Сярод пастаўнікоў анчоўсаў ва Ўкраіну Беларусь выйшла на першае месца — у студзені-траўні беларускія прадпрыемствы прадалі на ўкраінскі рынак 1238 тонаў гэтай прадукцыі на 627,1 тысячы даляраў.
Агулам за гэты пэрыяд Беларусь паставіла ва Ўкраіну тавараў і паслуг на 1,369 мільярда даляраў. Апроч Беларусі, аналягічную прадукцыю ва Ўкраіну пастаўляла толькі Гішпанія — 44 кіляграмы на адну тысячу даляраў.
Як вынікае з дадзеных, апублікаваных Дзяржаўнай службай статыстыкі Ўкраіны, анчоўсы пастаўляліся на ўкраінскі рынак пад кодам 305630000, то бок гаворка аб прадукцыі, вырабленай з марской рыбы сямейства анчоўсавых Engraulis, якую не вырошчваюць у штучных умовах. Гаворка ідзе ўжо пра гатовую прадукцыю — сушаную, адвараную ці засоленую.
Паводле ж афіцыйнай беларускай статыстыкі, Беларусь за гэты пэрыяд экспартавала ва Ўкраіну ўсяго 96 тон анчоўсаў на 59,8 тысячы даляраў і 182 кіляграмы — у Расею, на 0,3 тысячы даляраў. Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, беларускія пастаўкі анчоўсаў ва Ўкраіну павялічыліся ў 5,9 раза па колькасьці і ў 4,7 раза па кошце паставак.
У той жа час Беларусь са студзеня па травень увозіла анчоўсы ў сырым выглядзе з Расеі (2764 кіляграмаў на 4,5 тысячы даляраў) і з Італіі (31 кіляграм на 0,2 тысячы даляраў).
Аднак найбольш экзатычны асартымэнт зь Беларусі пастаўляецца ў Расею. У пераліку беларускай прадукцыі фігуруюць крэвэткі, мідыі, васьміногі, розныя пароды чырвонай рыбы, а таксама лімоны, бананы, ананасы, арэхі (бразыльскія, кеш’ю і міндаль). Любая перапрацоўка імпартаванай сыравіны робіць выніковую прадукцыю «айчыннай», тлумачаць у галіновых ведамствах.