці расьследуе справу аб фінансаваньні незаконных узброеных фармаваньняў на акупаванай тэрыторыі Данбасу празь незаконныя схемы паставак вугалю зь непадкантрольнай Кіеву тэрыторыі праз кампаніі Беларусі, Расеі, Польшчы, Чэхіі і Швайцарыі.

Паводле матэрыялаў справы, сёлета з 1 студзеня па 9 кастрычніка Чарнігаўская мытня аформіла 269 дэклярацыяў аб увозе данбаскага вугалю з тэрыторыі Беларусі.

Атрымальнікам грузаў была зарэгістраваная ў Кіеве кампанія «Фірма „Технова“», а адпраўнікамі — тры беларускія кампаніі ТАА «Транс-Вугаль», «ТЕРРА» (ужо перайменаваная ў «Новабітінвест» і таксама фігуруе ў матэрыялах справы) і «Экойл Кэмікл», дзьве швайцарскія — Evenor Energy SA ды Fontus AG, польская Scan Int Logistic Sp. z o.o. і чэская Effective Strategy s.r.o. Вугаль, увезены гэтымі кампаніямі, выкарыстоўваўся на Чарнігаўскай ТЭЦ.

«Фірму „Технова“», якая кантралюе чатыры найбольшыя вугальныя ЦЭЦ ва Ўкраіне (Сумскую, Чарнігаўскую, Чаркаскую і Дарніцкую ў Кіеве), ачольвае Аляксей Шчарбіна. Яго зьвязаваюць з атачэньнем папярэдняга прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі.

Гэта другая крымінальная справа паводле фактаў пастаўкі вугалю з Данбасу ва Ўкраіне беларускімі, расейскімі і эўрапейскімі кампаніямі. Першая адкрытая сёлета ў траўні ў дачыненьні да фактычных уладальнікаў і службовых асобаў кіеўскай ТАА «Мегапром».

Аб беларускім экспарце каменнага вугалю ва Ўкраіну стала вядома напачатку 2019 году, калі Белстат абнародаваў статыстыку замежнага гандлю за 2018 год. Ва ўкраінскай статыстыцы адпаведных зьвестак не было.

Як высьветлілася ў часе расьсьледаваньня Свабоды, антрацыт з Данбасу пастаўляўся празь Беларусь ня толькі ва Ўкраіну, а і ў краіны Эўразьвязу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG